навіны
Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 2 чэрвеня

podpis źródła zdjęcia
«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі па стане на вечар 2 чэрвеня чытайце ў нашым аглядзе.
Паводле звестак Генеральнага штабу ЗСУ, з моманту поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну страты расейскага войска дасягнулі 30850 чалавек забітымі.
Цягам апошніх содняў на Данецкім і Луганскім напрамках украінскія сілы адбілі трынаццаць атак расейцаў.
Кіраўнік вайсковай адміністрацыі Данецкай вобласці Украіны Паўло Кірыленка паведаміў, што расейскія войскі спрабуюць правесці паспяховыя наступальныя дзеянні на Ліманскім кірунку. Паводле яго, мэтай атак з’яўляецца захоп Святагорскай лаўры для далейшага авалодання Славянскам і Краматорскам.
Таксама расейскія войскі спрабуюць захапіць трасу Бахмут – Лісічанск, каб нарэшце выйсці на адміністратыўную мяжу Луганскай вобласці, прасунуцца ў кірунку Бахмуту і затым злучыцца з войскамі, што будуць наступаць на Славянск і Краматорск. Пры гэтым расейцы працягваюць штурм гораду Севераданецк.
На іншых участках Усходняй зоны аперацыі вораг у асноўным спрабаваў утрымаць ды ўмацаваць свае пазіцыі, пры гэтым працягваў абстрэльваць артылерыяй і авіяцыяй украінскія тэрыторыі.
Спікер Мінабароны Украіны Аляксандр Матузянік паведаміў, што ўкраінскае войска ў сваю чаргу выйшла на мяжу з Расеяй у некалькіх кропках Харкаўскай вобласці. Пры гэтым расейцы не памяншаюць напружанне ў рэгіёне, каб падраздзяленні ЗСУ адтуль не перавялі на іншыя напрамкі.
Разам з тым генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнберг мяркуе, што вайна ва Украіне абавязкова скончыцца за сталом перамоваў. Паводле слоў генсека NATO, канкрэтны час заканчэння вайны цалкам залежыць ад становішча на полі бою. Пры гэтым Стольтэнберг падкрэсліў, што альянс працягвае падтрымліваць Украіну і ейныя рашэнні.
Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў заявіў, што для правядзення рэферэндумаў у Данецкай, Запарожскай, Луганскай і Херсонскай вобласцях Украіны аб іх уваходжанні ў склад Расеі неабходныя пэўныя ўмовы і жаданне жыхароў гэтых тэрыторыяў. Паводле Пяскова, перш за ўсё, трэба гарантаваць бяспеку мясцовых жыхароў, бо не закончыліся баявыя дзеянні.
У самой Расеі распачаліся затрыманні і ператрусы сярод мясцовых актывістаў. Іх вінавацяць у распаўсюдзе «фэйкаў» пра расейскую армію. Артыкул 207.3 быў уключаны ў Крымінальны кодэкс РФ у сакавіку 2022 года ў адказ на антываенныя выступленні і выказванні, а таксама распаўсюд інфармацыі пра вайну не з афіцыйных расейскіх крыніцаў. Абвінавачаным па гэтым артыкуле пагражае да дзесяці гадоў пазбаўлення волі.
Турэцкая кампанія «Baykar» вырашыла бясплатна перадаць Літве беспілотнік Bayraktar TB2. Жыхары Літвы сабралі 5 мільёнаў еўра на яго пакупку для Украіны. Але, даведаўшыся пра гэта, кампанія вырашыла бясплатна перадаць яго Літве, і цяпер просіць сабраныя сродкі перадаць Украіне на гуманітарную дапамогу.
«Медиазона» апублікавала дадзеныя Нацыянальнай паліцыі Украіны аб колькасці зніклых без вестак украінцаў і неапазнаных целаў. Паводле праваахоўных органаў на 26 траўня, з пачатку вайны ў паліцыю падалі 9030 заяваў аб зніклых без вестак, 6793 чалавекі ўсё яшчэ шукаюць. Больш за ўсё зніклых у Данецкай (1660 чалавек), Кіеўскай (584), Харкаўскай (581), Палтаўскай (579) і Днепрапятроўскай (566) вобласцях. У ведамстве таксама зафіксавалі 1115 неапазнаных целаў.
Удзень 2 чэрвеня ўкраінскія СМІ паведамілі, што ў порце акупаванага Бярдзянску прагрымеў моцны выбух. Адзначаецца, што ў шэрагу раёнаў гораду ад выбухной хвалі дрыжалі вокны. Інфармацыя правяраецца. Паводле папярэдніх звестак, украінскімі партызанамі знішчаны адзін з ваенных грузаў акупантаў.
Віцька Кавалак belsat.eu