У Маскве хочуць адкрыць дзесяць крамаў беларускага аналагу «IKEA»
27.02.2023, 13:56
Крама беларускай кампаніі «Swed House». Крыніца: moskvichmag.ru
podpis źródła zdjęcia
Найбліжэйшымі гадамі плануюць адкрыць да 50 крамаў па ўсёй Расеі.
У Маскве сёлета плануюць адкрыць дзесяць крамаў беларускай кампаніі «Swed House» – беларускага аналагу «IKEA». Пра падпісанне дамовы аб супрацы са «Swed House» паведаміў кіраўнік Саюзу гандлёвых цэнтраў Расеі Булат Шакіраў.
Крама беларускай кампаніі «Swed House». Крыніца: moskvichmag.ru
Першая крама ад кампаніі «Swed House» плошчаю 330 квадратных метраў запрацуе ў Маскве ўжо ў сакавіку сёлета. У наступныя гады колькасць крамаў гэтага брэнду ў Расеі можа вырасці нават да 50, паведаміў Булат Шакіраў. У асартыменце будуць тавары для кухні, тэкстыль, а таксама мэблевыя аксесуары.
Крама кампаніі «Swed House» ужо працуе ў менскім ГЦ «Diamond City», а таксама ў Наваполацку ў ГЦ «Задыяк». Фірма зарэгістраваная ў Менску ў верасні 2020 года на ІП Арцёма Аляксеева. У яе ёсць Instagram-старонка.
Прадстаўнік «Swed House» заявіў, што кампанія вядзе перамовы аб імпарце мэблі вытворцаў з Кітаю і дзяржаваў ЕАЭС.
«У нашай краме будуць тавары, вырабленыя на фабрыках у Кітаі, якія супрацоўнічаюць з «IKEA», і ў Расеі. Гэтак, тэкстыль будзе з Іванава, дзе шмат гадоў выраблялі тавары для шведскага брэнду. Ён будзе цалкам ідэнтычны паводле дызайну і якасці», – сказаў прадстаўнік беларускай кампаніі «Swed House» у Расеі Мамедалі Касымаў.
Беларуская кампанія «Swed House» вырабляе аналагі тавараў шведскай крамы «IKEA», якая пакінула расейскі і беларускі рынкі ў сакавіку 2022 года, неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання войскаў РФ ва Украіну.