Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп зрабіў новы крок у гандлёвай вайне, абвясціўшы ўвядзенне 25-адсоткавага мыта на імпарт аўтамабіляў і іх частак.
Паводле амерыканскага прэзідэнта, мыта на аўтамабілі пачне дзеяць ужо 2 красавіка, а на дэталі – з траўня або пазней. Трамп сцвярджае, што гэтае рашэнне паспрыяе росту амерыканскай аўтапрамысловасці, прыцягненню інвестыцыяў і стварэнню новых працоўных месцаў, паведамляе Бі-Бі-Сі.
Аднак, паводле экспертаў, такія захады могуць прывесці да падзення вытворчасці ў ЗША, росту цэнаў і пагаршэння стасункаў з хаўруснікамі. У 2023 годзе Штаты імпартавалі 8 мільёнаў аўтамабіляў на агульную суму 240 мільярдаў долараў, прычым асноўныя дастаўцы – Мексіка, Паўднёвая Карэя, Японія, Канада і Нямеччына.
Шмат амерыканскіх аўтавытворцаў размясцілі заводы ў Мексіцы і Канадзе, скарыстаўшыся зонаю свабоднага гандлю. Акрамя таго, шмат якія аўты, што збіраюцца ў ЗША, утрымліваюць імпартныя часткі, якія таксама трапляюць пад новае мыта.
Праўда, Белы дом заявіў, што для Мексікі і Канады часова зробяць выключэнне, пакуль не будзе наладжаная сістэма кантролю і збору мыта.
Паводле «Anderson Economic Group», новае мыта можа павялічыць кошт аўтамабіляў у ЗША на 4–10 тысяч долараў у залежнасці ад мадэлі. Паколькі амаль ніводнае аўта ў ЗША не складаецца выключна з амерыканскіх дэталяў, гэта можа моцна ўдарыць па рынку.
Раней ужо ўведзеныя Трампам сыты на сталь і алюміній выклікалі праблемы для аўтапрамысловасці. Найбуйнейшыя кампаніі, у тым ліку «Ford» і «General Motors», заклікалі не ўводзіць новых абмежаванняў, але безвынікова.
Пасля аб’явы Трампа акцыі амерыканскіх аўтавытворцаў пайшлі ўніз, адзначае Бі-Бі-Сі: «Ford» страціў 2 %, «General Motors» – 2,3 %, а «Stellantis» (уладальнік «Jeep) – 3 %.
На гэтае рашэнне адрэагавала прэзідэнтка Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен, назваўшы мыты шкоднымі для бізнесу і спажыўцоў як у ЗША, гэтак і ў ЕЗ.
«Я моцна шкадую пра пастанову ЗША ўвесці мыта на экспарт аўтамабіляў з ЕЗ. Мыты – гэта падаткі, дрэнныя для бізнесу, яшчэ горшыя для спажыўцоў, як у ЗША, гэтак і ў ЕЗ. ЕЗ будзе працягваць шукаць развязанне шляхам перамоваў, абараняючы свае эканамічныя інтарэсы», – напісала яна ў сацсетцы Х.
Раман Шавель belsat.eu