Следчы камітэт Беларусі завёў новую крымінальную справу супраць праваабаронцы і былога палітвязня Леаніда Судаленкі, абвінаваціўшы яго ў «спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці». Гэта ўжо трэцяя справа супраць яго.
26 сакавіка сілавікі і пракурор з’явіліся паводле месца рэгістрацыі Леаніда Судаленкі ў Гомлі, каб зафіксаваць ягоную адсутнасць, паведамляе Mayday.team.
У лістападзе 2021-га Судаленку засудзілі на тры гады калоніі за нібыта арганізацыю дзеянняў, што парушаюць грамадскі парадак. Адбыўшы тэрмін, ён выйшаў на волю ў 2023 годзе і з’ехаў у Літву, аднак пераслед не спыніўся. У 2024-м яго завочна засудзілі яшчэ на пяць гадоў зняволення паводле таго ж абвінавачання.
Цяпер супраць праваабаронцы пачалі новую справу паводле таго ж артыкулу (361-4 Крымінальнага кодэксу «Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці»), але падрабязнасці абвінавачвання невядомыя. Пра гэта паведаміў следчы Гомельскага раённага аддзелу СК падчас допыту панятых.
Сам Леанід Судаленка лічыць пераслед спробай уладаў прымусіць маўчаць тых, хто змагаецца за свабоду і справядлівасць. Ён заяўляе, што працягне працу на міжнароднай арэне і не спыніцца, нават калі тэрмін зняволення павялічаць.
«Я буду працягваць працу на міжнароднай арэне і звяртацца да ўсяго свету ў змаганні з рэжымам, які парушае правы і свабоды беларусаў. Да тэрміну пяць гадоў мне хочуць дадаць яшчэ сем, а потым так і да 30 магчымых у Беларусі гадоў пазбаўлення волі, але гэтым мяне ўжо не спыніць, бо мае перакананні – у праўдзе», – прыводзіць словы праваабаронцы Mayday.team.
Раман Шавель belsat.eu