Абвінавачаны ў дыверсіі ў Мачулішчах папрасіў дапамогі ў Зяленскага. Ці стане рэагаваць Украіна?


Пасля дыверсіі на аэрадроме «Мачулішчы» сілавікі затрымалі ў Беларусі Мікалая Швеца, якога назвалі «агентам СБУ». 23 траўня з’явілася відэа, на якім Швец просіць прэзідэнта Украіны аб дапамозе. Але эксперты кажуць «Белсату», што відэа адрасаванае не Украіне.

Зварот да прэзідэнта Украіны зачытвае, як сцвярджаецца, агент СБУ Мікола Швец. СІЗА КДБ, Беларусь. 23 траўня 2023 года. Кадр з відэа: расейскі праваенны Telegram-канал

7 сакавіка Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў атаку 26 лютага на расейскі самалёт «А-50» у Мачулішчах, у выніку чаго той быў пашкоджаны і вымушаны вылецець на рамонт у Расею, а таксама распавёў пра затрыманні больш як 20 асобаў, нібыта датычных да атакі. Пазней паказалі затрыманага, якога назвалі агентам Службы бяспекі Украіны – як сцвярджаецца, гэта 30-гадовы Мікалай Швец, які нарадзіўся ў Крывым Розе, жыў у Крыме, мае расейскі і ўкраінскі пашпарты.

23 траўня адзін з расейскіх праваенных Telegram-каналаў апублікаваў зварот Мікалая Швеца да прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага з просьбай паспрыяць ягонаму вызваленню. На відэа ён кажа, што «для беларусаў ён тэрарыст», што ад затрымання ім «ніхто не цікавіўся», украінскія ўлады ад яго «адмовіліся», хоць ён «выконваў заданне», а яму ж пагражае смяротнае пакаранне.

Адметна, што відэа ад імя зняволенага, які ўтрымліваецца ў Следчым ізалятары Камітэту дзяржаўнай бяспекі Беларусі, першым апублікаваў расейскі канал, і ўжо на яго спасылаліся беларускія праўладныя каналы.

«Белсат» спытаў, што гэты зварот значыць і ці стане рэагаваць Украіна, у экспертаў з Беларусі і Украіны – заснавальніка «Белага легіёну» Сяргея Бульбы і ўкраінскага паліттэхнолага Сяргея Гайдая.

Чалавек на відэа размаўляе па-ўкраінску, але неяк ненатуральна. Сяргей Гайдай тлумачыць, што гэта не акцэнт, а чалавек размаўляе па-ўкраінску даволі чыста, і ён калі не носьбіт мовы, то прынамсі добра яе ведае. Незвычайна гэта гучыць, як кажа Гайдай, таму, што чалавек вывучыў тэкст напамяць, як верш, і прыгадвае кожнае слова, каб не памыліцца і сказаць усё даслоўна.

Гэта Лукашэнка працуе на «ўласную публіку» ці сілавікі – на Лукашэнку?

Абодва суразмоўцы лічаць, што зварот адрасаваны не столькі Украіне, колькі гледачам у Беларусі. Але патэнцыйнымі гледачамі лічаць розных людзей.

Гайдай не выключае, што чалавек на відэа сапраўды можа быць удзельнікам аперацыі, які трапіў у рукі сілавікоў. Але схіляецца да таго, што гэта чалавек, узяты ў закладнікі ў асноўным дзеля ўнутранага піяру – каб Лукашэнка мог заявіць, што не хлусіў, калі казаў аб спецаперацыі Украіны, бо вось жа Украіна будзе вызваляць свайго агента.

«Я думаю, што асноўная мэта – пацвердзіць, што рэальна быў тэракт, што спецслужбы працуюць, затрымліваюць, што беспакарана нельга сысці. Гэта ўнутраны піяр», – разважае Гайдай.

Калі Украіна пойдзе на вызваленне свайго грамадзяніна праз нейкі абмен, гэта будзе выглядаць як пацверджанне таго, што тое быў украінскі агент, працягвае паліттэхнолаг. А значыць, будзе і пацверджаннем рыторыкі пра тое, што гэта Украіна вядзе вайну супраць Беларусі, і дазволіць выдаць наступствы вайны ва Украіне за яе прычыны.

У сваю чаргу Сяргей Бульба схіляецца да таго, што гэта «тэлеспектакль для Лукашэнкі» – каб сілавікі маглі паказаць яму, што «мы гераічныя, мы раскрылі». Ён не сумняецца, што «агент СБУ» – такая ж пастаноўка, як «тэрарыст, застрэлены ў Горадні», у якім пазналі супрацоўніка КДБ. Гэты «агент СБУ», нагадвае ён, спакойна чакаў сілавікоў з адчыненымі дзвярыма ў доме ўжо затрыманых людзей.

Пасля пратэстаў 2020 года, нагадвае Бульба, у Беларусі па экспаненце ўзрастае роля сілавікоў – цяпер сілавікі, на ягоную думку, фармуюць стаўленне Лукашэнкі да той ці іншай падзеі. І важнай становіцца не сама падзея, а тое, што пра яе сказана ў медыях. За Мачулішчы, нагадвае ён, Лукашэнка ўзнагародзіў сілавікоў як за ўдалую «контртэрарыстычную аперацыю».

«Больш тэлеспектакляў, добрых і розных! За гэта, аказваецца, яшчэ і медалькі раздаюць», – іранізуе Бульба.

Менавіта сілавікі, лічыць ён, сфармавалі ў Лукашэнкі бачанне таго, што гэта ўкраінскі бок «пачаў шкодзіць», бо ў сілавых структурах Беларусі ёсць моцнае «расейскае лобі», якому трэба «ўкласці ў вушы» Лукашэнку, што Украіна не выконвае дамоўленасцяў. І менавіта пасля Мачулішчаў Лукашэнка дазволіў сабе асабістыя выпады ў бок Зяленскага.

Агляд
Чортаў тузін справаў, «сенсацыйна раскрытых» Лукашэнкам
2023.03.09 14:48

Ці стане Украіна яго вызваляць?

Гайдай згадвае справу «вагнэраўцаў», затрыманых у Беларусі летам 2020 года. Тады, кажа ён, Зяленскі мог лічыць, што можна нармальна стасавацца з Лукашэнкам і разлічваць на выдачу баевікоў Украіне. Але ў пачатку поўнамаштабнай вайны з тэрыторыі Беларусі расейскія войскі атакавалі Кіеў – пасля такога з Зяленскім (які заставаўся ў тым самым Кіеве) у Лукашэнкі не выйдзе дамовіцца, прагназуе суразмоўца.

Ды Украіна – не дыктатарскі рэжым, які мог бы проста пасмяяцца і забыць пра чалавека на відэа, працягвае Гайдай. Лукашэнка можа разлічваць на тое, што Украіна будзе ратаваць свайго грамадзяніна, нават калі гэта звычайны чалавек.

«Лукашэнка лічыць такія дзеянні слабасцю – і ён на гэтую слабасць разлічвае, мне так здаецца», – разважае Гайдай.

Бульба ж мяркуе, што між сілавікамі ў Беларусі і Украіне камунікацыя ёсць, бо Украіне не патрэбнае адкрыццё другога фронту, ды і Беларусь мае свае інтарэсы. Але ён не бачыць, як Украіна можа дамагацца экстрадыцыі чалавека, названага «агентам СБУ».

Нават калі б Украіна прызнала зняволенага сваім агентам, то, пытае Бульба, на каго б яго мяняла? А калі не прызнае, то адсутнічаюць юрыдычныя падставы для вызвалення зняволенага.

«Трэба, каб Украіна прызнала, што «Мачулішчы – гэта мы». А калі яны не прызнаюць гэтага, то не выпадае размаўляць ні пра які абмен», – канстатуе Бульба.

Раней Лукашэнка вёў з краінамі Захаду «гандаль палітвязнямі» ў абмен на зняцце санкцыяў, нагадвае Бульба. Цяпер, хоць Лукашэнка зноў набраў палітвязняў, такі «бізнес» не працуе. У цяперашніх умовах, разважае Бульба, Украіна таксама не пойдзе гандлявацца з Лукашэнкам дзеля чалавека, «які невядома што і навошта рабіў на тэрыторыі Беларусі».

Hавiны
КДБ: Фігурантам справы аб дыверсіі ў Мачулішчах можа пагражаць смяротнае пакаранне
2023.04.03 18:24

Гэта ўсё – у кантэксце беларускіх ваяроў ва Украіне і баёў у Белгародскай вобласці

Суразмоўцы «Белсату» звяртаюць увагу на тое, што ва Украіне ідзе вайна, у якой Беларусь выступае суагрэсарам, але на баку Украіны ваююць нямала беларусаў, як то полк Каліноўскага.

Гайдай сумняецца, што такім відэазваротам Лукашэнка хоча чагосьці дамагчыся ад Украіны, бо «разумее, што Украіна для яго – асноўная пагроза». На думку Гайдая, Лукашэнка чакаў, што расейскія войскі, якія ён прапусціў праз Беларусь ва Украіну, хутка перамогуць – а апынуўся «разам з Пуціным на караблі, які тоне» і баіцца, што каліноўцы пойдуць на Беларусь. Абараніць ягоную ўладу можа толькі Расея, а тая мае праблемы з абаронай самой сябе. На фоне гэтага і патрэбны ўнутраны піяр «пагрозы з Украіны».

Бульба згадвае, што цяпер з’яўляюцца «зубы дракона» на мяжы з Украінай і блокпасты ў Гомлі – падрыхтоўка да чагосьці з боку Украіны пачалася ў Беларусі нават раней за атаку на Белгародскую вобласць Расеі. Ён лічыць, што сілавікі ў Беларусі сапраўды непакояцца аб тым, што з Украіны ў Беларусь зойдуць беларускія добраахвоткікі, таму зацікаўленыя лішні раз паказаць Лукашэнку «злых бандэраўцаў» і недружалюбныя намеры Украіны.

Каментар
Лукашэнка рыхтуецца да наступу Украіны? Што значаць «зубы цмока» і перадыслакацыя самалётаў
2023.05.19 07:30

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў