навіны

Пэнтагон: ЗСУ могуць біць зброяй ЗША па ўсёй тэрыторыі РФ

Вайна ва Украіне (Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook)
Вайна ва Украіне (Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook)
podpis źródła zdjęcia

Дзеянні ўкраінскага войска ў гэтым выпадку ёсць самаабаронай.

ЗША дазволілі Украіне выкарыстоўваць амерыканскую зброю для нанясення ўдараў па любых расейскіх сілах, што атакуюць праз мяжу, а не толькі па размешчаных у зоне Харкава. Пра гэта ў чацвер, 20 чэрвеня, заявіў прэс-сакратар Пэнтагону, генерал-маёр ВПС ЗША Патрык Райдэр, піша «Politico».
Вайна ва Украіне (Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook)
Вайна ва Украіне (Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook)
«Здольнасць адкрываць агонь у адказ – вось на што накіраваная гэтая палітыка. Калі мы бачым, што расейскія войскі вядуць агонь праз мяжу, Украіна можа адкрыць агонь у адказ па гэтых наземных сілах, выкарыстоўваючы боепрыпасы, атрыманыя ад ЗША», – прыводзіць ягоныя словы агенцтва «Reuters».
Райдэр абгрунтаваў гэта тым, што дзеянні ўкраінскага войска ў такім выпадку ёсць «самаабаронай», «таму ім варта мець такую магчымасць», растлумачыў ён.
Раней падобным чынам у інтэрвʼю амерыканскаму тэлеканалу PBS выказаўся памочнік прэзідэнта ЗША ў справе нацыянальнай бяспекі Джэйк Саліван. Адказваючы на пытанне журналісткі наконт дапушчальнасці ўдараў па тэрыторыі Расеі з выкарыстаннем амерыканскага ўзбраення, прадстаўнік Белага дому заявіў:
«Рэч не ў геаграфіі. Рэч у разумным сэнсе. Калі Расея атакуе або збіраецца атакаваць Украіну са сваёй тэрыторыі, то ёсць сэнс дазволіць Украіне нанесці ўдар у адказ па сілах, што бʼюць па ёй праз мяжу», – дадаў Саліван.
У канцы траўня на фоне ўзмацнення расейскіх удараў па Харкаўскай вобласці шэраг краінаў дазволіў Украіне, якая абараняецца ад уварвання РФ, выкарыстоўваць дадзеную імі зброю, каб атакаваць вайсковыя абʼекты на расейскай тэрыторыі.
У адказ Масква прыгразіла ЗША «фатальнымі наступствамі» пастановаў, датычных выкарыстання Украінай перададзенай ёй амерыканскай зброі. Уладзімір Пуцін заявіў пра магчымасць «асіметрычнага адказу» Захаду.
Прэзідэнты ЗША і Украіны Джо Байдэн і Уладзімір Зяленскі 13 чэрвеня падчас саміту «Вялікай сямёркі», куды быў запрошаны і ўкраінскі лідар, падпісалі двухбаковае пагадненне аб бяспецы на 10 гадоў. У ім няма абавязанняў ЗША наконт адпраўлення амерыканскіх вайскоўцаў для абароны Украіны і якіх-небудзь фінансавых абавязанняў Вашынгтону перад Кіевам.
Тым не менш, у пагадненні гаворыцца, што ў выпадку ўзброенага нападу на Украіну або пагрозы такога нападу высокапастаўленыя чыноўнікі ЗША сустрэнуцца з украінскімі калегамі цягам 24 гадзінаў, каб абмеркаваць захады рэагавання і пастаўкі, патрэбныя Украіне для абароны.
Байдэн адзначыў, што гэта пагадненне – адзін з крокаў на шляху Украіны ў Паўночнаатлантычны альянс. Раней аналагічныя дамовы аб бяспецы падпісалі з Украінай 15 іншых краінаў, у тым ліку Нямеччына, Францыя і Вялікая Брытанія.
Нагадаем: паводле інфармацыі «The Guardian», першыя перададзеныя Украіне самалёты F-16, што прыбудуць улетку, будуць абараняць Харкаў.
Ася Саковіч belsat.eu
больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10