«Гніда, поскудзь, мярзотнікі». Чаму Лукашэнку «бамбанула» ад дыверсіі ў Мачулішчах?


Сённяшняя «урачыстая цырымонія» з узнагародаю «самых паспяховых жанчын» і раздачай генеральскіх пагонаў пераўтварылася ў гнеўны спіч Аляксандра Лукашэнкі пра дыверсію ў Мачулішчах. Даўно ў ягоных прамовах не было такой канцэнтрацыі абразаў. «Белсат» паспрабаваў высветліць, пра што гэта сведчыць.

Аляксандр Лукашэнка. Менск, Беларусь. 7 сакавіка 2023 года.
Фота: БелТА

У датычнасці да атакі на расейскі самалёт-лакатар у Мачулішчах Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў СБУ, амерыканскае ЦРУ і «беглых за мяжою». Польшчу ды Літву ён назваў поскуддзю, прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага гнідаю, а ўсіх астатніх, датычных да дыверсіі, – мярзотнікамі.

«Гэта было занадта»

Словы, якія сёння ўжываў Лукашэнка, – гэта было занадта нават для яго, заўважыў у каментары «Белсату» палітычны аглядальнік выдання «Позірк» Аляксандр Класкоўскі. Ён мяркуе, што лексіка палітыка адпавядае ягонаму выхаванню:

«Правадыр рэжыму не вызначаецца асаблівай вытанчанасцю лексікі, нават казырае гэтым. Сапраўды, у свой час гэтая лексіка ўздзейнічала, Лукашэнку многія лічылі сваім чалавекам, з народу. Дасюль ён наўмысна эксплуатуе гэты пласт грубай зніжанай лексікі, мяркуючы, што такім чынам ён бліжэйшы да народу, хаця насамрэч ён даўно ад яго адарваўся».

Да таго ж адбіваецца светапогляд Лукашэнкі, які бачыць вакол толькі ворагаў і змоўшчыкаў, таму ў яго «з глыбіні душы рвецца такая гнеўная лексіка», сказаў суразмоўца «Белсату»: «Цяпер, калі ці сапраўды злавілі, ці адрапартавалі, што злавілі, тэрарыста, у яго камень з душы, ён хоча выгаварыцца і выплюхнуць усе свае эмоцыі. Гэта для яго ўздых палёгкі. Можна падаць як трыумф сваіх служакаў у пагонах. Адсюль гэтая плынь лаянкі на адрас сваіх ворагаў».

Hавiны
Лукашэнка пра атаку на А-50: «Зяленскі – гніда, Польшча і Літва – поскудзь»
2023.03.07 14:24

Лаянку на адрас Уладзіміра Зяленскага аналітык растлумачыў жаданнем Лукашэнкі зваліць усё на Украіну.

«Версія «ByPol» пра партызанаў рэжыму вельмі нявыгадная: прызнаць перад Расеяй, перад сваімі прыхільнікамі, што партызаны сапраўды гаспадараць у ваколіцах Менску, – прызнаць свае правалы, гэта ўдар па міфе пра беларускую стабільнасць, пра тое, што тут мыш не прапаўзе», – адзначыў Класкоўскі.

Ён заўважыў, што і перад Крамлём дыверсію выгадна абмаляваць так, што нібыта дзейнічалі ўкраінцы, СБУ, а за імі яшчэ і ЦРУ: «Вось, маўляў, якія магутныя прафесіяналы, таму не дзіва, што ім тут часткова ўдалося свае задумы здзейсніць».

«Гэта прадэманстравала ягоную слабасць»

Як сказаў «Белсату» каардынатар беларускай экспертнай сеткі «Наше мнение» Вадзім Мажэйка, гэтая прамова сведчыць, што здарэнне ў Мачулішчах прадэманстравала Лукашэнку ягоную слабасць:

«Гэта сведчыць пра тое, наколькі падзеі закранулі Лукашэнку, і той факт, што, як ён прызнаўся, мацюкаўся на сваіх сілавікоў, таксама дэманструе, што гэта вельмі непрыемная для яго сітуацыя. Яна яму самому прадэманстравала ягоную слабасць і выставіла яго ненадзейным хаўруснікам Крамля. Бачна, наколькі ён выведзены з сябе».

Каментар
Кіраўнік «ByPol» растлумачыў гнеўны спіч Лукашэнкі пра А-50 незадаволенасцю Крамля
2023.03.07 17:46

Мажэйка заўважыў, што цяпер «усе ахвотныя» ведаюць, як можна раз’юшыць Лукашэнку: «Ён прадэманстраваў усім зацікаўленым асобам, што ён у гэтай сітуацыі слабы, што яго такое бянтэжыць. Цяперака ўсе ахвотныя могуць разумець, як Лукашэнку з сябе выводзіць».

Суразмоўца «Белсату» мяркуе, што інцыдэнт на аэрадроме таксама паказаў слабасць «сілавікоў Лукашэнкі»: «Адна справа лавіць актывістаў, а іншая – супрацьстаяць сапраўдным дыверсіям».

«Прыхільнасць беларускіх пратэстоўцаў да негвалтоўнага супраціву расслабіла беларускіх сілавікоў, выглядае, што нават такім, не надта вялікім, дыверсіям яны асабліва не здольныя супрацьстаяць», – сказаў эксперт.

Абноўлена
Рыхтавалі СБУ і ЦРУ. Лукашэнка пацвердзіў падрыў самалёту А-50 у Мачулішчах
2023.03.07 12:42

Атака на расейскі самалёт А-50 у Мачулішчах адбылася 26 лютага. Адказнасць за дыверсію ўзяў на сябе «ByPol». Спачатку дзяржаўныя медыі перадавалі, што інфармацыя пра атаку – фэйк, самалёт, які каардынаваў ракетныя абстрэлы Украіны, не пацярпеў. Аднак праз некалькі дзён ён паляцеў на рамонт у расейскі Таганрог.

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў