ГУБАЗіК канкуруе з КДБ на фоне неяснасці з будучыняй рэжыму.
навіны
Сілавік станецца прэзідэнтам пасля Лукашэнкі? Інтэрв'ю з Аляксандрам Казаком

podpis źródła zdjęcia
ГУБАЗіК канкуруе з КДБ на фоне няяснасці з будучыняю рэжыму. Лукашэнка будзе трымацца пажыццёва ці перадасць уладу? Чаму ён пралічыўся з новым польскім урадам? У чым прычыны кампраметацыі агента КДБ у Польшчы? Пра гэта – інтэрв’ю Сяргея Пелясы з беларускім палітолагам, экспертам у нацыянальнай бяспецы Аляксандрам Казаком.
Сяргей Пеляса: У мяне складаецца ўражанне, што часам не Лукашэнка кіруе сілавікамі, а яны ім кіруюць і маніпулююць. Прыклад: Лукашэнка заяўляў, што харугвы рыхтуюцца да тэрактаў у Беларусі. Да гэтага пра такое казаў Іван Церцель, кіраўнік КДБ. Што гэта азначае – што спецслужбы падкідваюць яму такія канспіралагічныя сцэнары?
Аляксандр Казак: Яно можа выглядаць, што да яго даходзяць дзіўныя і не зусім адэкватныя сцэнары, у чым могуць быць зацікаўленыя канкрэтныя асобы. У бяспецы звычайна рыхтуюцца да ўсіх магчымых сцэнароў. Напэўна, не ўсе сцэнары трапляюць на стол Лукашэнку. Мы таксама ведаем, якім казачнікам бывае ён сам. Напэўна, сам Лукашэнка ў пэўнай ступені зрабіўся закладнікам сітуацыі, якую ён стварыў, калі ўсё недазволенае дазволена – ГУБАЗіКу, АМАПу ды іншым. Як раней і казалася, гэта можа прывесці да калапсу. Выглядае, што да гэтага рухаецца. Лукашэнка павінен лічыцца з іх меркаваннем і іхнымі патрэбамі.
Масавыя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца ўжо амаль чатыры гады. Рэпрэсіі былі і раней, але такой хвалі, і такой працяглай, у гісторыі не было. Рэпрэсіі праводзяцца сілавікамі, у першую чаргу ГУБАЗіКам, таксама КДБ. ГУБАЗіК выйшаў у апошнія гады на першы план. Гэтымі днямі з’яўляецца больш інфармацыі, што КДБ вяртае ўсё большы давер Лукашэнкі. Як думаеш, ці выкарыстоўвае Лукашэнка той факт, што ёсць розныя спецслужбы і сілавыя арганізацыі? Спрабуе імі жангляваць, сутыкаць паміж сабой? Ці ён давярае сваім сілавікам?
Наўрад ці Лукашэнка цалкам і безумоўна давярае сваім сілавікам. Ёсць пэўны момант сутыкнення дзеля таго, каб знайсці здрадніка ці нелаяльныя кадры. Адносна ГУБАЗіКу і КДБ – ёсць элемент зайздрасці. Згадайма, раней усіх страшылі КДБ. Яны страшныя, і яны паўсюль, усё бачаць і чуюць. Тут раптам на першы план выйшаў ГУБАЗіК. Не трэба забываць, што кампетэнцыі КДБ іншыя. У пэўнай ступені кожны займаецца сваёй працай. Аднак канфліктнасць ёсць.
Карпянкоў, намеснік міністра ўнутраных справаў Беларусі, асацыюецца з ГУБАЗіКам. Нядаўна ён пачаў з’яўляцца ў сцэнках з трэнаванняў і сустрэчаў з вагнэраўцамі ў Беларусі. Вядомы ягоны здымак з нашыўкай ЧВК Вагнэра. Гэта даніна павагі ці што?
Сімволіка на плячы Карпянкова адрозная ад той, якую афіцыйна носяць вагнэраўцы. На фоне чэрапу была мапа з контурамі Беларусі. Я не ўпэўнены, што вагнэраўцы так закахаліся ў Беларусь, што вырашылі дадаць яе ў сваю геральдычную сістэму на нашыўках і шаўронах. Выглядае як падлізванне Карпянкова да вагнэраўцаў. Яшчэ да 2022 года сярод беларускіх структураў была як мінімум зацікаўленасць і павага да вагнэраўцаў. Тут ходзяць легенды, што яны добра ведаюць, як ваяваць. Гэта былі не чмобікі, а тыя, хто прайшлі гарачыя кропкі і ведаюць, як карыстацца зброяй, і не толькі. Яны могуць перадаваць свае веды. Тое, што так трэнуюць унутраныя войскі, нагадвае мне нібыта адпрацоўванне комплексу, які атрымалі рэжым і Лукашэнка пасля пратэстаў 2020 года. Ён намагаецца падрыхтавацца – і падрыхтаваць войскі да магчымых пратэстаў. Абсалютна не значыць, што гэтыя пратэсты адбудуцца, але той жа Карпянкоў намагаецца здабыць пазітыўныя пункты і самарэалізавацца: нібыта ён разумее вагнэраўцаў, а яны яго падтрымліваюць.
Роля сілавікоў у беларускім грамадстве ці ў рэжыме Лукашэнкі застаецца моцнай ці ўзмацняецца? З рэальных і выдуманых пагрозаў вакол Лукашэнкі і ягонага рэжыму – ці можам уявіць сцэнар, калі патэнцыйным прэтэндэнтам на пасаду прэзідэнта пасля Лукашэнкі можа стаць сілавік? Часам з’яўляюцца думкі, што гэта можа быць той жа Карпянкоў, які мае такія амбіцыі. Іншыя кажуць, што Карпянкоў дубалом і не будзе прэзідэнтам. Іншы варыянт – генерал Вальфовіч, які больш разумны і хітры. Ці можаш уявіць сабе некага сілавіка на пасадзе прэзідэнта пры нейкім фармаце перадачы ўлады? Ці тут гаворка хутчэй ідзе пра Наталлю Качанаву ці аднаго з сыноў Аляксандра Лукашэнкі?
Уяўляць мы можам, што заўгодна, але пытанне, наколькі гэта мае сэнс. Я не бачу сэнсу рабіць прагнозаў, бо я не бачыў прыкметаў, каб Лукашэнка кудысьці збіраўся, што ён ужо набыў квіток у Растоў ці іншае месца.
Квіток не ў Растоў, а на той свет, лепшы ці горшы. Мы бачым ягоны стан здароўя.
Мы рэгулярна бачым у медыях кожныя два месяцы пра тое, Лукашэнка хворы. Але гэта не значыць, што сапраўды зараз Лукашэнка знікне. Такое магчыма. Хто будзе прымаць уладу і ці можа быць сілавік – так, гэта можа быць сілавік, бо да падобных сілавікоў нібыта ў гэтым істэблішменце ёсць давер. Акрамя таго, будзе камічна выглядаць на фоне словаў Лукашэнкі пра тое, што ў Беларусі не можа быць прэзідэнтам жанчына, бо Канстытуцыя не пад жанчыну, – і тут раптам паставяць кіраваць Качанаву. Гэта смешна. У Качанавай няшмат шанцаў, але цалкам магчыма, што гэта будзе нехта з сілавікоў.
КДБ Беларусі папаліла сябе ў Польшчы – я маю на ўвазе справу з затрыманай агенткай КДБ у Польшчы. Маладую жанчыну затрымалі за тое, што яна збірала інфармацыю пра актывістаў у Польшчы і перадавала ў КДБ Беларусі. Першы такі выпадак. Ёй пагражае да 5 гадоў у польскай турме. Да гэтага мы бачылі прынамсі два эпізоды, калі беларускія жанчыны былі выкарыстаныя спецслужбамі – як беларускімі, так і расейскімі. Вядомая справа 16 расейскіх агентаў, якія рыхтавалі дыверсіі на чыгунцы. Раней жанчына, былая прастытутка, удзельнічала ў правакацыі супраць Сяргея Ціханоўскага, калі яго затрымалі ў Горадні. Наколькі гэта распаўсюджаная з’ява – і наколькі яна небяспечная для дэмакратычных сілаў, якія цяпер за мяжою?
Інфармацыя пра тое, што затрымалі кагось са шпіёнаў ці паводле падазрэння ў шпіянажы, – яны з’яўляюцца кожны месяц. Кожны месяц ловяць ці спрабуюць лавіць. Польшча і краіны ўсходняга флангу NATO – краіны асаблівай зацікаўленасці для Беларусі і Расеі ў кантэксце шпіянажу і вербавання. Спецслужбы працуюць, і ў іх атрымліваецца. Тут таксама гаворка пра сацыяльную адказнасць, бо калі ўзгадаем апошні кейс, гэта адбылося ў звычайнай размове, а потым чалавек паінфармаваў, што ёсць пэўныя падазрэнні.
Жанчына, якая падазраецца ў шпіянажы, сама прызналася пасля ўжывання алкаголю. Пра яе паінфармавалі, пазней затрымалі.
Людзі, якія маюць сапраўдную падрыхтоўку, наўрад ці трапяцца. Калі гэта дылетант з вуліцы, такое можа быць. Мяне здзівіла, што яна з 2017 года працуе. Але ёсць адказнасць у людзей, і спецслужбы хутка адрэагавалі. Гэта ў пэўнай ступені сведчыць не пра надта добрыя магчымасці для беларускага КДБ на міжнародным узроўні. Тыя, каго яны кідаюць на Захад, не падрыхтаваныя. Але не трэба паддавацца параноі, што на кожнага з нас ёсць агент КДБ, які нас пільнуе. Адзіная парада, якую я магу даць: калі вы нешта заўважылі, патэлефануйце ў службы.
Візіт Святланы Ціханоўскай у Варшаву быў адным са шматлікіх візітаў, але адным з самых яскравых. Да яе адкрыта звярталіся: спадарыня прэзідэнт. Нават не ўсе беларусы яе так называюць. Ці можа пасля гэтага Лукашэнка разлічваць на дыялог, нармалізацыю ці адлігу ў дачыненнях з Захадам, а канкрэтна з Польшчай? Увосень ён марыў пра тое, што PIS прайграе, прыйдзе Доналд Туск, і ўсё будзе па-старому.
Не, не можа. Лукашэнка ўскладаў вялікія надзеі на змены ўнутры Польшчы. Не ведаю, ці пралічыўся, ці хацеў падмануць электарат. Усе выдатна ведалі пра пазіцыю прэм’ера Туска і міністра Сікорскага адносна сітуацыі ў Беларусі. У кантэксце сустрэчаў з Ціханоўскай прапаноўваю зірнуць глыбей. Акрамя гэтых сустрэчаў былі спатканні на ўзроўні міністраў адукацыі, што таксама вялікі паказнік – прызнання ўвогуле прысутнасці беларусаў і падтрымання дэмакратычнага руху Беларусі ўнутры Польшчы. Беларусь вельмі моцна вяртаецца ў польскі і міжнародны кантэкст.
На гэта трэба ўскладаць вялікія спадзяванні, але самае важнае – не рабіць памылкі, што справа пайшла і цяпер можна адпачыць. Справа пайшла, і трэба рабіць болей. Трэба падтрымліваць Украіну, збіраць грошы, падтрымліваць беларускіх ваяроў. Працы вельмі шмат, і шмат залежыць ад беларусаў. Беларусам пайшлі насустрач, зрабілі некалькі дыпламатычных крокаў, на падставе якіх трэба працаваць.
Інтэрв’ю з праграмы «ПраСвет»
belsat.eu