Украіна накіравала ў МАК доказы падтрымання вайны дапушчанымі да Алімпіяды спартоўцамі
06.07.2024, 11:40
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: International Olympic Committee / IOC MEDIA / Flickr)
podpis źródła zdjęcia
У пераліку згадваюцца чатыры беларускія атлеты.
Украіна звярнулася ў МАК з доказамі падтрымання вайны расейскімі спартоўцамі, якіх пусцілі на Алімпіяду, паведамляецца на сайце Нацыянальнага алімпійскага камітэту Украіны. У пераліку згадваюцца і беларускія атлеты.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: International Olympic Committee / IOC MEDIA / Flickr)
«Ва ўмовах беспрэцэдэнтнай і жорсткай вайсковай агрэсіі, што здзяйсняе Расейская Федэрацыя і падтрымлівае Рэспубліка Беларусь супраць нашай краіны, мы лічым, што прадстаўнікі краінаў-агрэсараў не маюць быць дапушчаныя да ўдзелу ў любых міжнародных спаборніцтвах у любой якасці, улучна ў статусе індывідуальнага нейтральнага спартоўцы», – адзначаецца ў лісце на адрас Міжнароднага алімпійскага камітэту.
Зварот падпісалі прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту Украіны Вадзім Гутцайт і выканаўца абавязкаў міністра моладзі і спорту Мацвей Бедны.
Яны запэўнілі, што знайшлі доказы падтрымання беларускімі і расейскімі спартоўцамі, якіх у нейтральным статусе пусцілі на Алімпіяду, вайны ва Украіне і «палітыкі расейскага дыктатара». Гэтыя атлеты «не адпавядаюць крытэрам для атрымання статусу індывідуальнага нейтральнага спартоўцы», падкрэсліваецца ў лісце.
Сярод беларускіх атлетаў згадваюцца:
Раварыстцы Ганне Церах закідаюць публікацыю агітацыйнага допісу і фота Віктара Лукашэнкі – фігуранта санкцыйных спісаў Канады, ЕЗ, ЗША, Аўстраліі, Новай Зеландыі і Вялікай Брытаніі за падтрыманне расейскай агрэсіі.
Івана Літвіновіча, на меркаванне ўкраінцаў, нельга лічыць нейтральным спартоўцам з увагі на ягоныя заклікі «прагаласаваць на незаконным рэферэндуме Лукашэнкі» у 2022 годзе. Пазалетась Літвіновіч браў удзел у прапагандысцкай імпрэзе разам з Віктарам Лукашэнкам, а таксама лайкаў допісы пра Пуціна і з паплечніцай Лукашэнкі – лёгкаатлеткаю і дэпутаткаю Анастасіяй Мірончык-Івановай.
Пра Анастасію Шкурдай у звароце напісалі, што яна ў складзе беларускага войска, а 23 лютага сёлета брала ўдзел у агітацыйнай акцыі з старшынём УУС Берасцейскага аблвыканкаму Юрыем Шулейкам – таксама фігурантам санкцыйных спісаў шмат якіх краінаў за падтрыманне вайны.
Дар’ю Чупрыс называюць чальцом Спартыўнага камітэту Узброеных сілаў Беларусі, паведамлялася, што летась яна была ў складзе беларускага войска дый увогуле любіць фатаграфавацца з вайскоўцамі.
Украіна спадзяецца, што спартоўцаў, якіх згадалі ў лісце, на Алімпіяду не пусцяць. У Кіеве мяркуюць, што беларускіх і расейскіх атлетаў наогул нельга запрашаць на спаборніцтвы нават у нейтральным статусе да заканчэння вайны.
У чэрвені Міжнародны алімпійскі камітэт апублікаваў папярэдні спіс прадстаўнікоў Беларусі і Расеі, якім дазволілі ўдзел у Гульнях, што пройдуць у Парыжы 26 ліпеня – 11 жніўня. У пераліку 23 беларускіх атлеты, сямёра з іх запрашэнні адхілілі, у тым ліку тэнісісткі Арына Сабаленка і Вікторыя Азаранка.
Раней паведамлялася, што пуцёўку на Алімпіяду заваявала беларуская бягуха Крысціна Ціманоўская, якая рэпрэзентуе Польшчу.