Мастак Дэ Лёс разам з «Белсатам» сочыць за галоўнымі падзеямі, што вызначаюць нашае жыццё ці выклікаюць шырокі рэзананс у грамадстве. Паказваем карыкатуры на найважнейшыя навіны апошніх тыдняў.
Перамовы ў Стамбуле
Прайшлі перамовы ў турэцкім Стамбуле паміж Расеяй і Украінай, дзе, як чакалася, можа абмяркоўвацца замірэнне на фронце. У пачатку сустрэчы 16 траўня прысутнічалі прадстаўнікі дэлегацыяў Украіны, Расеі і Турцыі. Па выніках сталася вядома, што Расея выставіла нерэалістычныя патрабаванні. Сярод іх нібыта быў «вывад украінскіх войскаў з яе тэрыторыі для забеспячэння спынення агню». Журналіст «Axios» Барак Равід са спасылкаю на ўкраінскую дыпламатычную крыніцу сцвярджае, што Расея запатрабавала ад Украіны вывесці свае войскі з некалькіх рэгіёнаў Украіны.

Нагляд сiлавiкоў за пасылкамi беларусаў
У Беларусі задумалі зрабіць базу паштовых пасылак – і даць доступ да яе сілавікам. Цяпер сілавікі і так могуць атрымаць звесткі пра пасылкі, але для гэтага мусяць звяртацца да паштовых аператараў. Калі законапраект ухваляць, сілавікі будуць мець сталы доступ да адзінай базы звестак пра пасылкі.

Дэфіцыт бульбы
У Беларусі на некаторы час знікала з продажу бульба. Цяпер яна вярнулася, хай і за цэны, якія мала каму падабаюцца (у Польшчы і Літве таннейшая).
Міністэрства антыманапольнага развіцця і гандлю Беларусі пракаментавала дэфіцыт бульбы, з якім сутыкаюцца грамадзяне. Паводле яго, прадукту ў краіне дастаткова, а вінаватыя тыя, хто няправільна пастаўляе яго са складоў.

Агенты нерухомасцi пад забаронаю
У Беларусі прайшлі масавыя ператрусы ў агенцтвах нерухомасці. Сярод імаверных прычынаў – ухіленне ад падаткаў, стварэнне кампаніяў-дублёраў і дзяржаўны рэкет.
Нагадаем, 2 красавіка Палата прадстаўнікоў ухваліла законапраект аб рыэлтарскай дзейнасці. Сярод галоўных навацыяў – стварэнне Палаты рыэлтараў, названай органам самакіравання. Гэта значыць, што дапамагаць з аперацыямі з нерухомасцю не могуць асобы без атэстацыі, якую трэба праходзіць кожныя пяць гадоў, і сяброўства ў гэтай палаце. Закон набудзе моц праз тры месяцы пасля апублікавання.

«Месяц маябрь»
У траўні ў Беларусі абвяшчалі штармавое папярэджанне пра небяспечную гідраметэаралагічную з’яву – замаразкі да -5 °C. Маразы шмат дзе знішчылі пасевы, дзеляцца беларусы ў сацсетках.
Планавае адключэнне гарачай вады ў траўні паступова пераносяць. Так, у «Менскіх цеплавых сетках» кажуць, што не будуць адключаць гарачую ваду, пакуль ёсць ацяпленне ў сацыяльных аб’ектах, і гэта ўскосна пацвярджае «Менскэнерга». У Гомлі адключэнне гарачай вады пераносяць пакуль толькі на тыдзень. У Віцебску проста скасоўваюць планавыя адключэнні паводле спісу адрасоў. Ізноў жа, такія навіны прыходзяць не з кожнага гораду Беларусі – агульнай пастановы для краіны няма.

Дэ Лёс belsat.eu