навіны

Трамп будзе тэлефанаваць Пуціну і Зяленскаму: што адбываецца пасля перамоваў у Стамбуле

Доналд Трамп
Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп. Фота: Andrew Harnik / Getty Images
podpis źródła zdjęcia

На наступны дзень пасля перамоваў украінскай і расейскай дэлегацыяў, якія прайшлі ў Стамбуле 16 траўня, Трамп заявіў, што будзе размаўляць з Уладзімірам Пуціным праз тэлефон і зноў абмяркоўваць спыненне агню. Што яшчэ адбывалася пасля сустрэчы ў Турцыі і якія меркаванні гучаць пра яе вынікі – у нашым аглядзе.

Пра што Трамп будзе размаўляць з Пуціным?


У суботу, 17 траўня, Доналд Трамп анансаваў тэлефонную размову з Уладзімірам Пуціным, якая адбудзецца ў панядзелак, 19 траўня. Пасля размовы з кіраўніком Расеі амерыканскі прэзідэнт плануе яшчэ адну – з Уладзімірам Зяленскім.


З Пуціным Трамп хоча абмеркаваць вайну супраць Украіны, спыненне агню і гандлёвыя пытанні.

,,

«Я буду размаўляць праз тэлефон з прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным з Расеі ў панядзелак а 10:00. Тэмамі размовы будуць спыненне кровапраліцця, якое забірае ў сярэднім больш за 5000 жыццяў расейскіх і ўкраінскіх салдатаў за тыдзень, і гандаль. Потым я буду размаўляць з прэзідэнтам Зяленскім з Украіны, а пасля – разам з прэзідэнтам Зяленскім і рознымі сябрамі NATO. Спадзяюся, гэта будзе прадуктыўны дзень, будзе дасягнутае спыненне агню, і гэтая вельмі жорсткая вайна, якая ніколі не павінна была адбыцца, скончыцца», – напісаў Трамп у Truth Social.


Таксама 17 траўня стала вядома, што тэлефонную размову з міністрам замежных справаў Расейскай Федэрацыі Сяргеем Лаўровым правёў дзяржаўны сакратар ЗША Маркаў Руб’ёў. Паводле МЗС Расеі, размова адбылася з ініцыятывы амерыканскага боку і была прысвечаная расейска-ўкраінскім перамовам, што прайшлі 16 траўня ў Стамбуле.


Руб’ёў прывітаў дамоўленасці пра абмен ваеннапалоннымі ў фармаце 1000 на 1000, якіх удалося дасягнуць, і пра рыхтаванне кожнага з бакоў свайго бачання ўмоваў для перамір’я, а таксама падкрэсліў гатовасць Вашынгтону і далей спрыяць пошукам урэгулявання канфлікту, зазначаецца ў паведамленні МЗС РФ.


Лаўроў у сваю чаргу адзначыў станоўчую ролю ЗША, дзякуючы якой украінскі бок прыняў прапанову Пуціна аднавіць перамовы і пацвердзіў гатовасць Масквы да працягу супольнай працы з амерыканскімі калегамі.


Таксама зазначаецца, што падчас размовы Руб’ёў і Лаўроў закранулі «некаторыя іншыя міжнародныя і рэгіянальныя праблемы».


«Заклік Трампа неадкладна спыніць агонь»


У паведамленні Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША пра размову Руб’ёў і Лаўрова гаворыцца, што Руб’ёў прывітаў пагадненне аб абмене палоннымі і перадаў «моцны сігнал прэзідэнта Трампа», што ЗША застаюцца прыхільнікамі дасягнення працяглага завяршэння вайны.

,,

«Дзяржаўны сакратар падкрэсліў заклік прэзідэнта Трампа неадкладна спыніць агонь і завяршыць гвалт», – заяўляюць у Дзяржаўным дэпартаменце ЗША.


Кіраўнік расейскай дэлегацыі, якая ўзяла ўдзел у перамовах, памочнік Пуціна Уладзімір Мядзінскі заявіў, што расейскі бок агулам задаволены вынікамі сустрэчы, а таксама апавёў, што ўкраінскі бок запытаў беспасярэднія перамовы паміж кіраўнікамі дзяржаваў.


Першы намеснік міністра замежных справаў Украіны Сяргей Кісліца назваў стамбульскія перамовы «частковым поспехам».


Кіраўнік украінскай дэлегацыі, міністр абароны Украіны Рустэм Умераў зазначыў, што мэтаю перамоваў было абмеркаванне спынення агню і абмен палоннымі:


«Мы размаўлялі пра абмен тысяча на тысячу, і мы таксама працуем над іншымі мадальнасцямі гэтага абмену. Акрамя таго, мы патэнцыйна рыхтуем сустрэчу на ўзроўні лідараў дзяржаваў».


Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў адзначыў, што сустрэча Пуціна і Зяленскага магчымая, калі «перамоўнікі дасягнуць пэўных дамоўленасцяў».


«Такую сустрэчу як вынік працы дэлегацыяў двух бакоў пры дасягненні пэўных дамоўленасцяў гэтых дэлегацыяў лічым магчымай, але менавіта як вынік працы і па дасягненні пэўных вынікаў у выглядзе дамоўленасцяў двух бакоў», – сказаў прадстаўнік Крамля і дадаў, што Расея рыхтуе спіс умоваў для спынення агню, які перададуць Украіне.


Прэс-сакратарка Лукашэнкі: Зарганізуем працэс, як ніводная іншая краіна


Выказаліся пра перамовы і ўлады Беларусі. Прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Наталля Эйсмант заявіла, што лічыць вынікі перамоваў у Стамбуле тактычным поспехам Расеі, і падкрэсліла: Менск гатовы зрабіцца пасярэднікам ва ўрэгуляванні.

,,

«Пра вынікі перамоваў. Першае. Іншых вынікаў мы і не чакалі. Перамовы – іх першы раўнд – на шчасце, адбыліся і мелі хоць нейкі вынік. Другое. У цэлым у ацэнцы вынікаў гэтага раўнду мы згодныя з амерыканцамі: гэта, безумоўна, пакуль тактычны, але поспех кіраўніцтва Расеі, – сказала прэс-сакратарка Лукашэнкі. – Што датычыць магчымай арганізацыі наступных раўндаў перамоваў. <…> Калі дзеля міру ў нашых суседзяў, у нашай братэрскай Украіне гэта будзе неабходна і з гэтым будуць згодныя ўсе бакі, мы зарганізуем працэс так, як не зарганізуе ніводная іншая краіна. Найперш таму, што гэта наўпрост датычыць і будучыні Беларусі».


Інстытут вывучэння вайны (ISW), ацэньваючы перамовы ў Стамбуле, зазначае: Пуцін не пойдзе на кампраміс у мірных перамовах, калі Украіна і Захад не нанясуць Расеі істотных стратаў на полі бою і ў эканоміцы. Прымусіць Пуціна перагледзець сваю «тэорыю перамогі», паводле ISW, могуць больш жорсткія эканамічныя санкцыі і павелічэнне вайсковай дапамогі Украіне з боку еўрапейскіх краінаў і ЗША.


Паводле Генштабу Збройных сілаў Украіны, за содні 16–17 траўня Расея больш за 5000 разоў абстраляла пазіцыі ўкраінскай арміі і ўкраінскія паселішчы. Міністэрства абароны РФ заявіла, што расейскія войскі занялі Александропаль у ДНР.


Украіна мусіць адмовіцца ад акупаваных тэрыторыяў і рэпарацыяў?


Bloomberg са спасылкаю на ўласныя крыніцы паведамляе, што падчас перамоваў у Стамбуле расейская дэлегацыя запатрабавала ад Украіны вывесці свае войскі з акупаваных тэрыторыяў і адмовіцца ад фінансавых прэтэнзіяў. Паводле выдання, Масква патрабуе ад Кіева забяспечыць нейтральны статус Украіны з забаронаю заставацца на яе тэрыторыі замежным войскам ці зброі масавага знішчэння, адмовіцца ад патрабаванняў ваенных рэпарацыяў ад Расеі, анексаваны Крым, а таксама акупаваныя рэгіёны, прызнаць расейскімі на міжнародным узроўні і вывесці з іх украінскія войскі.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10