«ОК, "Google", як павесіцца ў машыне?» Час чакання ўезду ў Літву з Беларусі перавысіў содні
12.04.2024, 17:03
Пункт пропуску «Беняконі – Шальчынінкай» на беларуска-літоўскай мяжы. 11 красавіка 2024 года. (Фота: «ГраницаBY Беларусь-ЕС» / Telegram)
podpis źródła zdjęcia
«Літоўцы сказалі: гэтак цяпер будзе заўсёды, вы тут не патрэбныя».
Эпідэмія шматгадзіннага чакання на беларускай мяжы на выезд у ЕЗ распаўсюдзілася на Літву. Падарожнікі, якія едуць легкавікамі, скардзяцца, што ў чарзе даводзіцца стаяць амаль содні. Прыкладна столькі ж часу патрабуецца, каб выехаць у Польшчу.
Пункт пропуску «Беняконі – Шальчынінкай» на беларуска-літоўс (Фота: «ГраницаBY Беларусь-ЕС» / Telegram)
У красавіку заўважна выраслі чэргі перад пунктам пропуску «Варшаўскі мост – Тэрэспаль» у Берасці, адзіным пераходам, праз які можна трапіць у Польшчу. Цяпер істотна вырас час чакання на заездзе ў Літву.
Паводле апошніх на момант публікацыі звестак Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, у чарзе ў Каменным Логу – 60 легкавікоў, у Беняконях – 90. Раніцою ў Каменным Логу было 110 аўтаў, у Беняконях – 70.
Хто сёння заехаў у Літву, пішуць у Telegram-чатах, што прастаялі ў чаканні амаль содні.
,,
«На заезд у Літву з шасці каналаў працуе адзін. Калі спыталі, чаму не адкрыць болей, літоўцы сказалі: гэтак цяпер будзе заўсёды, вы тут не патрэбныя», – сцвярджае беларус, які сёння мінуў мяжу праз Каменны Лог.
Яшчэ адтуль пішуць: «Учора а 5:40 сталі ў чаргу, заехалі да літоўцаў сёння аб 11:00. Агулам пакуль 29 гадзінаў».
У пункце «Беняконі» – падобная сітуацыя:
«Мінанне мяжы – ад чаргі да зоны чакання да выезду ад літоўцаў – 21 гадзіна».
«10.04 а 18:00 стаў у чаргу. Выехаў ад літоўцаў а 16:30 11.04. Вынік – 22 гадзіны».
У асобных падарожнікаў нервы не вытрымліваюць:
,,
«ОК, „Google”, як павесіцца ў машыне?»
Яшчэ 9 красавіка шчаслівыя беларусы пісалі ў чатах, што міналі мяжу за 3 гадзіны.
Пры гэтым аўтобусаў у чарзе няма, хоць і яны афармляюцца даўжэй як звычайна. 11 красавіка аўтобусы з Менску ў Вільню спазняліся на 1–3 гадзіны, сёння адзін выбіўся з графіку на 3 гадзіны, другі – на 30 хвілінаў.
З чым звязаныя такія затрымкі на літоўскай мяжы, невядома. «Белсат» пакуль не атрымаў адказу на запыт, дасланы памежнай ахове суседняй краіны.
У чатах з’явіліся здагадкі, што прычына больш пільнага і маруднага дагляду – саміт «Ініцыятывы трох мораў», што адбыўся ў Вільні 11 красавіка з удзелам лідараў 14 краінаў. У ліпені летась, напярэдадні саміту NATO таксама ў Вільні, Літва і Польшча ўзмацнялі захады бяспекі і кантроль на межах.
Чэргі, што ўтварыліся перад пунктам пропуску ў Берасці, Памежная ахова Польшчы тлумачыла «Белсату» міграцыйным крызісам і «недастатковай аховай дзяржаўнай мяжы з беларускага боку». Афіцэраў з тэрміналу ў Тэрэспалі перакідваюць на стрымліванне парушальнікаў у лясах.
,,
«У звязку з недастатковай аховай дзяржаўнай мяжы з беларускага боку мы таксама абавязаныя больш дэталёва правяраць асобаў, якія заязджаюць у Польшчу, да таго часу, пакуль не спыніцца рэальная пагроза нелегальнай міграцыі», – казаў прэс-сакратар Надбужанскага аддзелу Памежнай аховы Польшчы Дар’юш Сеніцкі.
Імаверна, міграцыйным крызісам, за які адказныя ўлады Беларусі, можна растлумачыць чэргі і на мяжы з Літвою. Паводле службы аховы дзяржаўнай мяжы суседняй краіны, сёлета памежнікі не пусцілі з тэрыторыі Беларусі 160 мігрантаў, летась – 2643. Праўда, за мінулыя содні спробаў парушыць мяжу Літва не зафіксавала.