навіны

«Хаваюць свае твары тыя, хто баіцца». Чаму ўдзельнікі палітычнага пераследу не хочуць паказваць сваіх абліччаў

Нарада Аляксандра Лукашэнкі з афіцэрамі КДБ, у якіх заблюраныя твары. Скрыншот: Беларусь 1
Нарада Аляксандра Лукашэнкі з афіцэрамі КДБ, у якіх заблюраныя твары. Скрыншот: Беларусь 1
podpis źródła zdjęcia

Ці чакаць узмацнення палітычнага супрацьстаяння?

У Беларусі сталася звыклай з’явай, калі на старонках медыяў, як незалежных, гэтак і праўладных, галоўнымі героямі робяцца ананімныя асобы. Калі недзяржаўныя СМІ кіруюцца бяспекай сваіх суразмоўцаў, дык з боку дзяржаўных выданняў і тэлеканалаў схаваныя твары сілавікоў або нават суддзяў выглядаюць не надта дарэчы. «Белсат» паразмаўляў з псіхолагам, сацыёлагам і былым палітвязнем, каб высветліць, што насамрэч стаіць за схаванымі тварамі і ці варта чакаць узмацнення палітычнага супрацьстаяння ў нашай краіне.
У сеціве рэакцыя на заблюраныя твары сілавікоў, якія час ад часу сустракаюцца з Лукашэнкам, сталі прадметаў кпінаў і жартаў. Калі ў сітуацыі з сілавікамі КДБ яшчэ можна зразумець сакрэтнасць, дык у выпадку з суддзёй, якую паказалі на дзяржаўным тэлеканале «ТРК Берасце» з заблюраным тварам, гэта выглядала дзіўна. Праваабаронцы прысутнічалі на палітычным працэсе супраць вайсковага пенсіянера з Баранавічаў Дзмітрыя Нешты. Справу ў адкрытым рэжыме разглядала суддзя Юльяна Шчэрба, якая прысудзіла палітвязню 12 гадоў турмы.
Заблюраны твар суддзі Юльяны Шчэрбы на дзяржаўным тэлебачанні. Скрыншот: ТРК Брест / YouTube
Заблюраны твар суддзі Юльяны Шчэрбы на дзяржаўным тэлебачанні. Скрыншот: ТРК Брест / YouTube
Суразмоўцы «Белсату», сярод якіх псіхолаг і былы палітвязень, перакананыя, што дзяржаўныя службоўцы проста баяцца паказаць свой твар і агучыць імя ў палітычных справах.
«Яны ўсё цудоўна разумеюць – і гэта страх. Яны разумеюць сітуацыю. Але вельмі наіўна меркаваць, што дастаткова заблюрыць твар – і ніхто не здагадаецца, хто гэты суддзя або чыноўнік. Але гэта страх, адна з нашых базавых эмоцыяў. Чалавек разумее адказнасць, разумее свой страх і прычыны, што выклікалі яго. Асоба, перакананая ў сваёй слушнасці, не будзе баяцца. У такім выпадку чалавек мае аргументы і можа патлумачыць, чаму ён робіць гэта, можа патлумачыць, чаму ён мае рацыю. Чалавек, які сумняецца ў сваёй слушнасці, адчувае страх», – распавядае на ўмовах ананімнасці псіхолаг.
Насамрэч, як распавёў «Белсату» былы палітычны вязень, яшчэ да падзеяў 2020 года ў турмах працаўнікі адміністрацыі часта хавалі свае імёны і прозвішчы.
«Дакладна скажу, што хаваюць свае твары толькі тыя, хто баіцца яго паказаць. Мы ж усе жывём у адным грамадстве. Усе цяпер проста навідавоку. Але ў месцах пазбаўлення волі многія з адміністрацыі катэгарычна супраць, каб называліся іхныя імёны, яны патрабуюць, каб нідзе не агучвалася іхнага прозвішча. У калоніях раней нават была пастанова, каб называць працаўнікоў адміністрацыі толькі імем па бацьку, гэта найбольш абязлічвае асобу. У месцах пазбаўлення волі працаўнікі таксама ходзяць пад законам.
Перавышэнне імі службовых абавязкаў – таксама крымінальнае злачынства, за якое пагражае адказнасць у выглядзе пазбаўлення волі. Таму, адчуваючы адказнасць перад законам, адказнасць за сваіх родных, за маёмасць, яны баяцца. Толькі страх вымушае хаваць свае імёны, твары і гэтак далей», – лічыць суразмоўца «Белсату».
Зрэшты, не ўсе ў рэпрэсіўнай дзяржаўнай машыне хаваюць свае твары і намагаюцца ананімізаваць сваю дзейнасць супраць палітычных апанентаў. Хоць і зразумела, што высокім чыноўнікам хаваць свой твар ужо проста не выпадае. Увогуле, як лічыць яшчэ адзін суразмоўца «Белсату», сацыёлаг, заблюранасць твараў прадстаўнікоў розных бакоў канфлікту не сведчыць адназначна, што ў грамадстве расце супрацьстаянне.


,,

«Гэта прыкмета таго, што машына рэпрэсіяў працуе без аглядкі на якую-небудзь грамадскую думку і спробаў зрабіць прыгожае аблічча. Паколькі пра захаванне якога-небудзь іміджу цяпер нават не вядзецца гаворка. Вонкавыя субʼектаўы накшталт замежных краінаў, праваабаронцаў, міжнародных арганізацыяў гэты рычаг уздзеяння страцілі», – кажа сацыёлаг.


Нарада Аляксандра Лукашэнкі з афіцэрамі КДБ, у якіх заблюраныя твары. Скрыншот: Беларусь 1
Нарада Аляксандра Лукашэнкі з афіцэрамі КДБ, у якіх заблюраныя твары. Скрыншот: Беларусь 1
На думку сацыёлага, цяпер грамадства ўсё больш дэпалітызуецца. Страх у грамадстве і пачуццё нянавісці сярод беларусаў у будучыні наўрад ці прывядзе да палітычнага гвалту, лічыць суразмоўца «Белсату».


,,

«Пасля пэўнай лібералізацыі 2015–2020 года вырасла пакаленне без досведу рэпрэсіяў. Але пасля жорсткага здушэння, як і ў папярэднія кампаніі, напрыклад, у 2006 ці 2010 годзе, лідары і самыя актыўныя ўдзельнікі пратэсту зʼязджаюць за мяжу. На астатніх рэпрэсіўныя захады ўплываюць так, як мы бачым цяпер: вулічная актыўнасць задушаная, можна сказаць, захады прэвентыўнага аўтарытарызму працуюць», – кажа сацыёлаг.


Псіхолаг, у сваю чаргу, адзначае, што насамрэч тэма гвалту не можа знікнуць сама сабою. Грамадства мусіць працаваць, каб не было ўсплёску агрэсіі пасля таго, як многія палітычныя зняволеныя выйдуць з турмаў і калоніяў пасля некалькіх гадоў катаванняў.


,,

«Першая рэакцыя на гвалт і катаванні – агрэсія. І яна назапашваецца. Існуе імавернасць, што яна можа адбіцца ў будучыні. Родныя і блізкія мусяць разумець, што калі чалавек выходзіць са зняволення, акрамя чыстага адзення яму неабходны і псіхолаг. Гэта будзе прафілактыка агрэсіі, прафілактыка жадання адпомсціць. Бо такія пачуцці і эмоцыі, як злосць і жаданне помсты – гэта норма, а не адхіленне.


Псіхіка ў нас створаная такім чынам, што чалавек за кратамі можа сніць, як помсціць за несправядлівасць, можа нават прайграваць у сваёй галаве нейкія эпізоды помсты, напрыклад. Але гэта не значыць, што ў рэальным жыцці чалавеку можна пачаць помсціць. Агрэсія мусіць выйсці нейкім чынам, але цывілізаваным. У нас ёсць адмыслоўцы, яны дапамагаюць людзям, якія адбылі зняволенне. І не мае значэння, адбыў чалавек пакаранне паводле палітычнага пераследу – або за крымінальнае правапарушэнне», – кажа псіхолаг.
Агулам, кожная канкрэтная сітуацыя залежыць менавіта ад чалавека, асобы, звяртае ўвагу былы палітвязень.


,,

«Калі браць мой асабісты досвед, дык за кратамі я добра разумеў і ведаў, за што я там, чаму. Але часам у турму трапляюць людзі выпадкова. Я бачу, як яны паводзяцца ў такой сітуацыі. Адміністрацыя, аператыўнікі, асуджаныя, якія пайшлі на супрацу з сілавікамі, выкарыстоўваюць супраць такіх людзей жорсткія псіхалагічныя атакі. Не ўсе могуць гэтага вытрымаць», – кажа былы палітвязень.


На думку суразмоўцы, існуе некалькі катэгорыяў людзей, якія па-рознаму выходзяць з турмаў. Адзін чалавек можа выйсці адтуль з высока паднятай галавою і потым нават ганарыцца тым, што прайшоў усе гэтыя выпрабаванні, і працягнуць пераканана змагацца за сваю ідэю.
Белорусы провели акцию у посольства Беларуси в Варшаве (Фота: Белсат)
Белорусы провели акцию у посольства Беларуси в Варшаве (Фота: Белсат)
Другіх напалохалі катаваннямі, яны будуць зломленыя, іх маглі скалечыць і нават фізічна. Яны выйдуць з траўмамі як вонкавымі, так і ўнутранымі, іх зламалі. Яны выйдуць з пачуццём страху, кажа былы вязень.


,,

«Трэція асуджаныя, якія прайшлі праз катаванні, выйдуць з надламанай псіхікай, яны зробяць працу над памылкамі. Гэта інтэлігентныя, адукаваныя людзі. Яны выйдуць са змененымі стаўленнем да сваіх дзеянняў. Яны будуць больш асцярожнымі, або нават спыняць сваю дзейнасць, паколькі будуць лічыць, што яна не прынясе поспеху», – адзначае суразмоўца.


У любым выпадку, чакаць палярызацыі грамадства далей не варта, мяркуе сацыёлаг. На думку адмыслоўца, цяпер у Беларусі пастаянна расце доля людзей памяркоўных і няпэўных поглядаў. Улады планамерна працягваюць рэпрэсіі. Палітвязні пасля адбыцця сваіх тэрмінаў за кратамі будуць выходзіць паступова. Таму, лічыць сацыёлаг, без рэзкіх вонкавых шокаў і кардынальнай змены сітуацыі наўрад ці варта чакаць у нашай краіне павышэння пратэснай актыўнасці ці ўспышак палітычнага гвалту.
Мікалай Каткоў belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10