«Вось да чаго мяжа давяла. Усе здзічэлі». У чарзе з Польшчы ў Беларусь даводзіцца стаяць амаль содні
02.07.2024, 10:02
На беларуска-польскай мяжы затрымалі голага мужчыну. 1 ліпеня 2024 года. (Фота: granica_bypl / Telegram)
podpis źródła zdjęcia
Напярэдадні рух праз Тэрэспаль спыняўся праз голага мужчыну на мяжы.
Падчас абмеркаванняў чэргаў на мяжы ў Telegram-чатах акцэнт ссунуўся на ўезд у Беларусь з Польшчы, хоць звычайна часцей пісалі пра чэргі з боку Берасця. Падарожнікі сведчаць, што цяпер чакаюць праходжання мяжы амаль содні, скардзяцца на «ўлезуноў» і не шкадуюць абразаў на адрас гандляроў месцамі ў чарзе.
Чарга перад пунктам пропуску «Тэрэспаль» на ўезд у Беларусь. 2 ліпеня 2024 года. (Фота: granica_bypl / Telegram)
Чаты, прысвечаныя пераходу мяжы, поўняцца абразамі, скаргамі і нараканнямі. У доўгім чаканні абвінавачваюць усіх: і польскіх службоўцаў, і беларускіх, і гандляроў месцамі, якія без чаргі пускаюць «улезуноў». Даходзіць да філасофскіх разважанняў, ці то мяжа давяла да таго, што беларусы здзічэлі, ці то людзі заўсёды такія былі, а асаблівыя абставіны проста выявілі нізкія чалавечыя якасці.
Больш за ўсіх атрымліваюць кіроўцы з берасцейскімі нумарамі, якія пускаюць у чаргу «сваіх». Часам здараюцца канфлікты і высвятленне стасункаў.
Найвялікшыя чэргі цяпер фіксуюцца перад пунктам пропуску ў Тэрэспалі ў бок Беларусі. Там больш за 400 легкавікоў, дзясяткі аўтобусаў. У чатах пішуць, што час чакання – каля содняў. Беларускія мытнікі звычайных падарожнікаў даглядаюць не так пільна, як «чаўночнікаў».
Напярэдадні і без таго няпростую сітуацыю пагоршыў голы мужчына, які бегаў паміж пунктам «Тэрэспаль» і Варшаўскім мостам. Рух на пераходзе праз яго спынялі на некалькі гадзінаў.
На беларуска-польскай мяжы затрымалі голага мужчыну. 1 ліпеня 2024 года. (Фота: granica_bypl / Telegram)
Паводле звестак Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі на 10:00 раніцы ў чарзе ў Берасці – 200 легкавікоў і 55 аўтобусаў.
У «Каменным Логу» на мяжы з Літвою – 100 легкавых аўтаў, у «Беняконях» – 45. Там выезду з Беларусі чакаюць каля дванаццаці гадзінаў. Аўтобусных чэргаў, паводле Памежнага камітэту, няма.
Пры гэтым чэргі ўтварыліся на ўезд у Беларусь: у «Мядзінінкаі» – 140 аўтамабіляў, у «Шальчынінкаі» – 80, таксама даводзіцца чакаць палову содняў.
1 ліпеня на пераходзе на мяжы з Латвіяй, звычайна самым незагружаным, падарожнікаў чакаў сюрпрыз: у чатах пішуць, што латышскія службоўцы, спасылаючыся на новыя санкцыі, забаранілі ўвозіць у краіну шмат якія тавары, у тым ліку касметыку, алкагольныя напоі, цыгарэты.
Выкінутыя на патрабаванне латышскіх службоўцаў рэчы ў пункце пропуску «Грыгораўшчына – Патэрніекі». 1 ліпеня 2024 года. (Фота: granica_bypl / Telegram)
Што датычыць чаргі, то ў «Грыгораўшчыне» яе няма, як паведамляюць падарожнікі, на мінанне мяжы што ў адзін, што ў другі бок патрабуецца 2–3 гадзіны.