навіны

Што сёлета Белстат не схаваў ад беларусаў і чаму атрымалася ўсё роўна дрэнна

беларускія рублі (Фота: Сцяпан Цюшкевіч / 1prof.by)
беларускія рублі (Фота: Сцяпан Цюшкевіч / 1prof.by)
podpis źródła zdjęcia

Пачыталі статыстычны даведнік «Беларусь у лічбах« і знайшлі шмат цікавага.

Журналісты «Белсату» уважліва вывучылі статыстычны даведнік «Беларусь у лічбах» і знайшлі шмат цікавага.
Гэты даведнік Белстат выпускае штогод. У ім прадстаўляюць кароткую інфармацыю аб сацыяльна-эканамічным становішчы Беларусі. Цікава, што ў сакавіку мінулага года Нацыянальны статыстычны камітэт змяніў парадак распаўсюджвання афіцыйнай статыстыкі. Быў выдадзены дакумент, па якім цяпер Белстат можа сам вырашаць, якую статыстыку беларусам паказваць, а якую не.
Фота мае ілюстрацыйны характар. (Крініца: Белсат)
Фота мае ілюстрацыйны характар. (Крініца: Белсат)
Паводле звестак на 1 студзеня 2024 года, насельніцтва Беларусі складае 9 млн 156 тыс. чалавек. Для параўнання: у 2020 годзе беларусаў налічвалася 9 млн 349 тыс. Гэта значыць, за некалькі гадоў колькасць насельніцтва скарацілася амаль на 200 тыс. чалавек. Пры гэтым самы вялікі мінус быў у перыяд з 2020 па 2021 год, калі па грубых падліках беларусаў стала меней амаль на 100 тысяч чалавек. За наступныя гады афіцыйнае змяншэнне насельніцтва складала прыкладна па 45-50 тыс. чалавек штогод. Для параўнання: у 2019 годзе колькасць насельніцтва скарацілася на 19 тысяч чалавек, а ў 2016-м нават крыху павялічылася.
Яшчэ адзін сумны паказнік: імкліва скарачаецца колькасць сельскіх жыхароў. З 2020 года – больш чым на 100 тысяч чалавек. У той час як гарадскіх жыхароў, якіх у краіне большасць, стала меней прыкладна на 80 тысяч чалавек.
Гендарны разрыў таксама павялічваецца. Мужчын у Беларусі сёння менш, чым жанчын, на 700 тысяч. З 2020 года розніца вырасла на 20 тысяч чалавек. Пра тое, чаму адбываецца рэзкае скарачэнне насельніцтва, мы можам толькі здагадвацца: за кошт росту смяротнасці, скарачэння нараджальнасці, эміграцыі…. Афіцыйныя дадзеныя перасталі публікавацца з 2020 года. Акрамя эпідэмій і сацыяльна-палітычных прычын, у Беларусі працягвае дзейнічаць яшчэ адзін фактар, які ўплывае на колькасць насельніцтва – кароткая для цывілізаванай краіны працягласць жыцця.
Чаканая працягласць жыцця ў Беларусі сёння прыкладна на 9 гадоў ніжэйшая за агульнасусветную. Паводле Белстату, дзеці, якія нарадзіліся ў 2019 годзе, хутчэй за ўсё ў сярэднім пражывуць усяго 74,4 года. У Польшчы гэты паказчык 76,6 гадоў, у Латвіі – 75,4, у Літве – 74,9. Горай, чым у нас, з краін – суседак толькі ў Расеі і Украіне.
З беларускімі мужчынамі ў сельскай мясцовасці наогул бяда – іх чаканая працягласць жыцця пры нараджэнні ў 2019 годзе ў сярэднім складзе ўсяго 69 гадоў.
На дынаміку насельніцтва таксама ўплывае нараджальнасць. У найбліжэйшай будучыні жанчын дзетароднага ўзросту ў нас будзе вельмі мала. Ужо пасталела малалікае пакаленне народжаных у 2000-х. Гэта відаць па графіцы «полаўзроставай піраміды», якая больш падобная на «ялінку». Адзін з самых вузкіх участкаў на «ялінцы» – беларусы ва ўзросце 20-29 год, якім і трэба будзе нараджаць у найбліжэйшы час.
беларускія рублі (Фота: Сцяпан Цюшкевіч / 1prof.by)
беларускія рублі (Фота: Сцяпан Цюшкевіч / 1prof.by)
Сярэднегадавая колькасць насельніцтва, занятага ў эканоміцы, з 2020 года ўпала з 4 млн 319 тыс. да 4 млн 152 тыс. Намінальная налічаная сярэднямесячная зарплата за гэтыя гады вырасла на 650 рублёў – з 1 254 да 1 902. А пенсія на 210 – з 482 да 692 рублёў. Паводле афіцыйных звестак, індэкс спажывецкіх коштаў афіцыяльна знізіўся з паказчыка 107 на 105. Яго называюць індэксам інфляцыі. Гэта важны паказчык, які характарызуе інфляцыйныя працэсы ў краіне, а менавіта ў яе спажывецкім сектары. Для яго разліку звычайна бярэцца фіксаваны, заўсёды адзін і той жа, набор тавараў і паслуг (спажывецкі кошык), і вызначаецца змяненне яго кошту праз пэўны прамежак часу. Пры гэтым, колькасць прадуктаў харчавання, якое можна было набыць на «велічыню сярэднедушавога грашовага даходу», чамусьці скарацілася. Так, напрыклад, рыбы, мяса, сланечнікавага алею, цукру і нават капусты з морквай беларусы сёння могуць сабе набыць значна меней, чым у 2020-м годзе. Пры гэтым могуць купляць больш малака, сыру, мукі, макарон і бульбы.
Мяркуючы па статыстыцы, вельмі выраслі лічбы па аказанні платных паслуг – з адзнакі 12,5 у 2020-м годзе да 20,2 у 2023-м. Афіцыйна вырас нават аб’ём знешняга гандлю таварамі і паслугамі. Лічбы Белстату гавораць аб тым, што паказчыкі экспарту і імпарту павялічыліся ў сярэднім на 10 млрд даляраў кожны. Аднак гандлёвы баланс Беларусі па-ранейшаму паказвае, што краіна траціць валюты на закупкі болей, чым зарабляе на экспарце. Такая тэндэнцыя была і раней.
Яшчэ адзін дзіўны паказчык: калі верыць Белстату, то колькасць беспрацоўных беларусаў з 2020 года скарацілася больш чым на 30 тыс. чалавек. З 206 да 172. Дарэчы, мы зайшлі ў Рэспубліканскую базу вакансій. Па стане на 8 ліпеня, свабодных працоўных месцаў там усяго 160 тысяч. Якім чынам на кожнага беспрацоўнага беларуса ў краіне па некалькі працоўных месцаў, як кажуць па дзяржтэлебачанні, застаецца незразумелым.
Дзіўным чынам скараціўся і ўзровень малазабяспечанасці насельніцтва. З 4,8 да 3,6 у працэнтах ад агульнай колькасці насельніцтва. Прытым маламаёмных у сельскай мясцовасці ў два разы больш, чым у гарадской.
Пра жыццё, вучобу і працу: больш згвалтаванняў і ніякіх палітычных рэпрэсій
Фота мае ілюстрацыйны характар. (Крініца: Белсат)
Фота мае ілюстрацыйны характар. (Крініца: Белсат)
Дзіцячых садкоў у краіне стала менш, а дзяцей у іх стала больш. І гэта значыць, што праблема з месцамі ў дашкольных установах толькі пагаршаецца. Роўна такая ж гісторыя са школамі. А вось з універсітэтамі ўжо па-іншаму. З 2020 года закрылася толькі адна ВНУ, а вось студэнтаў за гэты час стала менш на 30 тысяч чалавек. Выснова – выпускнікі школ хутчэй за ўсе сталі з’язджаць з краіны.
Дзіўныя лічбы паказваюць і па медыках. Паводле афіцыйных звестак, з 2020 года іх стала меней усяго на 7 тысяч (колькасць скарацілася з 48 да 41 тысяч медработнікаў). Што тычыцца злачыннасці, то агульная колькасць злачынстваў, мяркуючы па дадзеных, скарацілася, пры гэтым больш за ўсё павялічылася колькасць згвалтаванняў і замахаў на згвалтаванне, хабарніцтва, а таксама злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў. Фантастычным выглядае і колькасць асуджаных. Скарацілася з 34 да 33 тысяч чалавек з 2020 года. Пра затрыманні па палітычных матывах у статыстыцы – ніводнага слова. Гэтак жа, як і пра недахоп тысяч медыкаў у шпіталях і паліклініках. Затое ёсць лічбы пра тое, што за апошнія некалькі год беларусы сталі больш займацца спортам, менш хадзіць у бібліятэкі і музеі. Пры гэтым у разы часцей ходзяць у тэатры, кіно, цырк і заапарк.
Мяркуючы па зместу гэтага дакументу, частка інфармацыі статыстычны камітэт цяпер можа не публікаваць, «калі раскрыццё такіх дадзеных можа нанесці шкоду нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку, маральнасці, правам і законным інтарэсам юрыдычных і фізічных асобаў». З такой шырокай фармулёўкай, «прыбраць» ці «падчысціць» можна што заўгодна. Афіцыйны запыт не дапаможа – вас проста праінфармуюць аб прычынах адмовы, спаслаўшыся на прынятую пастанову.
Па сутнасці, нічога новага. Дзяржмашына проста ўзаконіла тое, чым займалася з 2020-га. У той год, напрыклад, беларусам перастали паказваць афіцыйную статыстыку па смяротнасці і нараджальнасці – была пандэмія. Затым зніклі звесткі аб міграцыі – беларусы масава пакідалі краіну праз палітычны пераслед. З часам з адкрытых крыніц знікла інфармацыя пра колькасць пенсіянераў у краіне, а пасля ўводу санкцый прыбралі дадзеныя аб знешнім гандлі, імпарце і экспарце некаторых пазіцый. Да прыкладу, па калійных угнаеннях і нафце. З апошняга: пачынаючы з 2023-га года Белстат перастаў даваць інфармацыю па адтоку з Беларусі айцішнікаў.
Але нават нягледзячы на тое, што статыстыку ў краіне філігранна падбіваюць да патрэбных для справаздачнасці паказчыкаў, пэўныя высновы з іх зрабіць можна нават цяпер. І як бы Белстат іх не падмалёўваў, сітуацыя ў краіне ўсё роўна выглядае сумна.
Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10