У Польшчы 18 траўня праходзіць першы тур выбараў прэзідэнта, а ў Румыніі – ужо другі.
Выбары ў Польшчы пачаліся а 7:00 мясцовага часу. Польскае прэсавае агенцтва (PAP) перадае, што ўсе ўчасткі адкрыліся своечасова і без інцыдэнтаў. Выбары працягнуцца да 21:00.
Пры гэтым на адным з участкаў у Шчэціне давялося перарываць галасаванне: там памерла жанчына.
«Жанчына сталага веку, якая галасавала на выбарчым участку, знепрытомнела. Выклікалі хуткую, была спроба рэанімацыі, аднак безвынікова», – піша PAP.
У ноч на суботу ў Польшчы пачалася перадвыбарчая цішыня: да закрыцця ўчасткаў у краіне забароненая агітацыя ці публікацыя сацыялагічных апытанняў. За гэта караюць буйнымі штрафамі.
Пры гэтым паліцыя зафіксавала ўжо 122 выпадкі парушэння перадвыбарчай цішыні.
На пасаду прэзідэнта прэтэндуюць 13 асобаў.
Тым часам у Румыніі праходзіць другі тур прэзідэнцкіх выбараў. Гісторык, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман у сваім Telegram-канале напісаў, што ЕЗ спадзяецца на перамогу мэра Бухарэсту Нікушора Дана, а Расея і ЗША ставяць на ўльтраправага Джорджэ Сім’ёна.
«У першым туры Сім’ён набраў амаль удвая больш галасоў (41 % супраць 21 %) і да нядаўняга часу лічыўся безумоўным фаварытам другога туру. Аднак на гэтым тыдні сітуацыя змянілася: паводле апытанняў, у кандыдатаў роўныя шанцы, і Дан нават выйшаў у лідары. І ўсё-ткі ягоная перамога зробіцца сенсацыяй і грандыёзным поспехам еўрапейцаў», – зазначае аналітык.
Фрыдман таксама заўважае, што расейская прапаганда ігнаруе вынікі апошніх сацыяльных даследаванняў і працягвае спасылацца на састарэлыя звесткі:
«У выпадку паразы Сім’ёна, імаверна, будзе заяўлена пра фальсіфікацыю выбараў, а ў інфармацыйнае поле зноў вернуцца збітыя наратывы пра адсутнасць дэмакратыі ў Еўропе».
Такіх жа заяваў варта чакаць ад віцэ-прэзідэнта ЗША Джэймза Дэйвіда Вэнса, дзяржаўнага сакратара Маркаў Руб’ёў і бізнесоўца Ілана Маска, мяркуе аналітык.
Ён, зрэшты, прызнае, што да вынікаў апытанняў у Румыніі варта ставіцца з асцярожнасцю, бо падчас першага галасавання крайне правы кандыдат Кэлін Джарджэску набраў істотна больш галасоў, чымся прадракалі сацыёлагі.
«Шмат хто гатовы галасаваць за ўльтраправых, але не гатовы ў гэтым прызнацца», – канстатуе Фрыдман.
Першы тур выбараў адбыўся ў Румыніі ў лістападзе летась, аднак вынікі галасавання анулявалі, бо нечаканага фаварыта Джарджэску западозрылі ў расейскім фінансаванні. Канстытуцыйны Суд забараніў палітыку браць удзел у другім туры.
«Тым не менш на ўльтраправай хвалі да перамогі ідзе Сім’ён, якога падтрымлівае Джарджэску. Забарона не зрабілася эфектыўнаю перашкодаю», – падсумаваў аналітык.
Сцяпан Кубік belsat.eu