У Літву можна правезці адну цыгарэту, а ў Берасці стаіць амаль 40 аўтобусаў. Сітуацыя на мяжы
28.06.2024, 16:50
Belsat
podpis źródła zdjęcia
Вярнуцца ў Беларусь складаней, чым выехаць.
На выездзе з Беларусі ў ЕЗ зусім невялікія чэргі з легкавых аўтамабіляў, а аўтобусная чарга толькі ў Берасці. Пры гэтым 1930 грузавых аўтамабіляў вымушаныя на спякоце чакаць уезду ў Еўропу. «Белсат» паглядзеў, якая абстаноўка на мяжы ўдзень 28 чэрвеня.
Чарга на польска-беларускай мяжы з легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў каля пераходу «Тэрэспаль» («Берасце»). Тэрэспаль, Польшча. 14 траўня 2024 года. (Фота: Карына Пашко / Белсат)
Паводле звестак Дзяржпамежкамітэту, па стане на 16:00 аўтамабільных чэргаў на ўезд у Латвію не было. У Берасці, каб трапіць у Польшчу, чакалі 12 аўтамабіляў.
Тым не менш памежная служба Беларусі скардзіцца на польскіх калегаў:
,,
«Найменшую колькасць транспарту цягам тыдня афармлялі ў польскім памежным пераходзе Тэрэспаль (Берасце) – менш за 36 % ад нормы».
У Літву чакалі ўезду 50 аўтаў і ўсё ля «Беняконяў». Людзі ў чатах, дзе абмяркоўваюць праходжанне мяжы, пішуць, што тут усё рухаецца павольна, некаторыя шкадуюць, што не паехалі ў Еўропу праз Латвію.
«Прапускаюць дзве машыны ў гадзіну», – піша адзін з удзельнікаў чату. За шэсць гадзін пасля ўезду на беларускі памежны пункт, на літоўскі людзі так і не патрапілі.
Уехаць у Беларусь на машыне складаней. У чатах пішуць, што з Польшчы ў Беларусь 27 чэрвеня была вялікая чарга. Прыйшлося выдаткаваць каля 12 гадзін, каб прайсці польскі і беларускі пункты пропуску.
Яшчэ адзін карыстальнік распавядае, што за 2 гадзіны 40 хвілін чарга прасунулася на метраў 500.
Каб прыехаць на беларускі «Каменны лог» на машыне, трэба прастаяць 8 гадзін у чарзе, паведамляюць у чатах.
Даехаць да «Беняконяў» таксама няпроста – каля 100 машын чакаюць з літоўскага боку. Людзі пішуць, што чарга амаль не прасоўваецца:
,,
«Мала таго, што працуюць вельмі павольна, заўсёды ёсць машыны з дзецьмі да трох гадоў, інваліды, і ёсць тыя, хто пруць без чаргі. Звычайным людзям што застаецца рабіць? Стаяць тут суткамі? Наша чарга за 5 гадзін прасунулася ўсяго на 10 машын».
Тыя, хто ехалі раніцай з Латвіі, пішуць, што на праходжанне мяжы спатрэбілася 4 гадзіны 20 хвілін, а ў чарзе было крыху больш за 30 машын.
Што датычыцца аўтобусаў, то ўсюды, акрамя «Берасця», Памежкамітэт Беларусі не фіксуе чэргаў. А вось ля «Берасця» сабралася 38 аўтобусаў па стане на 16:00. А 14-ай Памежкамітэт Беларусі паведамляў пра 42 аўтобусы.
Адзін з падарожнікаў распавядае, што падсеў на мяжы ў аўтобус за 105 рублёў, аднак ужо больш за 16 гадзін усё яшчэ стаіць у чарзе.
У бок Беларусі праехаць атрымліваецца даволі хутка, пішуць у чатах. Тыя, хто а 11-й раніцы выехалі з Варшавы, а 17:00 ужо прайшлі ўсе праверкі ў беларусаў.
Уезд у Літву на аўтобусе ў «Беняконях» апісваюць як даволі лёгкі – некалькі гадзін на абедзве мяжы, а правяраюць літоўцы не моцна.
,,
«У людзей былі цукеркі, печыва для падарункаў – усё пакінулі. Папрасілі выкінуць толькі хатнія сняданкі з варэннем. Алкаголь нельга, цыгарэты пакідалі толькі па адной (не пачцы, а штуцы), астатняе – на выкід».
На ўездзе ў Беларусь, прынамсі раніцай 28 чэрвеня, чэргаў людзі не назіралі. Такая ж сітуацыя была днём пры ўездзе ў Беларусь праз «Каменны лог».
У чаце, прысвечаным мяжы з Латвіяй, аўтобусы зусім не абмяркоўваюць.
Значна горшая сітуацыя на мяжы для фур. Уезду ў Еўропу з Беларусі чакаюць 1930 машын. З іх 530 – у Латвію, 1200 – у Літву (580 ля Каменнага логу і 620 ля Беняконяў) і 200 – у Польшчу.
«Кантрольныя службы памежнага пераходу Мядзінінкай (Каменны Лог) з панядзелка штосутачна афармлялі каля 60 фур з 500 магчымых, што складае 12% ад нормы. Гэта найменшы паказнік выканання нормы пропуску сярод усіх еўрапейскіх пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю.
Праз Латвійскі памежны пераход Патэрніекі (Грыгароўшчына) у краіны ЕЗ з пачатку тыдня штосутачна заязджала блізу 50% фур ад нормы. Польскі бок у Кукурыках (Казловічы) з панядзелка прапусціў на сваю тэрыторыю 52% велікагрузаў», – тлумачыць навала чэргаў Памежкамітэт Беларусі.