навіны

У спіс сусветнай спадчыны UNESCO могуць унесці Берасцейскую крэпасць і беларускую дуду

Берасцейская крэпасць
Берасцейская крэпасць. Фота: Natatnik.by
podpis źródła zdjęcia

Сталае Прадстаўніцтва Беларусі пры UNESCO арганізавала ў Парыжы прэзентацыю намінацыі Берасцейскай крэпасці ў спіс сусветнай спадчыны чалавецтва. Разам з Беларуссю свой помнік – Мамаеў курган – прэзентавала Расея. Супольную намінацыю назвалі «Мемарыялы героям Вялікай Айчыннай вайны».

Міжнародны кніжны кірмаш у Варшаве, Польшча. 16 траўня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
«Кніга – танная і эфектыўная зброя». Беларускія выдавецтвы – на Міжнародным кніжным кірмашы ў Варшаве Рэпартаж

Павераны ў справах Беларусі ў Францыі Кірыл Грушэўскі ў сваёй прамове з нагоды намінацыі згадаў «перажыты беларускім народам генацыд» і вялізныя чалавечыя страты, таму, паводле чыноўніка, Берасцейская крэпасць ёсць «важным элементам сусветнай памяці».


Пра саму крэпасць распавёў яе дырэктар Аляксандр Каркатдзэ. Таксама быў зачытаны зварот міністра культуры Беларусі Руслана Чарнецкага, які казаў пра 40 тысячаў месцаў памяці пра вайну ў нашай краіне.


У спісе сусветнай спадчыны UNESCO на сённяшні дзень ёсць чатыры беларускія аб’екты: Белавежская пушча, Мірскі замак, Геадэзічная дуга Струвэ і палац Радзівілаў у Нясвіжы.


Першай у спіс была ўнесеная Белавежская пушча – яшчэ ў 1979 годзе. У 2000 годзе – Мірскі замак. І апошнімі – у 2005 годзе – Геадэзічная дуга Струвэ і палац Радзівілаў.


У папярэднім спісе UNESCO: Аўгустоўскі канал, Спаса-Праабражэнская царква і Сафійскі сабор у Полацку, Каложская царква ў Горадні, драўляныя цэрквы Палесся, культавыя збудаванні абарончага тыпу ў Беларусі.


На ўнясенне ў спіс сусветнай спадчыны прэтэндаваў ансамбль праспекту Незалежнасці ў Менску ў складзе транснацыянальнай намінацыі з папярэдняй назвай «Сацыялістычная пасляваенная архітэктура ў краінах Усходняй і Цэнтральнай Еўропы», аднак быў выключаны з пераліку кандыдатаў за парушэнне цэласнасці ансамблю.


Акрамя таго, у спісе UNESCO прадстаўленыя шэсць элементаў нематэрыяльнай спадчыны Беларусі:


• калядны абрад у вёсцы Семежава Капыльскага раёну Менскай вобласці «Калядныя цары»;
• веснавы абрад «Юр’еўскі карагод» у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёну Гомельскай вобласці;
• урачыстасць у гонар абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у вёсцы Будслаў Мядзельскага раёну Менскай вобласці;
• культура бортніцтва;
• пляценне з саломы;
• выцінанка.


Апошняй – 4 снежня 2024 года – у спіс была ўключаная «выцінанка – традыцыйнае мастацтва выразання з паперы ў Беларусі».


Цяпер вядзецца дыскусія аб прызнанні беларускай дуды нацыянальнай культурнай з’явай і ўнясенні яе ў спіс нематэрыяльнай спадчыны UNESCO. Пра гэта распавяла дырэктарка Рэспубліканскага цэнтру нацыянальных культураў Вольга Якабсан:

,,

«Цяпер у дударскім грамадстве Беларусі вядзецца дыскусія аб уключэнні музычнага інструменту ў спіс аб’ектаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Мы думаем, што гэта атрымаецца зрабіць, як атрымалася з выцінанкай і саломапляценнем».


Таксама, са словаў чыноўніцы, падрыхтаваныя дакументы для магчымага ўключэння ў спіс UNESCO неглюбскіх ручнікоў.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10