навіны

«Гэта не акт гуманізму, а акт прэсінгу» – Лявончык пра вызваленне 18 палітвязняў

Аляксей Лявончык, BYHELP (Фота: Міра Ляселішская / Белсат)
Аляксей Лявончык, BYHELP (Фота: Міра Ляселішская / Белсат)
podpis źródła zdjęcia

Вызвалілі 18, пасадзілі ў разы больш і пачалі мацней ціснуць на сваякоў.

Сузаснавальнік фонду «By_help» Аляксей Лявончык расказаў у эфіры «Белсат Zoom» пра апошнія тэндэнцыі ў палітычных рэпрэсіях у Беларусі: вызваленне малой колькасці людзей і пераслед сваякоў.
Аляксей Лявончык, BYHELP (Фота: Міра Ляселішская / Белсат)
Аляксей Лявончык, BYHELP (Фота: Міра Ляселішская / Белсат)
Анансаваная ўладамі Беларусі амністыя амаль не закранула палітвязняў: паводле звестак праваабаронцаў, на волю выйшлі толькі 18 палітычных зняволеных, з якіх у бальшыні ўжо неўзабаве скончыўся б тэрмін, і з вызваленых толькі адзін – Рыгор Кастусёў – быў у гуманітарным спісе (мае анкалагічную хваробу). А палітычныя рэпрэсіі не спыняюцца: з моманту амністыі за краты кінулі ўжо больш за 18 вызваленых, узмацняецца ціск на сваякоў палітвязняў і апанентаў Аляксандра Лукашэнкі за мяжой.
Сузаснавальнік фонду «By_help» Аляксей Лявончык прызнае ў каментары «Белсату»: можна толькі выказваць здагадкі.


,,

«Мне падаецца, што там быў дастаткова вялікі фактар выпадковасці», – кажа Лявончык пра выбар амніставаных.


Гэта, на ягоную думку, частка гульні, на якую Лукашэнка пайшоў пад ціскам Польшчы і Кітаю. Польшча прадэманстравала, што можа закрыць транзіт праз Беларусь, і гэта найперш ударыць па кітайскіх таварах, ды і Беларусь атрымлівае грошы за транзіт тавараў і лагістыку.
Лукашэнка 2 ліпеня гучна заявіў, што неўзабаве могуць выйсці на волю некаторыя цяжкахворыя праціўнікі рэжыму, выйшлі 18 чалавек. Лявончык запэўнівае, што праваабаронцам вядомыя ўсе імёны, а не толькі названыя публічна. Праваабаронцы з меркаванняў бяспекі чакаюць, пакуль вызваленыя або іхныя сем’і самі захочуць расказаць пра вызваленне.
Але сярод вызваленых больш за палову – тыя, у каго да канца тэрміну заставалася менш за тры месяцы.


,,

«Гэта стандартны падыход, – лічыць ён. – І раней, калі Лукашэнка кагосьці вызваляў з папярэдніх хваляў палітзняволеных, ён вызваляў тых, каму заставалася зусім няшмат».


Гуманізмам у гэткіх вызваленнях, дадае Лявончык, можна лічыць хіба тое, што вязням не накінулі яшчэ большы тэрмін паводле арт. 411 КК РБ, які дазваляе бясконца працягваць зняволенне за дробныя парушэнні кшталту незашпіленага гузіка, а суды паводле гэтага артыкулу практычна не патрабуюць прадстаўлення доказаў.
Вызвалілі не толькі тых, хто і так выйшаў бы неўзабаве, а і некаторых, у каго заставаліся яшчэ доўгія тэрміны. Лявончык вітае гэтыя вызваленні, але лічыць, што гэта зрабілі толькі дзеля таго, каб паказаць, што вызвалялі не толькі тых, у каго заставалася пару месяцаў, што існуе нейкая іншая сістэма. І дадае: чуў з калоніяў, што спачатку склалі вялікія спісы на вызваленне, потым большую частку выкінулі.
«Галоўнае: гэта не акт гуманізму, гэта акт прэсінгу, дастаткова моцнага прэсінгу, і мне падаецца, што Лукашэнка толькі такую мову і разумее, – рэзюмуе Лявончык. – Але нават пад прэсінгам з боку Кітаю Лукашэнка выпусціў толькі 18 чалавек. Трэба таксама разумець, што рэпрэсіі ў нас нідзе не спыняліся, а з моманту вызвалення 18-ці праваабаронцы назвалі яшчэ амаль 100 чалавек палітзняволенымі».


,,

«Каб выйшла большая колькасць, патрэбны куды большы прэсінг, чым той, што адбыўся».


Ён спадзяецца, што Польшча працягне ціснуць на Лукашэнку дэманстрацыяй сілы і пагрозай закрыць мяжу, раз ужо Лукашэнка разумее толькі такую мову.
Адзін з трэндаў рэпрэсіяў у апошні час – пераслед сваякоў. Затрымалі маці палітвязня і ейную сястру, затрымалі сястру ваяра палка Каліноўскага, учынілі пагромы і знялі «пакаянныя відэа» са сваякамі журналістаў…
Лявончык прызнае: раней такія выпадкі былі адзінкавыя, цяпер гэта стала тэндэнцыяй. Сілавікі прыходзяць па сваякоў палітзняволеных, былых палітзняволеных, актывістаў за мяжой, ваяроў ва Украіне і тых, каго судзілі ці збіраюцца судзіць завочна.
Чаму, ён не ведае, але выказвае здагадку. Ён упэўнены, што ў гэтых рэпрэсіях, у адрозненне ад вызвалення 18 палітвязняў, ёсць пэўная логіка: прымусіць чалавека зрабіць тое, што яны хочуць. Калі «прэсуюць» сваякоў зняволеных, дык мо таму, што зняволеныя не хочуць ісці на «супрацу» ў калоніях, мо не падпісваюць прашэнні аб памілавання. Калі сваякоў тых, хто за мяжой, то гэта можа быць сігнал «спыніся, а то будзе кепска». Калі сваякоў ваяроў – можа, так спрабуюць здабыць інфармацыю пра ваяра: дзе ваюе, як выехаў, якія яшчэ акалічнасці.
«Што рабіць сваякам? Разумець, што калі ў вас нехта сядзіць, калі нехта за мяжой, супраць каго ідзе крымінальны працэс, калі нехта актыўнічае за мяжой, калі нехта ваюе ў палку Каліноўскага, то вы можаце стаць мішэнню, – папярэджвае Лявончык. – У вас удома не павінна быць нічога каштоўнага, у вас удома не павінна быць ніякіх носьбітаў інфармацыі, з якіх можна выцягнуць нешта па чалавека, які іх цікавіць. І ўвогуле, вы павінны быць гатовыя, што па вас прыйдуць у нейкі момант, і таксама быць гатовыя да таго, што гэта можа абярнуцца крымінальнай справай».


,,

«Трэба проста быць да гэтага гатовым і разважаць: калі ціск ужо моцны, магчыма, варта выязджаць. Калі вам пагражаюць крымінальнай справай, а вы не гатовы сустракацца з гэтай рэчаіснасцю, варта выязджаць».


Крымінальных справаў супраць сваякоў пакуль не так і шмат, адзначае Лявончык. Цяпер на сваякоў пераважна ціснуць праз ператрусы і допыты, менш распаўсюджаныя адміністрацыйныя пакаранні. Але вядома, што калі сілавікі абяцаюць нейкія пакаранні, гэта пазней становіцца тэндэнцыяй – як сталі тэндэнцыяй, напрыклад, арышты нерухомасці. Як хутка на сваякоў апанентаў Лукашэнкі пачнуць масава заводзіць крымінальныя справы, невядома, але выглядае, што справа ідзе да горшага.
Лявончык заклікае ў Беларусі «не лічыць, што пранясе», і нагадвае пра нядаўнюю гісторыю дзяўчыны, якую судзілі за данаты па вяртанні з Польшчы, нягледзячы на тое, што ў яе была папера ад КДБ аб тым, што яна ўжо сплаціла ў шмат кратным памеры «кампенсацыю».
Пры патрэбе эвакуявацца з Беларусі ад палітычнага пераследу Лявончык заклікае выязджаць самастойна, калі няма статусу падазраванага, або звяртацца ў службу эвакуацыі «BYSOL».
Наста Печанькова, Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10