навіны

Каб супрацьпаставіць Каардынацыйную раду Палаце прадстаўнікоў, трэба вызначыць, навошта яна

Belsat
Belsat
podpis źródła zdjęcia

Калі добра данясуць, навошта патрэбная КР, шмат беларусаў змогуць адчуць сябе выбарнікамі.

Дэмакратычныя сілы не збіраюцца браць удзелу ў лукашэнкаўскіх выбарах у Палату прадстаўнікоў, але амаль адначасова з імі ладзяць выбары ў Каардынацыйную раду. «Белсат» паразмаўляў з экспертам у выбарах Аляксандрам Шлыкам пра абедзве кампаніі.
Улады Беларусі збіраюцца правесці адзіны дзень галасавання: выбары ў Палату прадстаўнікоў (ніжняй палаты Нацыянальнага сходу) і мясцовыя саветы. Выбіраць таксама будуць дэпутатаў Савету Рэспублікі, але без удзелу звычайных беларусаў. Выбары ў лукашэнкаўскай Беларусі не прызнаюцца свабоднымі і справядлівымі на Захадзе – мала шанцаў, што прызнаюць і гэтыя. Пагатоў да гэтай кампаніі ў Беларусі наўрад ці спыняцца масавыя палітычныя рэпрэсіі, на гэтыя выбары наўрад ці пусцяць кагосьці, акрамя ўхваленых уладамі кандыдатаў. Праціўнікі Аляксандра Лукашэнкі калі і ўжываюць слова «выбары» адносна гэтай кампаніі, то падкрэсліваюць: «выбары ў двукоссі».
Гэтаму дэмакратычныя сілы хочуць супрацьпаставіць выбары ў Каардынацыйную раду: у адрозненне ад мінулых выбараў у КР, якія праводзіліся закрыта сярод арганізацыяў і рухаў, новыя хочуць зладзіць адкрыта. Канчатковага сцэнара яшчэ не ўхвалілі, разглядаюцца розныя варыянты.
Аляксандр Шлык (Фота: з асабістага архіву Аляксандра Шлыка)
Аляксандр Шлык (Фота: з асабістага архіву Аляксандра Шлыка)
Пра тое, што дэмакратычныя сілы збіраюцца рабіць з абедзвюма выбарчымі кампаніямі, «Белсату» расказаў эксперт у выбарах, спецыяльны дарадца Святланы Ціханоўскай у пытаннях выбараў Аляксандр Шлык.
Разлічваць менавіта на выбары ў лукашэнкаўскай Беларусі 2024 года не выпадае, кажа Шлык. Ён тлумачыць: у атмасферы рэпрэсіяў і страху, пасля юрыдычнай ліквідацыі большасці палітычных партыяў (засталіся чатыры праўладныя) нельга правесці не толькі дэмакратычныя, а проста любыя выбары.


,,

«Мы разумеем, што шмат каго будуць прымушаць браць удзел у гэтак званых выбарах, гэтым людзям прапаную прагаласаваць супраць усіх кандыдатаў, якія будуць усе праўладныя», – адзначае Шлык.


Паводле эксперта, менавіта да байкоту выбараў заклікае меншасць палітычных сілаў, бо поўны байкот, можа, і «маральна добрая пазіцыя», але неэфектыўная. Але разлічваць на палітычную мабілізацыю грамадства ў звязку з выбарамі ў Палату прадстаўнікоў і ў мясцовыя саветы не выпадае – яны ніколі не выклікалі вялікай зацікаўленасці ў выбарнікаў.
Найлепшы сцэнар на лукашэнкаўскіх выбарах–2024, мяркуе Шлык, – гэта такі, пры якім на кожнай акрузе найбольш галасоў набірае варыянт «супраць усіх». Зладзіць эфектыўную кампанію за галасаванне «супраць усіх» рэалістычна. Але гэта толькі адзін з варыянтаў, а супольнай стратэгіі дэмакратычных сілаў, у якой была б такая кампанія, прынамсі цяпер няма.
На прэзідэнцкія выбары, якія маюць адбыцца ў 2025 годзе, дэмакратычныя сілы пакуль не шукаюць стратэгіі. Шлык тлумачыць, што палітыкі, на жаль, пачынаюць абмяркоўваць выбары за некалькі месяцаў да дня галасавання. Гэта тыя, хто займаецца выбарамі прафесійна, тэхнічна і юрыдычна, пачынаюць абмяркоўваць будучыя выбары вельмі загадзя. Але суразмоўца заклікае ўжо цяпер пачынаць думаць пра выбары-2025 не толькі экспертаў, але і палітыкаў.
Калі Ціханоўская сёлета абвяшчала новыя выбары ў КР, то казала, што робіць гэта, каб Рада «сталася сапраўдным прадстаўнічым органам беларусаў».
Выбары ў Каардынацыйную раду, падкрэслівае Шлык, не дадуць адказу на фундаментальнае пытанне, з якога варта пачынаць:


,,

«Якое месца мае ці павінна мець Каардынацыйная рада ў дэмакратычных сілах?»


Адказ дапаможа выбарнікам зразумець, навошта выбіраць КР. Размовы пра тое, што Рада патрабуе легітымнасці праз выбары, заўсёды ўпіраюцца ў пытанне: а легітымнасць – дзеля чаго? Дзеля развязання пытанняў легалізацыі беларускіх эмігрантаў за мяжою, дзеля падтрымання палітычных вязняў, дзеля нейкага ўплыву на жыццё людзей у Беларусі?..
Шлык нагадвае: цяпер у Каардынацыйнай радзе не толькі палітыкі, але і прадстаўнікі арганізацыяў грамадзянскай супольнасці. Бачаць яны свае арганізацыі як палітычныя фармацыі ці толькі рэпрэзентуюць свае арганізацыі? Палітычныя партыі, адзначае эксперт, у любым выпадку маюць браць удзел у выбарах, але трэба пастанавіць, ці патрэбныя ў КР тыя, хто не бачыць сябе палітычнымі актарамі, мусіць КР быць палітычнаю структурай ці пляцоўкаю для каардынацыі дзеянняў грамадзянскай супольнасці.
Цяпер дэмакратычныя сілы разглядаюць розныя варыянты выбараў у КР. Спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў казаў «Белсату», што рашэнне пра фармат хочуць прыняць супольна з Офісам Ціханоўскай, Аб’яднаным пераходным кабінетам, палітычнымі партыямі ды іншымі зацікаўленымі.
Адзін з варыянтаў, які апісваў «Белсату» дырэктар цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька, – гэта выбары паводле палітычных спісаў (гэта як паводле партыйных спісаў, але спісы могуць выстаўляць не толькі партыі), у выніку якіх КР мусіць стацца протапарламентам. Але абмяркоўвалі і іншыя варыянты, падобныя да мажарытарнай і змяшанай сістэмаў парламенцкіх выбараў.
У палітычнай сістэме Беларусі Палата прадстаўнікоў фактычна нічога не вызначае, канстатуе Шлык. Таму выбары ў яе не цікавыя як тым, хто ў Беларусі, гэтак і тым, хто за мяжой.
Але ці беларусам у Беларусі будуць цікавыя выбары ў Каардынацыйную раду? Гэта, кажа суразмоўца, якраз і залежыць ад таго, якія функцыі будзе мець КР і чым будзе займацца, як гэта данясуць да выбарнікаў. Калі добра сфармулююць і данясуць, калі знойдуць дастаткова бяспечныя спосабы галасавання, то шмат людзей у Беларусі захочуць узяць удзел у іх у якасці выбарнікаў (выстаўляць сваю кандыдатуру ў «экстрэмісцкае фармаванне», калі застаешся ў Беларусі, будзе небяспечна).
Усе стандарты дэмакратычных выбараў на выбарах у КР наўрад ці магчыма забяспечыць з прычыны рэпрэсіяў у Беларусі, канстатуе Шлык. Можа, варта нават не называць гэта словам «выбары», а трэнінгам у дэмакратычных практыках ці спробаю падрыхтавацца да сумленных выбараў, якія калі-небудзь стане можна праводзіць…
Магчымасць кагосьці выбіраць на сумленных і канкурэнтных выбарах, хай сабе і недасканалых, ужо матывуе вялікую колькасць людзей, адзначае суразмоўца. Лукашэнкаўскія выбары такога не дадуць, выбары ў Каардынацыйную раду могуць даць адчуць сябе выбарнікамі.
Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10