навіны

Увесці 100%-ыя мыты на замежныя фільмы і адкрыць турму Элкатраз: новыя ідэі Трампа

Від на Галівуд
Від на Галівуд. Фота: AaronP / Bauer-Griffin / GC Images
podpis źródła zdjęcia

Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп загадаў Міністэрству гандлю і Гандлёваму прадстаўніцтву краіны распачаць працэдуру ўвядзення 100%-х мытаў на ўсе фільмы, знятыя за межамі ЗША. Пра гэта амерыканскі лідар паведаміў 5 траўня ў сваёй сацсетцы TruthSocial.

Трамп абвінаваціў іншыя краіны ў «скаардынаваных дзеях», скіраваных супраць амерыканскай кінаіндустрыі. Паводле словаў прэзідэнта, замежныя ўрады рознымі стымуламі прыцягваюць амерыканскіх кінавытворцаў, пераманьваюць да сябе кінастудыі, чым пагражаюць унутранай эканоміцы і нацыянальнай бяспецы ЗША і ствараюць «інфармацыйна-прапагандысцкую пагрозу».

,,

«Галівуд і многія іншыя рэгіёны ЗША спусташаюцца. Гэта скаардынаваныя дзеі іншых краінаў, і таму гэта пагроза нацыянальнай бяспецы. <…>. Амерыканская кінаіндустрыя пры смерці праз дзеі іншых краінаў, якія наўмысна падрываюць яе пазіцыі. Мы зноў хочам, каб кіно здымалі ў Амерыцы», – напісаў Трамп.


Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп трымае падпісаны выканаўчы ўказ пасля выступу з заўвагамі аб узаемных тарыфах падчас мерапрыемства пад назвай «Зрабі Амерыку зноў багатай» у Белым доме ў Вашынгтоне, ЗША. 2 красавіка 2025 года. Фота: Saul Loeb / AFP / East News
Як перакуліць свет за 100 дзён. Што нарабіў Доналд Трамп і да чаго варта рыхтавацца? Аналітыка

Імпарт замежнай кінапрадукцыі зніжае эканамічную актыўнасць і ўплывае на «мазгі і сэрцы амерыканцаў», перакананы кіраўнік краіны.


Трамп загадаў Міністэрству гандлю і Гандлёваму прадстаўніцтву ЗША неадкладна распачаць працэс увядзення 100%-х мытаў на ўсе замежныя фільмы.


Раней ён увёў 145%-ыя мыты на ўсе тавары з Кітаю. Кітай адказаў 125%-мі мытамі на амерыканскія тавары, а таксама скараціў колькасць амерыканскіх фільмаў у сваім пракаце.


Прэзідэнт ЗША таксама абяцаў высокія мыты супраць іншых краінаў, у прыватнасці, Еўразвязу, аднак адклаў гэтую ідэю да ліпеня, пакінуўшы 10%-ыя мыты.


У яшчэ адным пасце ў TrusthSocial Трамп прапанаваў аднавіць, істотна павялічыць і зноў адкрыць турму на выспе Элкатраз у бухце Сан-Францыска, што не функцыянуе ўжо больш за 60 гадоў і выкарыстоўваецца як турыстычная атракцыя. Адпаведны загад прэзідэнт даў Бюро турмаў, Міністэрству юстыцыі, ФБР і Міністэрству ўнутранай бяспекі.


Трамп хоча, каб у гэтай турме ўтрымліваліся самыя небяспечныя злачынцы і каб яна зрабілася «сімвалам закону, парадку і правасуддзя». У адзін шэраг са злачынцамі, якіх нібыта трэба закрыць у Элкатразе, прэзідэнт ЗША згадвае суддзяў, якія «баяцца рабіць сваю працу і дазволіць пазбавіцца ад злачынцаў, якія прыбылі ў краіну нелегальна».

,,

«Занадта доўга Амерыка пакутавала ад жорсткіх гвалтаўнікоў і рэцыдывістаў, адкідаў грамадства, якія ніколі не прынясуць нічога, акрамя пакутаў і няшчасцяў. Калі мы былі больш сур'ёзнай нацыяй, у мінулыя часы, мы не вагаліся саджаць самых небяспечных злачынцаў і трымаць іх далей ад тых, каму яны маглі б нашкодзіць. Так і мусіць быць. Мы больш не будзем цярпець гэтых серыйных злачынцаў, якія распаўсюджваюць бруд, кровапраліцце і хаос на нашых вуліцах. <…>. Мы больш не будзем закладнікамі злачынцаў, бандытаў і суддзяў, якія баяцца выконваць сваю працу і дазволіць нам выселіць злачынцаў, якія незаконна прыбылі ў нашую краіну», – напісаў Трамп.


Элкатраз быў пабудаваныя як марскі форт. Турму там размясцілі ў пачатку ХХ стагоддзя. Яе закрылі праз вельмі высокія выдаткі на ўтрыманне.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10