Маршалак Сейму Польшчы: «Мы мусім сёння думаць аб Беларусі як аб нашым партнёры»
09.01.2024, 18:03
Маршалак Сейму Шыман Галоўня выступае з прамовай перад медыямі падчас візіту ў Сейм і Сенат Рэспублікі Польшча Святланы Ціханоўскай. Варшава, Польшча. 9 студзеня 2024 года. (Фота: Таццяна Верамеева / Белсат)
podpis źródła zdjęcia
«Хачу запэўніць спадарыню прэзідэнта, што Вольная Беларусь – у інтарэсах вольнай Польшчы».
Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская і чальцы Аб’яднанага пераходнага кабінету працягваюць візіт у Польшчу. Другі дзень візіту – 9 студзеня – пачаўся з сустрэчы з маршалкам Сейму Польшчы (спікерам ніжняй палаты парламенту) Шыманам Галоўнем. Пасля сустрэчы Ціханоўская і Галоўня далі прэс-канферэнцыю.
Святлана Ціханоўская і маршалак Сейму Шыман Галоўня выступаюць з прамовамі перад медыямі ў Сейме і Сенаце Рэспублікі Польшча. Варшава, Польшча. 9 студзеня 2024 года. (Фота: Таццяна Верамеева / Белсат)
Маршалак Сейму Польшчы Шыман Галоўня запэўніў Святлану Ціханоўскую ў падтрыманні Беларусі польскім парламентам. Яна ж падкрэслівала, як важна павялічваць ціск на рэжым Аляксандра Лукашэнкі, пашыраць санкцыі і прыцягваць вінаватых да адказнасці.
А прыцягваць ёсць за што, пералічыла Ціханоўская: за злачынствы супраць чалавецтва, ваенныя злачынствы, міграцыйны крызіс, захоп самалёта. Ціханоўская хацела б, каб Польшча стала лідарам у прыцягненні Лукашэнкі да адказнасці – вядома, пры дапамозе беларусаў. Таксама яна прасіла Польшчу падтрымаць і прасоўваць еўрапейскі выбар Беларусі.
,,
«Мы мусім сёння думаць аб Беларусі як аб нашым партнёры, – казаў Галоўня. – Аб тых усіх супольнасцях, якія ў Беларусі абсалютна беспрэцэдэнтна супрацьстаяць злу, як аб саюзніках дзеля будавання бяспекі ў гэтай частцы Еўропы».
Размаўлялі з Ціханоўскай, паводле палітыка, аб канкрэтных справах, якія можна зрабіць у польскім Сейме дзеля беларусаў – у сферах парламенцкай супрацы і ўзаемных дачыненняў з польскімі парламентарамі або ў сферы культуры. Ён падкрэсліў, што Ціханоўская казала, што Беларусі патрэбная салідарнасць Польшчы і іншых краінаў на міжнароднай арэне – у той яе частцы, куды «беларускі голас не дасягае».
Маршалак Сейму Шыман Галоўня выступае з прамовай перад медыямі падчас візіту ў Сейм і Сенат Рэспублікі Польшча Святланы Ціханоўскай. Варшава, Польшча. 9 студзеня 2024 года. (Фота: Таццяна Верамеева / Белсат)
Маршалак Сейму расказаў, што прыняў прапанову стаць сімвалічным «хросным» для палітвязня ў Беларусі, але канкрэтнага чалавека, якому зробіцца «хросным», яшчэ не выбраў. Ён таксама запэўніў, што ў Польшчы ведаюць, што адбываецца ў Беларусі, памятаюць у тым ліку пра палітвязня Анджэя Пачобута.
,,
«Хачу запэўніць спадарыню прэзідэнта і ўсіх чальцоў дэлегацыі, што Вольная Беларусь у інтарэсах вольнай Польшчы, у сэрцы вольнай Польшчы, – дадаў Галоўня. – І што Польшча зробіць усё, каб Беларусь была вольнай краінай вольных людзей… У сэрцы ўжо вольных».
Ціханоўская казала журналістам на прэс-канферэнцыі, што людзі ў Беларусі змагаюцца не толькі з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, але і з імперскімі амбіцыямі Расеі. Салідарнасць і дапамога ў гэтым змаганні вельмі важная, падкрэсліла Ціханоўская, і яна падзякавала Польшчы за дапамогу і прыём соцень тысяч беларусаў, якія ўцяклі ад рэпрэсіяў на радзіме, за падтрыманне грамадзянскай супольнасці і медыяў.
Святлана Ціханоўская выступае з прамовай перад медыямі падчас візіту ў Сейм і Сенат Рэспублікі Польшча. Варшава, Польшча. 9 студзеня 2024 года. (Фота: Таццяна Верамеева / Белсат)
Яна нагадала, што колькасць палітычных зняволеных у Беларусі толькі расце, а за кратамі з палітычных прычынаў трымаюць да пяці тысяч чалавек, у тым ліку сотні людзей, якія ў жахлівым стане і літаральна паміраюць. Ціханоўская таксама згадала, што ўлады Беларусі змагаюцца з польскай супольнасцю ў Беларусі, закрываюць польскія школы і знішчаюць польскія могілкі. Таму Ціханоўская бачыць сваёй задачай умацаванне стасункаў беларусаў і палякаў.
,,
«Беларусы не здаюцца ў сваім змаганні, – нагадала Ціханоўская ў Сейме Польшчы. – Мы хочам вызваліць людзей, вызваліць нашую краіну з рук Лукашэнкі і з імперскіх амбіцыяў Пуціна».
Пасля сустрэчы з Галоўнем Ціханоўская і прадстаўнікі Кабінету правялі сустрэчы з маршалкам Сенату Малгажатай Кідава-Блоньскай, з камітэтамі замежных справаў Сейму і Сенату, з міністаркай адукацыі і міністрам спорту і турызму Польшчы.
Святлана Ціханоўская сустракаецца з маршалкам Сената Маглажатай Кідавай-Блоньскай падчас ейнага візіту ў Сейм і Сенат Рэспублікі Польшча. Варшава, Польшча. 9 студзеня 2024 года. (Фота: Таццяна Верамеева / Белсат)
На 9 студзеня запланаваныя таксама сустрэча з беларускай рэлігійнай супольнасцю Польшчы і прыём для беларускай супольнасці ў Польшчы разам з польскім прэзідэнтам Анджэем Дудам.
Гэта другі з трох дзён візіту. У першы дзень дэлегацыя Ціханоўскай сустракалася з прэзідэнтам Варшавы, міністрамі замежных і еўрапейскіх справаў Польшчы, правяла паседжанне Кабінету, прэс-канферэнцыю і сустрэчу з культурнымі ініцыятывамі беларусаў у Польшчы. На 10 студзеня запланаваныя сустрэчы з дыпламатамі розных краінаў і беларускай грамадзянскай супольнасцю.
Як расказаў «Белсату» намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка, тое, што з дэмакратычнымі сіламі Беларусі сустракаюцца не толькі прэзідэнт ці прэм’ер, але і маршалкі Сейму і Сенату, трэцяя і чацвёртая асоба дзяржавы, гэта палітычны знак, сігнал аб тым, што польскія ўлады будуць падтрымліваць дэмакратычны выбар беларусаў.
,,
«Важна, што паўстаюць групы сяброўства, і гэтым разам яны будуць як у Сейме, так і ў Сенаце, – падкрэсліў Латушка. – Гэта яшчэ большая ўвага, больш пільная ўвага да сітуацыі ў Беларусі».
Польскія дэпутаты, дадаў Латушка, могуць адыграць ролю праз супрацу з іншымі парламентамі, як найбольш дасведчаныя ў беларускай справе могуць даносіць іншым тое, што адбываецца ў Беларусі.
Латушка лічыць важным і тое, каб у польскім парламенце была прынятая рэзалюцыя аб сітуацыі Беларусі – кшталту той, што прыняў парламент Нямеччыны. Тая рэзалюцыя не толькі канстатавала сітуацыю, але і выпрацавала кірункі канкрэтных дзеянняў.
Святлана Ціханоўская наведвае з візітам Сейм і Сенат Рэспублікі Польшча. Варшава, Польшча. 9 студзеня 2024 года. (Фота: Таццяна Верамеева / Белсат)
Прадстаўнік Кабінету нацыянальнай бяспекі Валерый Сахашчык паведаміў «Белсату», што чакае ад новых уладаў Польшчы супрацы нават на вышэйшым узроўні, чым было раней, але ў чым будзе тая супраца, пакуль што не сказаў: «Пакажам справамі».