навіны

Ці можа штучны інтэлект напісаць «Тры чарапахі»? Мы праверылі, атрымалі чатыры варыянты

Выява згенераваная нейрасеткай (Выява: Dall-E / Bing.com)
Выява згенераваная нейрасеткай (Выява: Dall-E / Bing.com)
podpis źródła zdjęcia

Нейрасеткі яшчэ не могуць замяніць Лявона Вольскага, але некаторым ужо варта хвалявацца.

Нейрасеткі ўжо пару гадоў выкарыстоўваюць для стварэння музыкі. Але да нядаўняга часу яны маглі дапамагчы толькі з адной задачай адначасова: напісаць тэкст песні, стварыць мелодыю, зрабіць вакал… Нядаўна сэрвіс Suno.ai прапанаваў даволі якасную генерацыю песняў амаль з нуля, бясплатна і ў пару клікаў. Праверылі, як ён напіша «Тры чарапахі».
Мы ўжо эксперыментавалі з нейрасеткамі: атрымалі сцэнар п’есы пра Аляксандра Лукашэнку і анекдоты пра Беларусь. За першую палову 2023 года штучны інтэлект засвоіў беларускую мову, цяпер можа дапамагаць з перакладам на беларускую агромістай відэагульні.
У фільме «Я, робат» 2004 года галоўны герой пытае робата, які пачаў бачыць сны: «Ці зможа робат сачыніць сімфонію?» Робат у адказ пытае чалавека: «А ты зможаш?»
Праз сэрвіс Suno.ai мы не сачынілі сімфонію, але за лічаныя хвіліны ўдалося згенераваць некалькі версіяў «Трох чарапах». З дазволу аўтара песні Лявона Вольскага паказваем, што атрымалася.
Нейрасеткі больш-менш справіліся з беларускім вымаўленнем: не ўсе гукі вымаўляюць дасканала, блытаюць націскі, але ж даюць вынік, які гучыць вельмі падобна да «чалавечай» беларускай мовы.
Як гучыць гурт «N.R.M.», нейрасеткі відавочна не чулі. Калі вы раптам забылі, арыгінал гучыць так:
Або так ужывую на «Belsat Music Live»:
На просьбу зайграць «Тры чарапахі» ў стылі «N.R.M» згенеравалі поп-панк, больш падобны да таго, што гралі магілёўскія «Глюкі». Насамрэч жа, «N.R.M.» часоў альбому «Тры чарапахі» меў гучанне, бліжэйшае да жанру гранж. Нейрасетка змагла згенераваць «Тры чарапахі» ў стылі гранжу, ды не ў тым стылі, што быў у «N.R.M.».
Справа ў тым, што нейрасеткі не ўмеюць ствараць нешта напраўду арыгінальнае. Іх трэба навучаць на наборы звестак. У выпадку музыкі – паказаць, як гучаць розныя песні ў розных жанрах. Тады нейрасеткі змогуць адсачыць асаблівасці жанраў і паўтарыць характэрныя рысы, «спець» як адзін музыка спяваў бы ў стылі іншага. Але прынамсі пакуль не зможа стварыць новых музычных жанраў ці напраўду арыгінальных мелодыяў.
У сувязі з гэтым паўстае пытанне аўтарскіх правоў. Калі б штучны інтэлект стварыў нам песню ў стылі «N.R.M.», чыя б гэта была песня: нашая, аўтараў нейрасеткі ці аўтараў песень гурту «N.R.M.»? Адказу на гэтае пытанне юрысты пакуль не маюць. Ды мастакі, на чыіх карцінах трэнавалі нейрасеткавыя генератары выяваў, ужо абураліся і дамагліся стварэння інструменту, які абароніць творы ад даследавання нейрасеткамі.
Нейрасеткі тым часам могуць пісаць і тэксты песень. Праўда, Suno.ai, які запісаў нам кавэры на «Тры чарапахі», пакуль не надта добра валодае генерацыяй тэкстаў па-беларуску. На просьбу напісаць тэкст на зададзеную тэму ён напісаў напалову ўцямны тэкст, напалову абракадабру. Затое выпадкова «прыдумаў» цікавую метафару: «каціся, як бібліятэка», што пасуе да формы менскай Нацыянальнай бібліятэкі.
З беларускай мовай лепш спраўляецца тэкставы чат-бот са штучным інтэлектам «Microsoft Copilot». Спыталі ў яго, пра што песня «Тры чарапахі». Скапіявалі адказ у новае вакно і папрасілі згенераваць тэкст песні аб гэтым. Вось што атрымалі (захаваная «аўтарская» арфаграфія).
Куплет 1: На спінах трох чарапахаў, што нясуць наш свет, Мы бачым жыццё, што круціцца ў рытме рэтрэт. З-пад зямлі да неба, дзе зоркі ясныя граюць, Трымаюць яны Зямлю, каб мы маглі стаяць.
Прыпеў: Ой, чарапахі, дзякуй вам, Што несеце нас праз час і прастору. На вашых спінах – наша доля, Зямля круціцца, а мы жывем без змору.
Куплет 2: Пад кожным крокам – гісторыя, што ляжыць глыбока, Чарапахі несуць у спадчыну нам эпоху. Ад камунальных бед да вялікіх перамог, На іх спінах – наша жыццёвая дарога.
Прыпеў: Ой, чарапахі, дзякуй вам, Што несеце нас праз час і прастору. На вашых спінах – наша доля, Зямля круціцца, а мы жывем без змору.
Куплет 3: І калі надыходзіць час згадаць, адкуль мы, Чарапахі нам шэпчуць пра мінулае ціха. Але не забываем мы, што Беларусь – наш дом, На спінах трох чарапахаў – тут наша любоў.
Прыпеў: Ой, чарапахі, дзякуй вам, Што несеце нас праз час і прастору. На вашых спінах – наша доля, Зямля круціцца, а мы жывем без змору.
Выява згенераваная нейрасеткай (Выява: Dall-E / Bing.com)
Выява згенераваная нейрасеткай (Выява: Dall-E / Bing.com)
З нашых эксперыментаў вынікае: стваральнікі арыгінальнай музыкі і сапраўднай паэзіі пакуль могуць не хвалявацца, нейрасеткі не пакінуць іх без працы. Ды тыя, хто не піша арыгінальнай музыкі, а стварае паводле шаблону, мусяць пачынаць хвалявацца – як ужо хвалююцца так званыя інфлюенсеры з Instagram.
Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10