Захоп Аўдзееўкі і прасоўванні пад Цернамі. Што адбываецца ва Украіне?
17.02.2024, 20:35
Украінскія вайскоўцы. (Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook)
podpis źródła zdjęcia
Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 17 лютага.
«Белсат» падводзіць вынікі 724-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 17 лютага чытайце ў нашым аглядзе.
Украінскія вайскоўцы. (Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook)
Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)
На паўночным усходзе Харкаўскай вобласці актыўнасць расейскіх вайскоўцаў фіксуецца толькі ў ваколіцах сяла Сынькоўка: паводле Генштабу ЗСУ, усё тры іхныя атакі былі адбітыя сіламі абароны краіны.
Больш складаная для ўкраінцаў сітуацыя адзначаецца на суседнім ліманскім кірунку, дзе расейцы не менш за 17 разоў атакавалі каля населеных пунктаў Церны, Ямпалаўка і Торскае (так званы торскі выступ) на поўначы Данецкай вобласці і ў ваколіцах Белагораўкі на Луганшчыне.
У Міністэрстве абароны РФ заявілі, што іхныя вайскоўцы цягам содняў занялі больш выгадныя рубяжы і пазіцыі на кірунку.
Аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што прасоўванні адбыліся на ўсходзе ад сяла Церны.
У гэты ж час праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» звяртае ўвагу на вялізныя страты войскаў РФ у жывой сіле і тэхніцы на ўсходзе ад Ямпалаўкі. Пры гэтым ім не ўдалося захапіць ніводнай пазіцыі на дадзеным участку фронту.
Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)
На бахмуцкім кірунку працягваецца ціск войскаў РФ з захаду і поўдня ад аднайменнага раённага цэнтру, адкуль яны плануюць выйсці да суседняга гораду Часаў Яр.
Украінскі Генштаб піша пра 13 адбітых атак праціўніка каля населеных пунктаў Багданаўка, Іванаўскае, Клішчыеўка і Андрэеўка.
Украінскія вайскоўцы. (Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook)
Пры гэтым расейскі бок заяўляе пра паляпшэнне свайго становішча па пярэднім краі.
«Говорять Снайпер» паведамляе, што Збройныя сілы Украіны рыхтуюцца да абароны Часавага Яру.
Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)
17 лютага галоўнакамандуючы сухапутнымі войскамі ЗСУ Аляксандр Сырскі заявіў пра вывад сілаў абароны з тэрыторыі Аўдзееўкі. Генерал-палкоўнік патлумачыў, што такое рашэнне было прынятае дзеля пазбягання атачэння і захавання жыццяў абаронцаў гораду.
На фоне такой сітуацыі расейскія вайскоўцы пачалі займаць тэрыторыю Аўдзееўкі, і бліжэй да вечару 17 чысла з’явіліся паведамленні пра іхны заход у апошнія рубяжы абароны ўкраінцаў у горадзе – коксахімічны завод і раён шматпавярховых дамоў на захадзе Аўдзееўкі.
Украінскія вайскоўцы. (Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook)
Разам з тым на тэрыторыі гораду яшчэ могуць заставацца ўкраінскія вайскоўцы, якія не паспелі ці не змаглі адысці разам з асноўнымі сіламі.
На мар’інскім кірунку лінія фронту выглядае больш стабільнай, але і тут ініцыятывай валодаюць Узброеныя сілы РФ.
Па інфармацыі ўкраінскага камандавання, тут за содні УС РФ 12 разоў атакавалі каля сёлаў Георгіеўка і Новаміхайлаўка, але поспеху не дасягнулі.
Расейскі ваенкор Сямён Пегаў удакладняе, што штурм Новаміхайлаўкі ідзе з усходу і паўднёвага ўсходу.
Бярдзянскі, мелітопальскі і херсонскі кірункі (лінія фронту на поўдні Данецкай вобласці, а таксама ў Запарожскай і Херсонскай вобласцях)
На поўдні Украіны войскі РФ тройчы атакавалі з паўднёвага ўсходу ад сяла Малая Такмачка (каля гораду Арэхаў) у Запарожскай вобласці, але ЗСУ ўтрымалі свае пазіцыі.
Таксама фіксуюцца штурмавыя дзеянні расейцаў каля сяла Крынкі на левым беразе Дняпра ў Херсонскай вобласці, дзе ЗСУ ўтрымліваюць невялікі плацдарм. Але і тут лінія фронту пакуль застаецца нязменнай.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.