навіны

Пасля адмены абмежаванняў на пенсіі на працу ў Беларусі вярнуліся 16 тысячаў чалавек

пенсіянер на працы
Мужчына пенсійнага веку на працы. Фота ілюстрацыйнага характару. Крыніца: kp.ru
podpis źródła zdjęcia

З 1 студзеня ў Беларусі ўказам № 402 аб сацыяльным падтрыманні адмянілі абмежаванні на памер пенсіяў для асобаў сталага веку, якія працягваюць працаваць. Гэта пацягнула за сабою рост колькасці працоўных пенсіянераў, паведаміла міністарка працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка.

Працаўнікі Наваполацкага заводу тэхналагічных металаканструкцыяў на сустрэчы з Наталляй Качанавай. 14 сакавіка 2025 года. Фота: sovrep / Telegram
Улады рыхтуюць новыя правілы пенсіяў і ўнёскаў: што прапануюць чыноўнікі? навіны

«Зацікаўленасць асобаў старэйшага веку ў працы»


На гэты момант у Беларусі працуюць 110 тысячаў чалавек, якія дасягнулі пенсійнага веку.

,,

«З першых месяцаў рэалізацыі ўказу мы ўбачылі рост працоўных пенсіянераў. У першыя месяцы было плюс 10 тысячаў, далей плюс 6 тысячаў. Насамрэч зацікаўленасць асобаў старэйшага пакалення ў працы, у працягу працоўнага шляху ёсць», – сказала чыноўніца.


Паседжанне камісіі для спрыяння занятасці насельніцтва ў адміністрацыі Ленінскага раёну Горадні, Беларусь. 17 красавіка 2025 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Len_grodno / Instagram
Пратасевіч не можа знайсці працы ў Беларусі. А што астатнія? Глядзім на праблемы рынку працы Аналітыка

Сярэдні памер пенсіі ў Беларусі складае Br 863. У сакавіку начальніца галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі Алена Гомарава прапанавала беларусам падвоіць сваю пенсію, часова адмовіўшыся ад яе. За 5 гадоў адмовы ад пенсіі яе можна павялічыць на 14 %.


Паводле крыніцаў «Белсату», чыноўнікі абмяркоўваюць магчымасць павысіць пенсійны век на два гады. Пастановы пакуль не прынялі, але праект дакументу ўжо гатовы. Нашыя крыніцы сцвярджаюць, што паступовае павышэнне пачнецца ўжо з 2026 года. І калі падчас папярэдняга павышэння пенсійнага веку штогод дадавалі па паўгода, то цяпер яго збіраюцца павышаць адразу на год: плюс адзін у 2026-м і яшчэ плюс адзін у 2027-м. Гэтак, праз два гады жанчыны, як плануецца, будуць выходзіць на пенсію ў 60 гадоў, а мужчыны – у 65.


«Планамерны рост» вакансіяў


Паўлючэнка таксама апавяла, што ўжо пяты месяц у Беларусі расце колькасць занятых у эканоміцы грамадзянаў – з кастрычніка 2024-га іхная колькасць павялічылася на 37,5 тысячы. Акрамя таго, назіраецца станоўчая дынаміка ў суадносінах прыёму і звальненняў.


Міністарка адзначыла: цяпер у Беларусі адкрытыя 200 тысяч вакансіяў, ідзе іх «планамерны рост, абумоўлены змяненнем заканадаўства» – з пачатку гэтага года вакансіі павінны абавязкова размяшчацца на агульнадзяржаўным банку.


Найбольш прапановаў – у галінах будаўніцтва, сельскай гаспадаркі, аховы здароўя.


Паводле Паўлючэнкі, разам з ростам колькасці вакансіяў растуць і заробкі: у будаўніцтве ў першым квартале 2025 года аплата працы вырасла на 27 %, у сельскай гаспадарцы – на 23 %, у прамысловасці – на 17,1 %.


Да пачатку гэтага года ў Беларусі пенсіянер, працягваючы працаваць, атрымліваў пенсію меншага памеру, калі ягоны індывідуальны каэфіцыент складаў больш за 1,3. З 1 студзеня 2025-га пенсія выплочваецца ў поўным аб’ёме незалежна ад каэфіцыенту і памеру заробку.


У Беларусі на дзень 5 траўня ў Агульнарэспубліканскім банку вакансіяў размешчаныя 203 579 прапановаў працы. Гэта 4 % ад працоўнай сілы, то бок больш за колькасць беспрацоўных.


Узровень беспрацоўя ў Беларусі, паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у IV квартале 2024 года склаў 3 % ад працоўнай сілы, узровень занятасці асобаў у працаздольным веку – 82,9 %, беспрацоўя ў працоўным веку – 3,1 %. Белстат сцвярджае, што гэтыя паказнікі разлічаныя, згодна з метадалогіяй Міжнароднай арганізацыі працы. Тая пакуль публікавала толькі старыя звесткі: у 2023-м узровень беспрацоўя ў Беларусі складаў 3,5 %. Гэта супадала з лічбамі Белстату за той год. З другога боку, «BELPOL» заяўляе, што змяншэнне колькасці занятых адбываецца ў чатыры разы хутчэй, як сведчыць дзяржаўная статыстыка.


Чаму беларусы не спяшаюцца займаць адкрытыя вакансіі? Рэч можа быць у заробку. Калі адсартаваць усе вакансіі паводле заработнай платы і паглядзець у сярэдзіну спісу, там будзе праца за Br 1100 за месяц за поўную стаўку. Гэта заробак «бруднымі», да выплаты падаткаў і збораў. Пасля будзе не больш за Br 946.


Працоўных прапановаў з сакральнымі «па пяцьсот», дзе за месяц працы на рукі дадуць хаця б $ 500 – каля 18,4 % ад усіх абвестак у банку вакансіяў.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10