Я выкарыстоўваю гэты тэрмін, пазначаючы той факт, што гарызонт магчымых дэмакратычных пераменаў у Беларусі знаходзіцца дзесьці за 2030-м, а, магчыма, і 2035 годам. Цыкл жа 2020-га завершаны. Мы глядзім «кадры пасля цітраў».
Унутры Беларусі адсутнічаюць умовы для якой-небудзь публічнай грамадзянскай актыўнасці і, адначасова, вельмі вузкі пласт усвядомленых грамадзян, гатовых чымсьці рызыкаваць дзеля будучыні. Падкрэслю: з жаданнем жыць у нармальнай, сучаснай, адэкватнай XXI стагоддзю еўрапейскай краіне ўсё ў парадку. Жаданне гэтае не стала менш і 3 млн тых, хто прагаласаваў за перамены ў 2020-м, нікуды не дзеліся, яны не палюбілі ўладу. Гаворка ідзе менавіта пра магчымасць актыўнага супраціву ўнутры, а ён на нулі.
Няма ніякіх знешніх падзей, якія прагназуюцца, і нават «чорных лебедзяў», здольных «перавярнуць стол».
Заканчэнне вайны нічога не мяняе ў Беларусі. І перамога Украіны (чаго я ўсёй душой жадаю) таксама нічога не мяняе ў Беларусі. На сённяшні дзень мяркуецца, што вайна «спыніцца». Гэта значыць, не будзе разгрому – ні ўваходжання расейскіх войскаў у Кіеў, ні ўкраінскіх у Маскву. Будзе «заканчэнне» на нейкай з «ліній судакранання», у ідэале – на межах 1991 года (магчыма, з нявызначаным статусам Крыму). Але на перамовы пра перамір'е Беларусь не паклічуць – ні дэмакратычныя сілы, ні Лукашэнка – і краіна застанецца ў зоне ўплыву Крамля.
Полк Каліноўскага не ўвойдзе ў Беларусь. Калі ў пачатку вайны гэта быў цалкам працоўны сцэнар, то пасля ўцёкаў войска РФ з-пад Кіева і вызвалення Харкаўскай вобласці няўзброеным поглядам відаць і нежаданне Кіева правакаваць Менск, і нежаданне Менска даваць падставу для такой атакі. І таму ніякія войскі Украіны (а ПКК адносіцца менавіта да іх) не ўвойдуць у Пінск або Калінкавічы. Як і не будзе сфармавана ніякіх іншых баявых груп на тэрыторыі якой-небудзь іншай еўрапейскай краіны. Гэта толькі страшылкі, якімі Церцель палохае Лукашэнку, выбіваючы сабе зорачкі і бюджэты, не больш.
Санкцыі не прывядуць да эканамічнага калапсу. Здаецца, гэты тэзіс ужо не патрабуе доказаў. Яны выконваюць толькі функцыю чырвоных картак, якія выпісваюць за канкрэтныя парушэнні.
Уведзеныя санкцыі тармозяць эканоміку і ў Беларусі на гарызонце стагнацыя (як і ў Расеі), але чакаць на сцэнары пачатку 1990-х цалкам немагчыма, і ўжо, тым больш, на якія-небудзь народныя хваляванні, выкліканыя недахопам варанай каўбасы ў «Еўраопце».
Смерць Лукашэнкі таксама не вядзе да дэмакратычных пераменаў. У сённяшняй сітуацыі, пасля такой «трагічнай» падзеі можна дастаткова ўпэўнена прадказваць наступнага «тэхнічнага прэзідэнта» Беларусі, цалкам падпарадкаванага Крамлю. Тут, вядома, ёсць поле для спрэчак, але калі высілкам думкі прыбраць з поля постаць АГЛ, то месца, якое вызваліцца, будзе занятае тым, каму падпарадкуюцца МУС, КДБ і армія. І дэмакратычныя лідары на гэтую ролю не праглядаюцца.
Смерць Пуціна, як асобная падзея (значна менш верагодная, чым папярэдняя, вядома, але нечаканую «сустрэчу з табакеркай» ніхто не адмяняў), таксама не вядзе да хуткіх пераменаў у Беларусі. Можна прадказваць пасля яе смуту ў Крамлі, барацьбу за трон паміж «патрыётамі» і «ўльтрапатрыётамі», эпічную сутычку ... з ... (тут устаўце любое прозвішча з «дзяржаўнікаў»), але гэта можа прывесці толькі да паслаблення ўвагі ў бок Менску і толькі.
Што я забыўся? Якую з «прадказальных падзеяў» не прыняў да ўвагі?
Можна, вядома, паспрабаваць выйсці за рамкі. Тым больш, што калі апошнія чатыры гады чаму і навучылі, так менавіта немагчымасці што-небудзь прадказаць пэўна. Можна паразважаць і на тэму сцэнарыяў прымянення тактычнага ядравага ўдару, і выпадковай адначасовай смерці двух старцаў, і чагосьці яшчэ, з падобнай жа мінімальнай ступенню верагоднасці. Але будаваць уласныя дзеянні на такіх зыбкіх падставах цалкам немагчыма.
Пасля 2020-га мы апынуліся ў гістарычным ШІЗА – чымсьці правініліся, не дарабіўшы сваю рэвалюцыю, і цяпер вымушаныя адсядзець нейкі перыяд у штрафных умовах.
Наступнае акно магчымасцяў для дэмакратызацыі Беларусі пакуль нават не на гарызонце. Шлях будзе доўгім.
Аляксандр Кныровіч / ІР, «Белсат»
Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара