навіны

Сітуацыя ва Украіне: шчыльныя баі і лакальныя змены па фронце

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы. (Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы. (Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook)
podpis źródła zdjęcia

Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 30 студзеня.

«Белсат» падводзіць вынікі 706-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 30 студзеня чытайце ў нашым аглядзе.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы. (Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы. (Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook)
Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)
У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра сем безвыніковых атак праціўніка каля населеных пунктаў Сынькоўка і Пясчанае ў Харкаўскай вобласці.
У сваю чаргу ў Міністэрстве абароны РФ напісалі пра адбіццё трох атак украінцаў у ваколіцах Сынькоўкі, што ўказвае на сустрэчны характар баёў на гэтым участку фронту.
У гэты ж расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што Збройныя сілы Украіны контратакавалі ў сяле Табаеўка і вярнулі частку раней страчаных пазіцыяў. Нагадаем, што 29 студзеня расейскае камандаванне заявіла пра захоп населенага пункту.
На суседнім ліманскім кірунку атакі расейцаў фіксуюцца каля сяла Церны на поўначы Данецкай вобласці, а таксама на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва ў Луганскай.
Мінабароны РФ паведаміла, што іхныя вайскоўцы палепшылі становішча па пярэднім краі і адбілі атакі ЗСУ ў ваколіцах Ямпалаўкі і Дзібровы.
Пегаў сцвярджае, што расейцы прасунуліся ў бок Цернаў. Утрыманне гэтага сяла мае ключавое значэнне для ўкраінскай групоўкі на левым беразе ракі Жарабец, паколькі цераз яго праходзіць забеспячэнне.
Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)
На бахмуцкім кірунку ініцыятыва таксама застаецца за расейскімі вайскоўцамі, якія наступаюць на захадзе і поўдні ад раённага цэнтру. Атакі УС РФ адзначаюцца ў ваколіцах населеных пунктаў Багданаўка, Іванаўскае і Клішчыеўка. Але пры ўсім гэтым сітуацыя застаецца адносна стабільнай для ЗСУ – зменаў па лініі фронту не зафіксавана.
Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)
Найбольшая інтэнсіўнасць наступальных дзеянняў расейскіх вайскоўцаў цягам апошніх содняў фіксавалася ў ваколіцах Данецку.
Паводле ўкраінскага камандавання, на поўначы аўдзееўскага кірунку сілы абароны краіны адбілі 16 атак праціўніка каля Новабахмутаўкі і Аўдзееўкі, у гэты ж час на поўдні – восем атак у ваколіцах Первамайскага і Невельскага.
Між тым Сямён Пегаў гаворыць пра тактычныя поспехі УС РФ на поўдні кірунку.
Расейскі ваенны эксперт Барыс Рожын сцвярджае, войскі РФ мінімальна прасунуліся ў Первамайскім і каля Вопытнага. Пры гэтым адзначаецца, што сітуацыя складаная па ўсёй лініі сутыкнення на кірунку.
На мар’інскім кірунку атакі расейцаў засяроджаныя ў ваколіцах населеных пунктаў Георгіеўка, Пабеда і Новаміхайлаўка.
Ваенкор Пегаў гаворыць аб прасоўваннях на паўночна-ўсходніх подступах да Новаміхайлаўкі.
Вайскоўцы 46-й аэрамабільнай брыгады ЗСУ пішуць, што праціўнік узнавіў авіяўдары па пазіцыях сілаў абароны, а таксама павялічыў актыўнасць на паўночным усходзе ад Георгіеўкі і ў ваколіцах суседняй Краснагораўкі.
Бярдзянскі, мелітопальскі і херсонскі кірункі (лінія фронту на поўдні Данецкай вобласці, а таксама ў Запарожскай і Херсонскай вобласцях)
На бярдзянскім кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, расейскія вайскоўцы двойчы атакавалі каля сяла Залатая Ніва, але поспеху не дасягнулі.
Разам з тым аналітыкі праекту Deepstate фіксуюць прасоўванні войскаў РФ побач з сялом Прыютнае (на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў).
На мелітопальскім кірунку баі па-ранейшаму лакалізуюцца з поўдня ад гораду Арэхаў у цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці. Украінскі бок адзначае няўдалыя атакі праціўніка каля населеных пунктаў Вэрбовае і Работына.
Пегаў мяркуе, што на гэтым участку фронту баі маюць сустрэчны характар.
У Херсонскай вобласці баі засяроджаныя ў ваколіцах сяла Крынкі на левым беразе Дняпра. Пры гэтым зменаў лініі фронту не фіксуецца.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.
Наталля Кулыгіна belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10