Другі «аднарог» у беларускім IT: «Flo» ацанілі ў мільярд долараў
навіны

Другі «аднарог» у беларускім IT: «Flo» ацанілі ў мільярд долараў

Мабільная праграма «Flo». (Скрынот: Flo.health)
Мабільная праграма «Flo». (Скрынот: Flo.health)
podpis źródła zdjęcia

Першым беларускім «аднарогам» была «панда».

IT-кампанія «Flo», якая паходзіць з Беларусі, атрымала каля 200 млн долараў інвестыцыяў пры ацэнцы ўсёй кампаніі ў 1 млрд долараў, піша «Techcrunch». Такія стартапы, якія ацэньваюць у мільярд і больш, называюць «аднарогамі» – і гэта другі «аднарог» родам з Беларусі.
Мабільная праграма «Flo». (Скрынот: Flo.health)
Мабільная праграма «Flo». (Скрынот: Flo.health)
«Flo» – кампанія, якая распрацоўвае аднайменную мабільную праграму. Тая праграма – «жаночы каляндар», то бок каляндар менструальнага цыклу, авуляцыі і фертыльнасці. Яна ўмее не толькі запамінаць запісанае карыстальніцай, але і аналізаваць, прадказваць, даваць парады.
Падобных праграмаў існуе безліч, але «Flo» здабыла асаблівую папулярнасць і аж 380 млн карыстальніц. Паводле кампаніі, праграмай адначасова карыстаюцца 75 млн чалавек, з якіх 5 млн купляюць платную версію, і ў ліку карыстальніц кожная чацвёртая жанчына ў Злучаных Штатах. «Flo», як адзначае «TechCrunch», стала першай цалкам лічбавай кампаніяй-«аднарогам» у гэтым напрамку, які называюць «фэм-тэх».
Кампанію заснавалі ў 2015 годзе беларускія прадпрымальнікі Дзмітрый і Юрый Гурскія (другі быў сярод іншага ментарам і інвестарам, «Maps.me» і «MSQRD», інвестарам «AIMatter», віцэ-прэзідэнтам «Mail.ru Group»). На сайце «Flo» сцвярджаецца, што ў камандзе 450 чалавек, у ліку якіх не толькі айцішнікі, дызайнеры і меркетолагі, але і медыкі.
Мінулы раўнд інвестыцыяў у «Flo» быў тры гады таму, тады яна прыцягнула 50 млн долараў пры ацэнцы кампаніі ў 800 млн. З новымі інвестыцыямі кампанія хоча сфакусавацца на прыцягненні старэйшых карыстальніц з акцэнтам на менапаўзу і перыменапаўзу (пакуль праграмай найбольш карыстаюцца жанчыны ўзростам 18–35 гадоў), а таксама шукаць, якія кампаніі купіць для іншых напрамкаў росту.
Як расказаў Дзмітрый Гурскі, кампанія не збіраецца выпускаць нейкіх апаратных прадуктаў – хіба працягваць інтэграцыю са староннімі апаратамі накшталт разумных гадзіннікаў «Apple Watch». Бізнес-мадэль з бясплатнай версіяй таксама не збіраюцца мяняць.
Да 2023 года «Flo» базавалася ў Беларусі, але, як і многія іншыя IT-кампаніі, сышла з краіны пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Цяпер штаб-кватэра кампаніі ў Лондане, вялікі цэнтр распрацоўкі ў Вільні.
На пытанне аб тым, як сітуацыя ў Беларусі паўплывала на яго, Дзмітрый Гурскі адказаў «TechCrunch»:


,,

«Я некаторы час жыву і працую ў Лондане, у нашай штаб-кватэры. Што тычыцца нядаўніх падзеяў, мне пашанцавала, што гэта не паўплывала непасрэдна на наш бізнес. Мы заўсёды прытрымліваліся глабальнага погляду, і Расея ніколі не была значнай часткай нашага рынку».


«Flo» – другі «аднарог» з Беларусі. Першым была кампанія «PandaDoc», якая стварыла паспяховую праграму для аўтаматызацыі працы з дакументамі і электроннымі подпісамі.
Пасля таго, як у 2020 годзе стваральнікі кампаніі Сяргей Барысюк і Мікіта Мікада ініцыявалі праект па зборы грошай для сілавікоў, якія вырашылі змяніць прафесію, да кампаніі сілавікі прыйшлі з ператрусам. Чатыром супрацоўнікам выставілі абвінавачванні ў «махлярстве», але пазней вызвалілі пасля, як сцвярджае Генпракуратура, «кампенсацыі шкоды».
Ужо пасля гэтага, у канцы 2021-га «PadnaDoc» была ацэненая на $ 1 млрд і стала першым у гісторыі Беларусі стартапам-«аднарогам». Але, як і «Flo», яна базавалася ўжо не ў Беларусі. Цяпер «PandaDoc» базуецца ў Сан-Францыска і мае галоўны офіс у Санкт-Пецярбурзе, што ў штаце Флорыда. Справы ў «пандаў», падобна, ідуць някепска: год таму яны купілі берлінскую фінтэх-кампанію «Denario».
Алесь Наваборскі belsat.eu
больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10