Лукашэнка не зразумеў, якую рэзервовую валюту ад яго хоча Масква. Спрабуем патлумачыць
30.05.2023, 10:00
Belsat
podpis źródła zdjęcia
Лукашэнка кажа, ад яго хочуць «ну, тыпу рэзервовай валюты там і гэтак далей».
Аляксандр Лукашэнка 29 траўня на сустрэчы са старшынёй Цэнтрабанку Расеі адклаў пытанне адзінай валюты з Расеяй і выказаў неразуменне ідэі «ну, тыпу рэзервовай валюты там і гэтак далей». У эканаміста ёсць тэорыя аб тым, што гэта можа значыць.
У паказанай у дзяржаўных медыях частцы размовы Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй расейскага Цэнтрабанку Эльвірай Набіулінай было мала канкрэтыкі. Але Лукашэнка з усмешкай казаў, што не зусім разумее, аб якой рэзервовай валюце яны з іншымі кіраўнікамі дзяржаваў шмат размаўляюць – хацеў пачуць, калі гэта будзе і як гэта будзе развівацца. Прасіў таксама расказаць, што за «лічбавы рубель» і як да яго будуць рухацца, але падкрэсліў, што галоўнае – рэзервовая валюта і дэдаларызацыя, бо мусяць з’явіцца нейкія новыя рэзервовыя валюты.
«Лічбавы рубель» – гэта толькі праект расейскага Цэнтрабанку, які пакуль на стадыі пілотных аперацыяў. Мяркуецца, што ён будзе роўны наяўнаму і безнаяўнаму рублю ў вартасці, але будзе захоўвацца не ў папяровай форме ці на банкаўскіх рахунках, а ў лічбавых гаманцах на платформе Банку Расеі, і аперацыі будуць праводзіцца між такімі гаманцамі праз мабільныя праграмы і інтэрнэт-банкі. Гэта не крыптавалюта, а хутчэй «рахунак у Цэнтрабанку», грошы з якога можна пераводзіць толькі на іншы «рахунак у Цэнтрабанку». Беларускі Нацбанк пакуль не збіраўся далучацца да эксперыментаў, але дапускаў выкарыстанне «лічбавага рублю» ў міжнародных плацяжах.
Паводле звестак Міжнароднага валютнага фонду, галоўная рэзервовая валюта ў свеце – долар Злучаных Штатаў, у якім на канец 2022 года трымалі 58,36 % рэзерваў. Яшчэ 20,47 % рэзерваў было ў еўра. На ену і фунт стэрлінгаў прыпадала адпаведна 5,51 % і 4,95 %. Яшчэ па пары адсоткаў – на юань, аўстралійскі і канадскі долар. На іншыя валюты – менш за 4 %.
Экономист Дмитрий Крук, Исследовательский центр BEROC (Фота: Белсат)
Навуковы супрацоўнік беларускага даследніцкага цэнтру BEROC Дзмітрый Крук у каментары «Белсату» тлумачыць: рэзервовая валюта – гэта звычайная нацыянальная валюта адной краіны, міжнародна прызнаная прыдатнай да трымання ў ёй рэзерваў. Калі кажуць пра рэзервовыя валюты, маюць на ўвазе звычайна тыя, што ў кошыку Міжнароднага валютнага фонду (долар, еўра, юань, ена і фунт). Проста сказаць, што «мая валюта рэзервовая», недастаткова.
Пад «новай рэзервовай валютай» у расейскіх медыях звычайна маюць на ўвазе ідэю новай валюты блоку BRICS – Бразіліі, Расеі, Індыі, Кітаю і Паўднёвай Афрыкі. Ідэя пакуль «сырая», не сфармуляваная да канца. Мяркуецца, што валюта можа быць забяспечаная ці то кошыкам валютаў дзяржаваў BRICS, ці нават рэдказямельнымі металамі і правамі на зямлю. Упершыню пра ідэю загаварыў летам 2022 года Уладзімір Пуцін, ідэю падтрымаў прэзідэнт Бразіліі.
Ідэю збіраюцца абмеркаваць на саміце BRICS у Паўднёвай Афрыцы ў жніўні 2023 года – на тым самым, на які Пуціна прасілі не прыязджаць, каб не давялося яго арыштоўваць паводле ордару Міжнароднага крымінальнага суду як падазраванага ў ваенных злачынствах.
Крук падкрэслівае, што не ведае, аб чым канкрэтна Лукашэнка дамаўляўся з Расеяй. Магчыма, размова заходзіла і пра валюту BRICS, але гэта «асобная сюжэтная лінія», у якой незразумела, як прывязаная Беларусь.
Беларусь трымае частку сваіх рэзерваў у золаце, частку ў спецыяльных правах пазычання, частку ў замежных валютах. Колькі ў чым, засакрэцілі мінулым летам, але на 1 ліпеня 2022 года з усіх рэзерваў эквівалентам 7,5 млрд долараў у замежных валютах было 3 млрд (колькі ў якіх валютах, не паведамлялі).
У фантастычным сцэнары, які ўяўляе Крук, Беларусі было б крыху прасцей з новай рэзервовай валютай. Частка рэзерваў Беларусі, што была ў еўра, ужо заблакаваная ў выніку леташніх санкцыяў – рызыкоўна трымаць рэзервы ў іншых агульнапрызнаных рэзервовых валютах.
,,
«Можна свае рэзервы перавесці і ў венесуэльскі балівар, але гэта пагражае тым, што гэтая частка рэзерваў можа абясцэніцца», – адзначае Крук.
Венесуэльский боливар (Фота: Reg Natarajan / Flickr, CC BY 2.0)
Важна тое, што рэзервовая валюта мусіць быць «сімвалам стабільнасці»: статус рэзервовай нейкая валюта атрымлівае, калі кіруецца вялікай па сусветных мерках эканомікай з устойлівымі эканамічнымі паказнікамі кшталту інфляцыі і росту валавага ўнутранага прадукту.
Калі патэнцыйная валюта BRICS будзе адпавядаць якасным характарыстыкам, няма праблемы захоўваць у ёй рэзервы, працягвае ён. Тэарэтычна, такое можа і здарыцца, але практычнае выкананне гэтага ў бліжэйшыя 5, 10 ці 15 гадоў Крук называе маларэалістычным.
Крук лічыць, што Расея, хутчэй за ўсё, будзе працягваць ставіць пытанне аб увядзенні расейскага рублю ў Беларусі – магчыма, «пад соўсам аб’яднання ў межах Еўразійскай эканамічнай супольнасці», але хутчэй, будуць наўпрост «рубам ставіць пытанне». Магчыма, цяпер Расея робіць «першы заход, каб прамацаць глебу», а астатняе – новая рэзервовая валюта і «лічбавы рубель» – прыйшлося проста «да тэмы».
,,
«Калі глядзець адказы, што там Лукашэнка казаў, відавочна, што ён гэтаму будзе супраціўляцца, – упэўнены Крук. – Расейскі рубель – гэта такая ўжо візуалізаваная інкарпарацыя Беларусі ў Расею».
Ён згадвае, як Беларусь і Расея ў 2022 годзе падпісалі дамову пераходу на адзіную валюту і як дзяржавы абсалютна ўпэўнена заяўлялі, што на адзіную валюту пяройдуць у 2005-м. Але, як кажа Крук, «у выніку асэнсавання таго, што гэта фактычна крыж на беларускай незалежнасці» адзінай валюты не змянілася, а справа з таго часу не прасунулася. Праўда, калі да 2020 года Лукашэнка мог супрацьстаяць Расеі, то цяпер, мяркуе Крук, «пад маркай так званай паглыбленай інтэграцыі» Лукашэнка «фактычна робіць усё, што хочуць расейцы».