Шуфлядка

Не толькі «Канклаў»: што паглядзець пра выбары Папы Рымскага

Кардыналы даюць клятву на канклаве
Кардыналы даюць клятву не выдаваць таго, што адбываецца на канклаве. 12 сакавіка 2013 года, Сікстынская капэла, Ватыкан. Фота: MAURIX / Gamma-Rapho via Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Ужо праз некалькі дзён, 7 мая, 133 кардыналы з правам голасу збяруцца на канклаў. Ахутаная таямніцаю і напоўненая сімволікаю цырымонія абрання Папы Рымскага найбліжэйшыя дні будзе адной з галоўных тэмаў у навінах. Як праходзяць галасаванні, каго могуць выбраць, якія ёсць групы, партыі і фракцыі – чакайце мноства спекуляцыяў і інфашуму, бо загадзя не вядомыя ані кандыдаты, ані той, хто будзе абраны. Але, калі вам хочацца ўявіць атмасферу канклаву – рэпрэзентуем топ фільмаў, у якіх паказваецца абранне Папы Рымскага.

Папа рускі

«За межамі невялікага ватыканскага анклаву ў свеце пануе кліматычны крызіс. Магчыма, неўзабаве нас уцягнуць у атамную вайну. Але людзей у Ватыкане цікавіць толькі адно пытанне: «Хто абуе чаравікі Рыбака? Хто будзе аберагаць і несці пасланне Хрыста?»

Гэтыя словы сказаныя не пра канклаў-2025, гэта фрагмент рэпартажу з фільму «Чаравікі рыбака», знятага ў 1968 годзе, нечакана багатага на доўгія музычныя ўстаўкі пры статычнай застаўцы, які мае рэйтынг 6,6/10 на платформе «Кинопоиск» і 7/10 на IMDb. Гэты фільм настолькі насычаны забаўнымі дэталямі, што цяжка не пераказаць усіх цікавых момантаў.

Паводле сюжэту, былы следчы КДБ, які стаўся генеральным сакратаром ЦК КПСС, Пётр Ільіч Каменеў пастанаўляе вызваліць аднаго палітвязня. І вось мы бачым, як на катарзе дзесьці на поўначы ў гучнагаварыцель выклікаюць «палітычнага зняволенага Кірыла Лакоту». Савецкі Саюз заўсёды адмаўляў наяўнасць палітвязняў, так што гэта кіналяп, і не апошні, – бачна, што скрозь ільды Лакоту дастаўляюць у Маскву на караблі «Karhu» пад фінскім сцягам.

Сустрэўшыся ў Крамлі, Каменеў і Лакота павольна папіваюць маленькімі глыткамі чарку гарэлкі і генеральны сакратар кажа: «Я разабраў цябе на часткі, як гадзіннік, і зноў сабраў у адно цэлае». Аказваецца, Лакота – арцыбіскуп, ды яшчэ грэцка-каталіцкі. Каменеў пастанавіў вызваліць яго і адправіць на захад, маючы свае планы. Рэйсам «Scandinavian» экс-палітвязень арцыбіскуп прылятае ў Рым у суправаджэнні французскага святара, якога яму даслалі для кампаніі. Сюжэт абцяжарваецца тым, што святар гэты пад царкоўным разбіраннем – ягоныя працы ў антрапалогіі падазраюць у ерасі, а яго самога ў бязбожнасці (і хіба паслаў бы хто ў здаровым розуме з няпростай місіяй у атэістычную краіну менавіта такога чалавека?).


Далей мы бачым паркоўку на плошчы Святога Пятра і як арцыбіскуп Лакота ідзе ватыканскімі калідорамі на аўдыенцыю да Папы Рымскага. На аўдыенцыі Папа Пій XIII (мы даведаемся ягонае імя дзякуючы сцэне разбівання пярсцёнка рыбака) пераадольвае супраціў Лакоты і надзявае яму на галаву кардынальскую шапачку, хоць у Каталіцкай Царкве кардыналаў заўсёды прызначаюць не прыватна, а публічна і ўрачыста, пагатоў у дарэформенныя 1960-е.

Таксама Папа паведамляе Лакоце ягоную тытулярную царкву – храм св. Афанасія. Вам гэта здаецца лішняй дэталлю? А вось і не.

,,

Вяртанне з савецкіх лагераў грэцка-каталіцкага арцыбіскупа і прызначэнне яго кардыналам, ды яшчэ ў дадатак з рымскай царквой св. Афанасія – гэта рэальная гісторыя 1960-х. Тым прэлатам быў кардынал Іосіф Сліпы, але ён, у адрозненне ад Кірыла Лакоты, насіў акладзістую бараду і кардыналам стаўся публічна. Дарэчы, Лакота – гэта прозвішча рэальнага грэцка-каталіцкага біскупа, але таго звалі Рыгор і ён загінуў у лагеры ў Комі.


Мы бачым Царкву з чалавечым тварам: высокапастаўленыя кардыналы – вернікі, даволі простыя, і спакойна могуць дапамагчы рабочым, якія будуюць для іх часовыя келлі. Паказаныя вельмі сціплыя ўмовы жыцця ўдзельнікаў канклаву, затым сама працяглая працэдура галасавання, цяжкасць выбару, абмеркаванні ў перапынках, а таксама забытая традыцыя балдахінаў над крэсламі ў Сікстынскай капэле.

Новы Папа абірае незвычайнае імя, носіць небывалага крою ўбранні і нават цёмны касцюм з гальштукам, збягае ў горад, ідзе на даручэнне лекара ў аптэку, спявае іўдзейскую памінальную малітву, спрабуе пакончыць з голадам праз сустрэчы з лідарамі КНР і СССР... Левыя ідэі, раптам абраны рэвалюцыйны Папа, бедная Царква для бедных людзей, пагадненне з уладамі КНР – зноў думаеш: гэта дух 1960-х ці сярэдзіны 2010-х?

Як бы там ні было, з Піем XIII і абраннем акламацыяй (гэты спосаб абрання не выкарыстоўваўся некалькі стагоддзяў і адменены ў 1990-х) мы яшчэ сустрэнемся. А чаравікі зрабіліся часткаю рэальнай гісторыі: пасля смерці Яна Паўла II ягоны сакратар арцыбіскуп Станіслаў Дзівіш заўважыў, што польскі Папа пакінуў пасля сябе занадта вялікі абутак – ён меў на ўвазе не толькі 44,5 памер, але і спадчыну. А пасля абрання Францішка многія вернікі былі абураныя тым, што новы Папа прынцыпова памяняў сваіх артапедычных чорных чаравікаў на элегантныя папскія туфлі. Рыбак жа ў назве што фільму, што папскага пярсцёнка – гэта апостал Пётр, першы Папа і біскуп Рыму.


Лагічны фінал, які ў рэальным жыцці шмат каго здзівіў

Гэты фільм павінен быў выйсці пасля Вялікадня, але перашкодзіла смерць прататыпа галоўнага героя, і паказ адбыўся ў першы дзень канклаву. Рамантызаваная біяграфія Караля Вайтылы – Яна Паўла II – пад назваю «Караль. Чалавек, які стаў Папам» зрабілася даволі папулярным сярод вернікаў фільмам і на «Кинопоиске» мае рэйтынг 8,2/10, а на IMDb – 7/10.


Фільм ахоплівае 1939–1978 гады, паказвае пастанову асірацелага Караля паступіць у падпольную семінарыю ў гады акупацыі, ягонае святарскае служэнне, у тым ліку з моладдзю, выкладанне ва ўніверсітэце, затым служэнне ў сане біскупа... ажно да з'яўлення Рыму і свету ў статусе Папы Рымскага. Паказаная не толькі ягоная асабістая гісторыя, але і рэаліі камуністычнае Польшчы. А звычка антаганіста з польскай дзяржбяспекі круціць у пальцах кулю ў фінале становіцца прароцкім намёкам на замах 1981 года.

Нягледзячы на тое, што ў 1978 годзе было два канклавы – у жніўні і кастрычніку, фільм паказвае толькі апошні. Кардынал Вайтыла не чакае абрання, хоць паводле сюжэту фільму гэта выглядае лагічна. Яго ўгаворваюць, потым ён згаджаецца, надзявае белую сутану і выходзіць павітаць народ, а тым часам уся Польшча лікуе.

Хоць фінал – дакументальныя кадры, а сам працэс абрання Папы Рымскага адлюстраваны даволі дакладна, фільм ідэалізуе і згладжвае рэаліі канклаву, у тым ліку менавіта таго.


Жылі раней, выйшлі пазней

Дарэчы, пра папярэднікаў Яна Паўла II таксама знятыя фільмы, і таксама вельмі кампліментарныя. Але калі «Караль» абмінае тэму царкоўнай палітыкі, не паказваючы нават канкурэнцыі ў Сікстынскай капэле, дык у двухсерыйным «Папа Лучані. Усмешка Бога» (зняты ў 2006 годзе, 7,8/10 на IMDb) канклаў паказаны падрабязней. Праўда, на жаль, не вельмі аб'ектыўна – фаварыт некалькіх канклаваў Джузэпэ Сіры чамусьці зроблены адзіным незадаволеным пасля абрання Яна Паўла I (як мінімум узнікае пытанне, чаму задаволеныя амаль 2/3, якія падтрымлівалі Сіры). Гэтага Папу паказалі і ў «Хросным бацьку-3» (1990 год, 7,6/10 на IMDb) – пад іншым свецкі імем і крыху спекулятыўна; ёсць там і канклаў, але кароткім эпізодам.

Таксама двухсерыйны «Павал VI. Папа бурных часоў» (2008 год, 7,6/10 на IMDb) у гэтым плане прытрымліваецца лініі «Караля», не паказваючы развілак на канклаве 1963 года.

Выняткі ў гэтым спісе – два фільмы пра Яна XXIII, што выйшлі раней за «Караля»: «Папа Джавані: Ян XXIII» (перакладаюць таксама як «Ян XXIII – Папа міру», 2002 год, 7,4/10 на IMDb) і «Добры Папа» (2003 год, 6,9/10 на IMDb). Як і ў экранізацыі біяграфіі Яна Паўла I, у сцэнах канклаву ў першым з гэтых фільмаў кансерватар (Альфрэда Атавіяні) паказаны ўладалюбам, што імкнецца да тыяры. Таксама там дзіўныя памылкі ва ўбраннях, затое добра паказаныя інтрыгі між рознымі групамі кардыналаў. У другім жа фільме канклаў застаецца за кадрам, у адрозненне ад перадканклаўнай сустрэчы кардыналаў з абмеркаваннем кандыдатуры будучага Яна XXIII.

Ёсць фільм і пра Пія XII – «Пад небам Рыму», але ён закранае толькі ваенныя гады і дапамогу Папы габрэям. Фільм выйшаў у 2010 годзе, а яго рэйтынг на IMDb – усяго 6,5/10. Імаверна, гэта звязана з распаўсюджанасцю міфу аб пранямецкіх перакананнях і маўчанні Пія XII (у рэальнасці ўсё было інакш, і фільм нядрэнна гэта адлюстроўвае).


Мноства ляпаў, затое дынамічны сюжэт

Калі вам захочацца дадаць у канклаў драйву, злачынстваў і таямніцаў – што ж, Дэн Браўн, Рон Гаўард і Том Гэнкс спяшаюцца на дапамогу! Падчас праглядзе фільму «Анёлы і дэманы» (2009 год) знаўцы набіваюць сінякі фэйспалмам (хоць і радзей, чым падчас чытання раману), але, як той казаў, любім мы яго не за гэта.

Пачнём з дзівацтваў. Па-першае, Папу там завуць Піем XVI (мы зноў гэта бачым толькі на пярсцёнку), але, нягледзячы на гэтае асацыяванае з кансерватызмам імя, Папа гэты названы прагрэсіўным. Далей невядома навошта прыдуманыя нейкія фаварыты канклаву, з якіх і робяць выбар, а кіраўнічы працэдураю галасавання кардынал чамусьці пазбаўлены права быць абраным. У рэальнасці няма ні абмежаванняў, ні спісу фаварытаў. Адзін з галоўных герояў – просты святар, сакратар нябожчыка Папы, але ён чамусьці называецца камерарыем. Меўся на ўвазе камерленга, аднак гэты пост заўсёды займае кардынал.

Паводле сюжэту, чацвёра фаварытаў выкрадзеныя і гінуць страшнай смерцю ў людных месцах, а Ватыкану пагражае небяспека, таму камерарый урываецца на канклаў, выганяючы ашаломленых кардыналаў на плошчу Святога Пятра. Ён здолеў усіх выратаваць, пабегаўшы лабірынтамі катакомбаў пад саборам і падняўшыся ў неба на верталёце, пасля чаго захопленыя кардыналы абіраюць яго акламацыяй, гэта значыць, адзін за адным прамаўляюць ягонае імя. Але тут у працу канклаву ўмешваецца цэлы інтэрнацыянал – амерыканскі прафесар, італьянскі навуковец-фізік і швейцарскія гвардзейцы.

Фінал раману адрозніваецца ад фільму, але ў фільме ён, бадай, нават лепшы. Трошкі бандыяны-лайт і мноства памылак, затое зорны склад, дынамічнае развіццё і саўндтрэкі (Ганс Цымэр!) на вышыні. А яшчэ адсутнасць затораў у Рыме – сапраўдны цуд! На платформе «Кинопоиск» – 7,5/10, на IMDb – 6,7/10.


Прароцкі фінал?

Фільм 2011 года «Habemus Papam» («Мы маем Папу», таксама 6,7/10 на IMDb і «Кинопоиске») шмат каму спачатку здаваўся камедыйным, а потым – прароцкім. Але не будзем спойлерыць.

Абранне Папам француза, ягоныя перажыванні з гэтай нагоды, поўная паслухмянасць даволі мілых кардыналаў, уцёкі з Ватыкану, прэс-сакратар паляк, псіхалогія і тэатр – гэты фільм добры сам па сабе. Пагатоў што душэўны стан новага Папы і агульная сітуацыя можа навесці нас на шэраг пытанняў. Гэта своеасаблівая інфармацыя да роздуму (як пазней «Малады Папа»).


Аднак, у першую чаргу нас цікавіць канклаў. Ён паказаны падрабязна і вельмі дакладна. Але будзьце ўважлівыя з расейскім перакладам! Замест разнамоўнага (у тым ліку расейскага або царкоўнаславянскага) «Толькі не я, Госпадзе. Толькі не мяне» малітва кардыналаў у момант галасавання перакладзеная як «Абяры мяне, Госпадзе» – цалкам наадварот! Незразумела, навошта перакладчыкі павярнулі жаданні кардыналаў на 180 градусаў. Мабыць, ім было незразумела, як найвышэйшыя царкоўныя іерархі могуць не хацець зрабіцца намеснікам Хрыста на зямлі.


Два серыялы

Напэўна, гэтых серыялаў не павінна было б быць у нашым спісе: у першым канклаў за кадрам, у другім – паказаны эпізодам толькі адзін з трох... Але без іх немагчыма абысціся. І не столькі праз Джуда Ло, колькі праз кардынала Вайеллё. Вядома, гэта «Малады Папа» (2016 год, 8,3/10 на IMDb і 8,2 на «Кинопоиске») і «Новы Папа» (2020 год, 8/10 на IMDb і «Кинопоиске»). Самыя палітычныя з усіх фільмаў, што мы пералічылі. Маляўнічыя, поўныя памылак і інтрыгаў.

Спачатку мы бачым Царкву ў новым для яе стане – Папам абраны малады амерыканскі кардынал, але амаль ніхто за межамі Ватыкану не ведае, як ён выглядае. Мы бачым ягоную прагрэсіўную прамову, ад якой кардыналы губляюць прытомнасць – а затым ён прачынаецца ў халодным поце. І, вядома, ён кансерватыўны, нездарма прыняў імя Пій XIII. Папа не дазваляе сябе фатаграфаваць і нават першую прамову прамаўляе ў цемры, штонядзельныя прамовы і блаславенні з акна кабінету здзяйсняе спінаю да людзей, а пры паездках надзявае шчыльную вуаль.

У «Маладым Папе» мы бачым прынцыпова іншую Царкву, чым тую, да якой прызвычаіліся ў рэальным жыцці – гэта Царква з Папам, але без Папы, ягонае жыццё не вызначае жыцця Царквы і не становіцца ёю. І мы бачым не канклаў, а ягоныя наступствы. Як рэальныя кардыналы пасля канклаву-2013 казалі «Мы не ведалі, што робім», так і ў серыяле ўяўленні пра абранага сабрата аказаліся далёкімі ад рэальнасці, у якой ён бязлітасны да іх – здымае з пасады, прыніжае, адпраўляе на Аляску. Эгаістычны Папа, у якога, аднак, ёсць свае слабасці і прыхільнасці, выйшаў у выніку змовы ў надзеі кіраваць ім, маладым і неспрактыкаваным. Інтрыгі дзяржсакратара (хітрага футбольнага фаната, але пры гэтым па-свойму абаяльны і не гіблы), расчараванне аднаго са старэйшых кардыналаў – выбралі не яго, грахі іншага маладога кардынала... У гэтым серыяле шмат царкоўнай палітыкі, гэта сапраўдны «Картачны домік» пра Ватыкан. Пры гэтым «Малады Папа» вельмі яскравы і таксама прымушае над чым задумацца.

У «Новым Папе» мы нарэшце бачым канклаў. Стандартная для яго гісторыя – два фаварыты па сутнасці заблакавалі абранне адзін аднаго і сышліся на кампрамісным кандыдаце. І пралічыліся. З'едлівая пародыя на Францішка, новы Папа (каб ніхто не засумняваўся ў мішэні сатыры, яго завуць Францішак II) пазбаўляе кардыналаў маёмасці і пасадаў, любіць увагу медыяў і замыкае развязанне ўсіх пытанняў – асабліва фінансавых – на сабе. І неўзабаве памірае.

Зноў збіраецца канклаў, і яго выбар нестандартны. Кардыналы загадзя сышліся на кампраміснай постаці, аднак у Яна Паўла III шмат дзівацтваў, ён у пастаяннай меланхоліі. Акрамя таго, калі Пій XIII выходзіць з комы, аказваецца, што ён не перастаў быць Папам, тады як сапраўдныя пантыфікі падпісваюць адрачэнне на выпадак недзеяздольнасці, і, калі нават потым прыйдуць у норму, ужо не будуць Папам. У канцы мы даведаемся вынікі трэцяга канклаву, але самога Папу не бачым.


І, нарэшце, апошні

Калі ж казаць пра нашумелы нядаўні фільм «Канклаў» (7,4/10 на IMDb і 7,3 на «Кинопоиске»), дык ён, вядома, ад рэальнасці шмат у чым далёкі.

Умерана ліберальны біскуп Робэрт Бэран выказаўся пра «Канклаў» як пра царкву «паводле версіі "The New York Times"»: «Іерархія Царквы [паказаная як] рассаднік амбіцыяў, карупцыі і адчайнага эгаізму. Кансерватары – ксенафобныя экстрэмісты, а лібералы – самаўлюбёныя інтрыганы. Адзіны шлях наперад – гэта прыняцце прагрэсіўных модных слоўцаў пра разнастайнасць, інклюзіўнасць, абыякавасць да дактрыны, а канчатковае развязанне – кардынал, які дэманструе дабрачыннасць, які прыме папскае імя Інакенцій і будзе біялагічнай жанчынаю. Паколькі фільм адпавядае практычна ўсім крытэрыям woke, я ўпэўнены, што ён атрымае мноства ўзнагародаў, але мая парада – бяжыце ад яго як мага хутчэй».


Персанажы гэтага фільму сапраўды амаль карыкатурна прэзентуюць розныя пазіцыі ўнутры Царквы. І сюжэт не адпавядае рэчаіснасці, так проста немагчыма: кардынал in pectore не можа браць удзелу ў канклаве і не ёсць кардыналам, калі папярэдні пантыфік не абвясціў ягонага імя. А калі ў Папы жаночыя храмасомы і ён па сутнасці жанчына, дык ён не Папа – гэта значыць Рэйфу Файнзу давядзецца далей нешта прыдумляць. А вось інтрыгі і з'яўленне (а затым падзенне) усё новых кандыдатаў, мяркуючы з усяго, паказаныя даволі дакладна.

Таму, калі вам цікавыя толькі зорны склад і маляўнічае кіно, «Канклаў» пасуе, а калі вы хочаце дакладна і без амерыканскага парадку дня ведаць, як адбываецца абранне Папы Рымскага насамрэч, паглядзіце што-небудзь са спісу вышэй.

Іван Аляксееў / ЮК belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10