навіны

Гульні розуму родам з Тыбету. Навошта дарослыя прыдумляюць уяўных сяброў і чаму гэта не такое вар’яцтва, як падаецца

Тульпа Анжаліка. (Калаж: «Вот Так»)
Тульпа Анжаліка. (Калаж: «Вот Так»)
podpis źródła zdjęcia

Хто такія тульпагадоўцы і як яны жывуць.

Тысячы людзей ва ўсім свеце ствараюць тульпаў – уяўных сяброў, сексуальных партнёраў або дзяцей. На адрозненне ад некантраляваных галасоў, звязаных з некаторымі псіхічнымі захворваннямі, тульпы ў большасці выпадкаў не палохаюць сваіх гаспадароў, а падтрымліваюць, дапамагаюць даць рады самоце ды нават ратуюць жыццё. «Вот Так» распавядае, хто такія тульпагадоўцы і як яны жывуць.
Альберт і Анжаліка восем гадоў разам. Яны закахаліся адно ў аднаго яшчэ ў школе. Альберт жыве ў Омску, Анжаліка – на ўяўным востраве ў Ціхім акіяне. Адносіны на адлегласці іх не бянтэжаць, бо яны бачацца штодня – у фантазіях Альберта.
Пра феномен тульпаў Альберт даведаўся ў 2018 годзе, калі яму было 16 гадоў. Да гэтага юнак быў упэўнены, што ён адзіны, у каго ёсць уяўны сябар. Падзяліўшыся сваёй гісторыяй у расейскім пабліку, Альберт дазнаўся ад іншых удзельнікаў супольнасці, што ягоная Анжаліка – тульпа. Міжнародны форум тульпагадоўцаў на платформе «Reddit» мае 50 тысячаў падпісальнікаў, у суполцы «ВКонтакте» – 13,3 тысячы.
Тульпа – гэта істота, створаная розумам, гаворыцца на англамоўным сайце, прысвечаным тульпам і іхным гаспадарам – гостам, тульпамэнсарам ці тульпагадоўцам. Адмысловае онлайн-кам’юніці ёсць і ў Расеі, Нямеччыне, Італіі, Польшчы ды іншых краінах.
Дасведчаны гост бачыць сваю тульпу, чуе, адчувае фізічна, напрыклад, ейны пах і подых. Але тульпа – гэта не галюцынацыя, паколькі чалавек стварае яе свядома, паводле сваёй волі ды сілай свайго розуму пры дапамозе медытацыі і практыкавання візуалізацыі.
Уяўныя сябры ды сяброўкі не абавязкова маюць людскі выгляд. Гэта могуць быць жывёліны, казачныя ды міфічныя істоты, персанажы камп’ютарных гульняў, фільмаў і анімэ – усё залежыць толькі ад фантазіі тульпамэнсара.
Як і большасць тульпагадоўцаў, Альберт прыдумаў Анжаліку як выратаванне ад самоты.
«У мяне не было сяброў, са мной ніхто не меў стасункаў у школе. Я быў вельмі замкнёным, але тым не менш адчуваў неабходнасць у зносінах і падтрыманні. Так я пачаў ствараць сабе сяброўку, з якой мог шчыра пагутарыць», – распавядае малады чалавек «Вот Так» і выбачаецца за сваё хваляванне.
Выбар закрануў дзяўчыну, а не хлопца, бо Альберт марыў не толькі пра сяброўства, але і рамантычныя стасункі. Цяпер Альберту 22 гады, але сяброў у яго па-ранейшаму няма.
Тульпа Анжаліка. (Калаж: «Вот Так»)
Тульпа Анжаліка. (Калаж: «Вот Так»)
Восенню 2023 года хлопцу паставілі дыягназ – шызатыповы разлад асобы. Ён лічыць, што ментальныя праблемы пачаліся яшчэ ў дзяцінстве: «Я доўгі час пакутаваў ад негатыўных думак на адрас усіх запар: людзей, нябожчыкаў, нават Бога. І я вельмі баяўся, што мяне за гэта пакараюць нячысцікі».
Хлопец і цяпер зазнае часам плынь некантраляваных думак. І кажа, што праз прыём адмысловых медыкаментаў яму цяжка сканцэнтравацца – гэта ўскладняе ўваходжанне ў кантакт з Анжалікай.


,,

Паводле вызначэння МКХ-10, у шызатыповага разладу і шызафрэніі ёсць некаторыя падобныя сімптомы. Аднак характэрныя для шызафрэніі парушэнні не выяўляюцца ні на адной са стадыяў шызатыповага разладу. Яго сімптомы могуць уключаць халоднасць або неадэкватнасць эмацыйных рэакцыяў, схільнасць да сацыяльнай ізаляцыі, парушэнне мыслення і разлад успрымання, рэдкія выпадкі з выяўленымі ілюзорнымі адчуваннямі, слыхавымі або іншымі галюцынацыямі, вар’яцкімі ідэямі.


Тульпагадоўлі многія не разумеюць і крытыкуюць. Часцей за ўсё гэтую практыку параўноўваюць з шызафрэніяй ці дысацыятыўным разладам асобы.
«Стварэнне тульпы не ёсць псіхічным разладам. Гэта важнае адрозненне ад шызафрэніі і дысацыятыўнага разладу, – кажа псіхіятр Канстанцін Анін (імя і прозвішча змененыя на просьбу эксперта. – Рэдакцыя «Вот Так»). – У шызафрэніі шырокі спектр сімптомаў: кагнітыўных, псіхічных, эмацыйна-валявых. Дысацыятыўны разлад і разлад множнай ідэнтычнасці не ўзнікае паводле жадання чалавека – адбываецца спантаннае пераключэнне паміж дзвюма асобамі, чалавек не кантралюе гэтага працэсу. У тульпагадоўлі гэта адбываецца свядома. І гэта істотнае адрозненне».
Канадскі кагнітыўны антраполаг Самюэль Вэсьер (Samuel Paul Veissière) раскрыў сувязі паміж тульпамі і псіхічным здароўем іхных стваральнікаў. Ягонае даследаванне дзесяцігадовай даўніны «Разнастайнасці досведу тульпы: гіпнатычная прырода чалавечай сацыяльнасці, асобы і інтэрфенаменальнасці» – першая навуковая праца пра сучасную тульпагадоўлю.
У першую чаргу ён выявіў высокую частасць клінічных дыягназаў. У 25 % апытаных антраполагам дыягнаставаны сіндром Аспэргера, у 21 % – сіндром дэфіцыту ўвагі (СДУГ) і ў 18 % – агульны трывожны разлад. Пры гэтым Вэсьер выявіў, што ў 94 % выпадкаў уяўныя сутнасці выклікаюць паляпшэнне стану пацыентаў з гэтымі дыягназамі. Гэта значыць, што тульпагадоўля не прычына, а вынік ужо існых праблемаў.
У сучаснай псіхіятрыі наяўнасць думак, што не ёсць аўтарскімі, часам разумеецца як прыкмета псіхічнага захворвання, тлумачыць Самюэль Вэсьер. На практыцы казаць пра паталогіі можна толькі пры наяўнасці відавочных прыкметаў дыстрэсу: калі ўнутраны свет негатыўна ўплывае на яго стваральніка або асяроддзе. У большасці тульпамэнсараў такіх праблемаў не ўзнікае.

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10