За 7 гадоў польская контрвыведка затрымала 46 шпіёнаў з Беларусі і Расеі
13.10.2023, 12:18
Працаўнікі польскага Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW). (Фота: gov.pl)
podpis źródła zdjęcia
Плюс – 55 афіцэраў, якія мелі дыпламатычны статус.
З 2016 да 2023 года Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW) і Служба вайсковай контрвыведкі (SKW) Польшчы затрымалі 46 асобаў, падазраваных у супрацы з выведкамі Расеі ці Беларусі. Такія лічбы агучыў міністр унутраных справаў Мар’юш Каміньскі, які каардынуе спецслужбы, піша infosecurity24.pl.
Працаўнікі польскага Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW). (Фота: gov.pl)
Міністр не ўдакладніў, якой колькасці падазраваных у шпіянажы былі ў выніку выстаўленыя абвінавачанні.
,,
«Гэтая статыстыка сведчыць пра значнае павышэнне эфектыўнасці працы польскіх службаў, бо ў 2008–2015 гадах польскія службы выявілі агулам 11 падазраваных у шпіянажы», – адзначыў Марʼюш Каміньскі.
Таксама міністр адзначыў, што за сем гадоў (2016–2023) польская контрвыведка выявіла 55 афіцэраў выведак Расеі і Беларусі, якія працавалі ў Польшчы пад прыкрыццём дыпламатычнага статусу.
Яны, са словаў міністра, праводзілі выведныя аперацыі супраць Польшчы. Марʼюш Каміньскі зазначыў, што раней спецслужбы Расеі і Беларусі выкарыстоўвалі «дыпламатычны механізм» значна радзей: з 2008 да 2015 года Польшча выслала ўсяго 7 дыпламатаў.
Марʼюш Каміньскі нагадаў, што Польшча выкарыстоўвае таксама механізмы, звязаныя з пастановамі пра забарону на заезд у краіну. На запыт Агенцтва ўнутранай бяспекі ў 2016–2023 гадах у чорны спіс былі залучаныя 816 асобаў, перабыванне якіх у Польшчы магло б прывесці да пагрозаў.
«Большасць з іх – людзі, проста звязаныя са спецслужбамі Расеі і Беларусі», – дадаў ён.