Паліцыя Варшавы ўначы ў нядзелю, 4 траўня, затрымала кіроўцу «BMW», які спрабаваў уцячы ад пагоні і ўрэшце ўчыніў ДТЗ. Ім аказаўся 37-гадовы беларус, паведамляе выданне «Miejski Reporter».
Паліцыя хацела спыніць «BMW» для шараговага кантролю. Кіроўца аднак не падпарадкаваўся патрабаванням паліцыі, ігнараваў гукавыя і светлавыя сігналы, замест таго каб спыніцца, наадварот, павялічваў хуткасць руху. Паліцыянты былі вымушаныя распачаць пагоню.
Далёка кіроўца «BMW» не ўцёк – уехаў у бетонную лаўку. Тады мужчына кінуў аўтамабіль і паспрабаваў уцячы. Парушальніка затрымалі праз некалькі сотняў метраў, на плошчы Варшаўскіх Паўстанцаў. Праваахоўнікам давялося ўжыць спецсродкі.
Кіроўцам аказаўся 37-гадовы грамадзянін Беларусі без правоў на кіраванне транспартавым сродкам. Акрамя таго, мужчына быў у адурманеным стане, а ў ягоным аўтамабілі паліцыянты знайшлі наркотыкі.
Марыя Міхалевіч belsat.eu