навіны

Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 28 чэрвеня

Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: flagstock.info)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: flagstock.info)
podpis źródła zdjęcia

«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны

«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі на вечар 28 чэрвеня чытайце ў нашым аглядзе.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: flagstock.info)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: flagstock.info)
Паводле звестак Генеральнага штабу ЗСУ, з моманту поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну страты расейскага войска дасягнулі 35 250 чалавек забітымі.
Цягам апошніх содняў ва ўсходняй зоне аперацыі расейцы не спынялі наступальных дзеянняў з мэтай усталяваць поўны кантроль над тэрыторыямі Данецкай і Луганскай вобласцяў.
На славянскім напрамку захопнікі наступалі ў бок паселішчаў Даўгенькае – Даліна, але атакі былі адбітыя ўкраінскімі абаронцамі. Таксама расейцы працягвалі ствараць умовы для наступу на лініі Ізюм – Славянск. На лісічанскім напрамку расейцы працягваюць штурмавыя дзеянні ў бок Ваўчаяраўкі – паўднёвых аколіцаў Лісічанскага НПЗ. Разам з тым праціўнік па-ранейшаму намагаецца ўзяць пад кантроль трасу Бахмут – Лісічанск, таксама войскі РФ правялі разведку боем у напрамку паселішчаў Мікалаеўка – Спірнае, але ЗСУ вымусілі ворага адступіць на старыя пазіцыі.
Знішчаны авіяўдарамі шматкватэрны дом. Украіна, чэрвень 2022 года. (Фота: Алесь Усцінаў / Белсат)
Знішчаны авіяўдарамі шматкватэрны дом. Украіна, чэрвень 2022 года. (Фота: Алесь Усцінаў / Белсат)
На бахмуцкім напрамку штурмавыя дзеянні акупантаў вядуцца ў бок Мыронаўкі – Вуглягорскай ТЭС. На іншых участках лініі сутыкнення на Данбасе расейцы ў асноўным абмяжоўваліся выведнымі дзеяннямі, а таксама нанясеннем авіяцыйных і артылерыйскіх удараў па ўкраінскіх пазіцыях.
За межамі Усходняй зоны аперацыі войскі РФ спрабавалі наступаць на харкаўскім напрамку – штурмавалі ўкраінскія тэрыторыі ў бок лініі Даўгалаўка – Залыман, але іхныя атакі былі адбітыя. Разам з тым на іншых участках лініі сутыкнення на Харкаўшчыне расейцы трымалі абарону, каб не дапусціць прарыву ЗСУ да дзяржаўнай мяжы.
На паўднёвабужскім напрамку акупанты не атакавалі і стараліся ўтрымаць ужо занятыя пазіцыі, каб не дапусціць контрнаступальных дзеянняў украінскіх сілаў у Харкаўскай і Мікалаеўскай вобласцях. На валынскім і палескім напрамках сітуацыя спакойная, але адзначаецца, што побач з украінскаю мяжой Узброеныя сілы Беларусі праводзяць планавае навучанне.
Брыфінг у Мінабароны РБ. Крыніца: mil.by
Брыфінг у Мінабароны РБ. Крыніца: mil.by
Разам з тым украінскі генерал Сяргей Крыванос заявіў, што ёсць дастаткова вялікая пагроза паўторнага выкарыстання тэрыторыі Беларусі для нападу на Украіну. Прычым гэта можа быць як напад расейскіх войскаў, так і ўключэнне ў гэтую агрэсію Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым Крыванос адзначыў, што расейскія ўлады «цяпер узмоцнена «апрацоўваюць» кіраўніцтва рэжыму ў Беларусі, а таксама «дастаткова жорстка кантралююць настроі ў беларускім войску».
На думку генерала, войскі Беларусі могуць пачаць наступ беспасярэдне на валынскім і ровенскім кірунках. Але дастаткова вялікая колькасць вайскоўцаў Беларусі не вельмі жадае браць удзелу ў гэтай агрэсіі.
Апошнія содні вайны ва Украіне не сталі выключэннем у плане атак Узброеных сілаў Расейскай Федэрацыі па мірных аб’ектах на тэрыторыі краіны. Пад вечар 27 чэрвеня расейскія войскі нанеслі ракетны ўдар па гандлёвым цэнтры «Амстор» у Краменчугу, што ў Палтаўскай вобласці Украіны. Загінулі не менш за 25 чалавек, 18 з якіх ужо апазнаныя, яшчэ дзясяткі чалавек пакуль лічацца зніклымі без вестак. Адзначаюць, што ў момант атакі ў гандлёвым цэнтры маглі быць да 1000 чалавек.
Краіны Вялікай сямёркі. (Фота: depositphotos.com)
Краіны Вялікай сямёркі. (Фота: depositphotos.com)
Лідары краінаў «Вялікай сямёркі» асудзілі атаку і нагадалі, што ўдары без разбору па мірным насельніцтве – гэта ваеннае злачынства, за якое будуць несці адказнасць Уладзімір Пуцін і астатнія датычныя. Украіне паабяцалі далейшую фінансавую, гуманітарную і вайсковую дапамогу «гэтак доўга, як будзе трэба».
Атаку назваў «абсалютна непрымальнаю» афіцыйны прадстаўнік Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў Стэфан Дзюжарык. У сувязі з атакай увечары 28 чэрвеня адбудзецца паседжанне Рады Бяспекі ААН.
Пры гэтым у Міністэрстве абароны Расеі толькі амаль праз содні прызналі, што нанеслі ракетны ўдар па Краменчугу. Паводле расейскай версіі, ударылі па ваенным аб’екце – ангарах з амерыканскім ды еўрапейскім узбраеннем і боепрыпасамі побач з гандлёвым цэнтрам. Расейскае Мінабароны сцвярджае, што ў выніку заняўся пажар, які перакінуўся на гандлёвы цэнтр. Пра ахвяраў сярод мірных жыхароў расейскі бок не паведаміў, але заявіў, што ў момант атакі гандлёвы цэнтр не функцыянаваў.
Аляксей Скобля. (Фота: Yan Melnikau / Facebook)
Аляксей Скобля. (Фота: Yan Melnikau / Facebook)
Ва ўкраінскім горадзе Хмяльніцкі ў межах дэрусіфікацыі пастанавілі пераназваць вуліцу і завулак Аляксандра Пушкіна ў гонар беларуса Аляксея Скоблі, які загінуў у баях за Украіну. Беларускі баец з пазыўным Тур гераічна загінуў у бітвах каля Бучы ды Ірпіня, ён коштам свайго жыцця дапамог уратаваць групу ўкраінскіх вайскоўцаў. Пазней рашэннем Уладзіміра Зяленскага Туру надалі званне Героя Украіны.
ВК belsat.eu
больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10