навіны

Улезунам – бой, людзям – трывання. Берасцейцы працягваюць псаваць свой імідж на мяжы

Belsat
Belsat
podpis źródła zdjęcia

«Абмацюкалі, нахабна намагаліся ўціснуцца».

Паводле звестак Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі на раніцу 28 ліпеня, выезду ў краіны ЕЗ чакаюць 520 аўтаў. Самы шпаркі варыянт – ехаць праз пункт «Грыгароўшчына – Патэрніекі» на мяжы з Літвою, там чэргаў няма.
Мікрааўтобус, кіроўца якога намагаецца аб’ехаць чаргу на польска-беларускай мяжы. Тэрэспаль, Польшча. 28 ліпеня 2024 года. (Фота: granica_bypl / Telegram)
Мікрааўтобус, кіроўца якога намагаецца аб’ехаць чаргу на польска-беларускай мяжы. Тэрэспаль, Польшча. 28 ліпеня 2024 года. (Фота: granica_bypl / Telegram)
350 легкавікоў, паводле Дзяржаўнага памежнага камітэту, стаяць нядзельным ранкам у Берасці на выезд з Беларусі. Як пішуць у Telegram-чатах, чакаць даводзіцца 22–24 гадзіны.
Амаль 200 аўтаў стаяць у чарзе ў Тэрэспалі, час чакання – 12–14 гадзінаў.
«Улезуны» і гандляры месцамі нікуды не падзеліся, сведчаць падарожнікі. У чатах публікуюць фота машынаў, што намагаюцца ўціснуцца без чаргі – такое адбываецца па абодвух баках мяжы.


,,

«Машыны на першым рэгіёне прадаюць чаргу. Інспектар ДАІ стаіць і не хоча аніякіх захадаў прымаць! Гэта трэш поўны!!!» – пішуць з чаргі ў Берасці.


«Дзве сямейкі стаялі ззаду нас, усе 11 гадзінаў чакання цягалі нейкія скрыні, цюкі, сумкі, абмацюкалі жанчыну, якая намагалася сфатаграфаваць аўты суседзяў і агулам паводзіліся агрэсіўна і як тыповае быдла. Потым яны бліжэй да мяжы прапусцілі тры машыны перад сабою, усе на нумарах берасцейскага рэгіёну. Паліцыя дзяжурыла, але не заўсёды. «Улезуны» нахабна намагаліся ўціснуцца, тыя, хто побач стаяў, з імі сварыліся і ў бальшыні выпадкаў выганялі», – паведамляюць з Тэрэспалю.
Берасцейскіх прымежных гандляроў пачалі называць «толікамі», у чатах завялі адпаведны гэштэг.


,,

«Імаверна, толік. Адразу сказаў, што да яго пад’едзе бус перагрузіцца і ён заняў яму месца. Сказаў яму, што можа перагрузіцца – і хай з’язджае. У адказ: калі пры перагрузцы ўсё не ўлезе, то сябар таксама ў чаргу стане. Таксама пачуў, куды мне засунуць свой тэлефон, і не толькі», – расказаў падарожнік з чаргі ў бок Беларусі.


«Адзін трымае чаргу, астатнія закупляюцца раніцою, каб потым улезці да таго, хто трымае. Перагружаюцца – і наперад увозіць тавар “для асабістага карыстання”», – канстатавалі ў чаце.
«Улезуны» у чарзе на беларуска-польскай мяжы. Берасце, Беларусь. 28 ліпеня 2024 года. (Фота: granica_bypl / Telegram)
«Улезуны» у чарзе на беларуска-польскай мяжы. Берасце, Беларусь. 28 ліпеня 2024 года. (Фота: granica_bypl / Telegram)
Выезду ў Польшчу зараз чакаюць 25 аўтобусаў. Рэйсавыя чакаюць каля 12 гадзінаў, турыстычныя – 18. Час ад часу на мяжы дзяжурыць транспартавая інспекцыя, тады ў аўтобусы бліжэй да мяжы на падсадку не бяруць.
У Тэрэспалі каля 10 аўтобусаў, мяжу яшчэ праходзяць пасажыры, якія прыехалі туды ўвечары ў суботу.
У «Каменным Лозе» у бок Літвы – 90 легкавікоў, час чакання – блізу 14 гадзінаў. Шлях дадому – хутчэйшы, там у чарзе 30 аўтаў, спатрэбіцца каля 5 гадзінаў.
На выезд у Літву зараз адзін аўтобус, пасажыры ў чатах пішуць, што чакалі ад 5 да 8 гадзінаў. У Беларусь едуць крыху шпарчэй, ад 3 да 5 гадзінаў.
У чарзе ў «Беняконях» – 80 легкавых машынаў, чакаць даводзіцца каля 16 гадзінаў. У бок Беларусі ўначы чакалі 7 гадзінаў, цяпер – каля 4, як сведчаць у чатах, чарга рассмакталася.
Аўтобусных чэргаў няма на абодвух баках, афармленне займае блізу 3 гадзінаў.
Самы свабодны пункт пропуска сёння – «Грыгароўшчына – Патэрніекі», чэргаў там няма што ў адзін, што ў другі бок.
Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10