Кіраўнік самаабвешчанай ДНР распавёў БТ пра супрацу з рэжымам Лукашэнкі
20.06.2022, 12:45
Дзяніс Пушылін. (Фота: denis-pushilin.ru)
podpis źródła zdjęcia
На ягоную думку, супраца будзе нарастаць.
Кіраўнік самаабвешчанай ДНР Дзяніс Пушылін даў інтэрв’ю дзяржаўнаму тэлеканалу «Беларусь 1», у якім распавёў пра супрацу з рэжымам у Беларусі.
Дзяніс Пушылін. (Фота: denis-pushilin.ru)
«Ёсць пэўныя кантакты на лініях бізнесу, камерцыйнага складніку. Пастаўляецца прадукцыя з Беларусі ўжо, пастаўляецца і ў Беларусь таксама прадукцыя. Але, мусіць, не ў тых аб’ёмах, якія маглі б задаволіць рынак Рэспублікі Беларусь і Данбасу. Таму гэта ўсё цяпер у працэсе», – сказаў Пушылін.
Паводле яго, так званая ДНР зацікаўленая ў супрацы ў сферы сельскай гаспадаркі, пастаўках угнаення, МАЗаў, трактароў, экскаватараў. «Ёсць пункты дачынення» і ў пытаннях металургіі, вугальнай прадукцыі.
,,
«На розных узроўнях гэтае пытанне ўжо прапрацоўваецца. Думаю, гэта ўсё будзе нарастаць, усё будзе толькі актывізавацца», – сказаў кіраўнік сепаратысцкага рэгіёну Украіны.
Паводле яго, беларускі бок гатовы далучыцца да аднаўлення Марыупалю, знішчанага расейскімі войскамі, цяпер гэтыя прапановы прапрацоўваюцца.
У чэрвені дэлегацыя Ліберальна-дэмакратычнай партыі на чале з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Алегам Гайдукевічам наведала акупаваныя Расеяй тэрыторыі Данбасу.
«Мы абавязкова паглядзім усё сваімі вачыма. У нас вельмі вялікая праграма. У нас ганаровая місія, вельмі прыемная, у тым ліку і гуманітарная», – заявіў ён.