Як Лукашэнка будуе культ асобы і падстройвае ўсю краіну пад сябе
08.07.2024, 06:35
Аляксандр Лукашэнка святкуе перамогу сваёй каманды пасля хакейнага матчу на рэспубліканскіх спаборніцтвах сярод аматараў у Менску. Падчас гульні Лукашэнку ўдарылі хакейнай клюшкай па твары. Менск, Беларусь. 9 красавіка 2022 года. (Фота: Andrei Stasevich / BelTA / Pool / AP / East News)
podpis źródła zdjęcia
Паразважалі з Вадзімам Мажэйкам пра тое, як прапаганда ўзвялічвае асобу Лукашэнкі.
10 ліпеня спаўняецца 30 гадоў з моманту правядзення другога туру прэзідэнцкіх выбараў, на якіх перамогу атрымаў Аляксандр Лукашэнка. Дзяржаўны апарат і прапаганда пачалі актыўна рыхтавацца да гэтай падзеі, усхваляючы дасягненні «правадыра» за час кіравання. Тым самым робіцца чарговы ўнёсак у фармаванне культу ягонай асобы, што было адзначана незалежнымі экспертамі. «Белсат» разам з каардынатарам «Нашае візіі» Вадзімам Мажэйкам прааналізаваў, маем мы ўжо сфармаваны культ асобы Аляксандра Лукашэнкі ці для гэтага яшчэ нечага не хапае.
Аляксандр Лукашэнка святкуе перамогу сваёй каманды пасля хакейнага матчу на рэспубліканскіх спаборніцтвах сярод аматараў у Менску. Падчас гульні Лукашэнку ўдарылі хакейнай клюшкай па твары. Менск, Беларусь. 9 красавіка 2022 года. (Фота: Andrei Stasevich / BelTA / Pool / AP / East News)
Пра тое, што ў Беларусі ствараецца культ асобы Аляксандра Лукашэнкі, «Белсат» пісаў ужо неаднойчы. Выпадкі, якія гэта пацвярджалі, былі ўсё больш яскравымі: то экскурсіі па месцах, звязаных з Аляксандрам Лукашэнкам; то жаданне «Беларусьфільму» зняць кіно пра кіраўніка дзяржавы; то стварэнне крамаў з прадукцыяй, якая ўтрымлівае цытаты «першага». І калі раней гэтыя спробы здаваліся хутчэй адзінкавымі праявамі падлізвання на месцах, то апошнім часам яны зрабіліся больш сістэмнымі.
Аб гэтым, напрыклад, піша палітычны аналітык Арцём Шрайбман у сёмым выпуску «Беларускага трэкеру перамен».
,,
«Па меры набліжэння Лукашэнкі да трыццацігоддзя кіраўніцтва краінай ягоны рэжым пачаў спачатку дазваляць, а затым заахвочваць усё больш адкрытыя праявы культу асобы аўтакрата», – адзначае Арцём Шрайбман.
Апагеем, паводле Шрайбмана, быў першы дзень Усебеларускага народнага сходу, на якім колькасць хваласпеваў на адрас Аляксандра Лукашэнкі проста зашкальвала. Менавіта на ім адным з пытанняў парадку дня было абранне Аляксандра Лукашэнкі старшынём УНС, а ад удзельнікаў падзеі «патрабавалася вытлумачыць такі выбар у падрыхтаваных выступах».
,,
«У выніку яны ператварыліся ў калектыўны сеанс «угаворвання» лідара ўзяць на сябе адказнасць за яшчэ адну галоўную пасаду ў краіне і тлумачэнне прысутным, а таксама тэлевізійнай аўдыторыі, чаму Лукашэнка – незаменны лідар», – адзначаецца ў «Беларускім трэкеры перамен».
І быццам бы ў пацвярджэнне гэтых словаў дзяржаўныя функцыянеры працягнулі трэнд на ўсхваленне. Так, прафсаюзы Гомельшчыны абвясцілі конкурс дзіцячага малюнку пад назвай «Мой прэзідэнт самы…», з дапамогай якога збіраліся «выхаваць пачуццё патрыятызму і нацыянальнага гонару ў дзяцей». А ідэолагі з рагачоўскага аддзялення «Белай Русі» скрэатывілі «цытатачэлендж», у якім прапаноўвалі людзям фатаграфавацца з цытатамі Лукашэнкі.
Жанчыны з беларускімі дзяржаўнымі сцягамі падчас выступу Аляксандра Лукашэнкі на жаночым форуме ў Менску, Беларусь. 17 верасня 2020 года. (Фота: TUT.by / AP / East News)
Розгалас набыла прапанова аб выданні твораў Аляксандра Лукашэнкі, агучаная 11 чэрвеня ў праўладным Саюзе пісьменнікаў Беларусі. Гэта здарылася неўзабаве пасля таго, як самаабвешчаны прэзідэнт прызнаўся, што ў юнацтве пісаў вершы і насіў іх за 15 кіламетраў «у шклоўскую раёнку, спадзеючыся, што іх апублікуюць».
Відавочна, што ідэя «пайшла ў народ», і над пытаннем ужо б’юцца найлепшыя розумы прапаганды. Так, прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант адзначыла, што «вельмі многія людзі звяртаюцца з пытаннем пра кнігу», якую напісаў бы Лукашэнка.
,,
«Зразумела, што цяпер не да кніг, і зразумела, што цяпер мы нават не падступаемся да прэзідэнта з гэтым пытаннем. Але мы ж усе разумеем, наколькі гэта важна. Гэта першы прэзідэнт нашай краіны. І таго, што ведае ён, натуральна, не ведае ніхто. Я вельмі спадзяюся, вельмі ў гэта веру, што такая кніга або шэраг кніг калісьці пабачаць свет», – кажа Наталля Эйсмант.
Пасля такога адказу ўжо не пакідае адчуванне, што выданне такой кнігі – гэта ўсяго толькі пытанне часу.
У святле ж выбарчай кампаніі, якую ўжо актыўна распачаў Аляксандр Лукашэнка, пытанне ўвогуле становіцца рубам: «Хто, калі не ён?» Менавіта так сфармулявала гэтае пытанне ў эфіры ў Грыгорыя Азаронка прапагандыстка Ксенія Лебедзева. Сам жа Азаронак, як заўсёды, пайшоў яшчэ далей, сказаўшы, што «на калені ўсе беларусы стануць і будуць прасіць бацьку застацца ў 2025 годзе на выбарах». Фактычна, такім чынам перад усімі намі ставіцца пытанне аб безальтэрнатыўнай будучыні для краіны: Беларусь = Лукашэнка.
Дык ці маем мы ўжо ўсе праявы, каб казаць пра поўнае фармаванне культу асобы?
,,
«Насамрэч у культу асобы няма нейкага акрэсленага спісу, і немагчыма сказаць, што калі гэты элемент ёсць, то гэта ўжо культ асобы, а калі яго няма, то гэта яшчэ не культ», – кажа каардынатар «Нашае візіі» Вадзім Мажэйка.
Культы асобаў будаваліся па-рознаму ў розных кіраўнікоў: тысячы гадоў таму быў моцны рэлігійны элемент, калі кіраўнік лічыўся прадстаўніком Бога на зямлі, памазаннікам божым. У сучасным грамадстве гэта ўжо непапулярна, але пры гэтым нельга сказаць, што цяпер усе культы асобы «нейкія не такія, як гэта было тысячы гадоў таму», кажа наш суразмоўца.
Аляксандр Лукашэнка на саміце аб барацьбе са зменамі клімату ў Дубаі ў снежні 2023 года. Менавіта гэтую прамову прапаноўвалі выдаць у друкаваным выглядзе на нарадзе ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі. (Фота: Amr Alfiky / Reuters / Forum)
У сучасных умовах, адзначае Вадзім Мажэйка, вялікую ролю грае маніпуляцыя медыямі (у тым ліку новымі медыямі і інтэрнэтам), дэзынфармацыя, стварэнне перашкодаў на шляху да нейкай праўды, а таксама адсутнасць у публічнай прасторы крытыкі на адрас кіроўнай асобы. Усё гэта можна назваць прыкметамі таго, што ідзе стварэнне культу асобы.
,,
«Між іншага, Лукашэнка не ўнікальны, калі спрабаваў змагацца са сваім культам асобы і згадваў, што, маўляў, прыбірайце мае партрэты. Гэта таксама не новае: той жа Сталін адной рукой змагаўся са сваім культам асобы, а другой рукой яго выдатна будаваў», – адзначае Вадзім Мажэйка.
Пры гэтым стварэнне культу асобы можа ісці без канкрэтнага загаду або праграмы з некалькіх пунктаў, якія трэба выконваць, а дыктуецца самой логікай працы аўтакратыі, у якой усё, што яна робіць сама праз сябе, ідзе на ўмацаванне культу асобы. Напрыклад, цэнзура ў медыях і стварэнне «правільнай» версіі ў гісторыі робіцца для канкрэтных палітычных мэтаў, але фактычна будуе культ асобы.
Да таго ж, калі ўлічваць, што на кіроўныя пасады ў сістэме Лукашэнкі людзі прыходзяць праз лаяльнасць да лідара, то гэтыя чыноўнікі разумеюць, што лаяльнасць да сістэмы і яе кіраўніка – гэта іхны галоўны рэсурс. І замест таго, каб атрымліваць дадатковую адукацыю ці павышаць свае кампетэнцыі, яны развіваюць рэсурс лаяльнасці і нейкіх кампліментаў, гаворыць суразмоўца.
Вадзім Мажэйка адзначае, што персаналісцкім аўтакратыям фактычна наканавана развіваць культ асобы, бо нічым, акрамя проста неймаверных якасцяў гэтай персоны, немагчыма патлумачыць, а чаму ж гэты адзін чалавек мусіць столькі гадоў кіраваць, няўжо няма некага іншага? І тады, вядома ж, кажа суразмоўца, трэба патлумачыць, што так, іншых няма, а гэты – унікальны, неймаверны, і без яго ніхто нічога не зможа.
Цалкам магчыма, што Аляксандр Лукашэнка і сам пачаў больш спакойна ставіцца да праяваў ўзвялічвання сябе. Бо на хвалі больш частых праяваў культу асобы нешта не чуваць ягонага пярэчання гэтаму працэсу. Наадварот, ён працуе ў звязцы з агульнай прапагандысцкай машынай і, відавочна, ужо даўно згубіў адчуванне таго, дзе праходзіць мяжа паміж працай над іміджам і самаадданым усхваленнем правадыра.
На гэта, кажа Вадзім Мажэйка, ёсць дзве прычыны. Першая – гэта проста фактар узросту: часам людзі бранзавеюць і пачынаюць выхваляцца былымі справамі (нават тады, калі такіх вялікіх справаў магло і не быць насамрэч).
Здымак Лукашэнкі на тышортцы ў намёце з «мерчам першага». Менск, Беларусь. 10 верасня 2022 года. (Фота: Белсат)
А другі фактар – «бяда ўсіх аўтакратаў» – існаванне ў неадэкватным інфармацыйным асяродку.
«Калі гадамі і дзесяцігоддзямі (а ў дадзеным выпадку гэта трыццаць гадоў) навокал цябе толькі нейкія лісліўцы, якія кажуць табе прыемнае. Усе навокал, якую б лухту ты ні сказаў на нарадзе, сядзяць і запісваюць. Нейкіх крытычных меркаванняў ты не даведваешся. А калі нехта цябе крытыкуе, то гэта запісваецца наўпрост у крымінальны артыкул. У такой сітуацыі любому чалавеку вельмі цяжка не звар’яцець і захоўваць адэкватнае ўспрыняцце сябе. Вось такое бранзавенне аўтакрата – гэта для яго вялікая праблема. Бо, не маючы зваротнай сувязі, базуючыся на сваім уласным пачуцці, ён пачынае рабіць памылкі», – кажа Вадзім Мажэйка.
Вадзім Мажэйка таксама звярнуў увагу на тое, што сёлета спаўняецца 30 гадоў з пачатку кіравання Аляксандра Лукашэнкі, але гэты тэрмін ужо неўзабаве будзе большы, чым у Сталіна, кіраванне якога здавалася «бясконцым». І, на думку суразмоўцы, вельмі важна прыкмячаць, як надоўга гэта ўсё зацягнулася, бо гэта не адпавядае натуральнай змене пакаленняў і сведчыць пра бясконцае жаданне ўтрымання ўлады дзеля самой улады, а не дзеля нейкіх канкрэтных мэтаў – пабудовы камунізму ці «сусветнага Трэцяга Райху» (як гэта было ў кіраўнікоў СССР ці нацысцкай Нямеччыны адпаведна).
,,
«Гэта не нешта вельмі прыемнае, але ёсць нейкая мэта, і яна, прынамсі, вымяральная. У дадзеным выпадку [пры рэжыме Лукашэнкі] няма ніякай фінальнай мэты, і зараз гэта нейкая рэтраспектыўная ўлада, накіраваная назад, якая хоча захаваць тое, што ёсць, і не хоча нічога новага», – адзначыў Вадзім Мажэйка.
Ёсць людзі пенсійнага веку, кажа каардынатар «Нашае візіі», якія таксама могуць не жадаць нічога мяняць у будучыні, бо яны ў хуткім часе памруць і іх усё задавальняе. Па-чалавечы такая логіка можа быць зразумелай.
«Але калі казаць пра Лукашэнку, то ягонае жыццё скончыцца, а жыццё краіны – не. І з такой логікай непрымальна падыходзіць да кіравання краінай. Таму калі Лукашэнка хоча дажываць сваё жыццё стабільна – гэта ягонае права, але праблема ў тым, што такім кіраваннем ён цягне за сабой у магілу і ўсю краіну», – адзначыў Вадзім Мажэйка.