На прапагандысцкіх расейскіх і беларускіх тэлеграм-каналах з’явіўся відэазварот грамадзяніна Украіны Мікалая Швеца, якога ўлады Беларусі абвінавацілі ў атацы на самалёт у Мачулішчах. Мікалай гаворыць па-ўкраінску, звяртаецца да Уладзіміра Зяленскага і кажа, што дагэтуль ніхто з украінскіх дыпламатаў не наведаў яго ў СІЗА КДБ.
Мікалай Швец на відэа абвінавачвае ўкраінскія ўлады ў тым, што пра яго забыліся.
«Я, коштам уласнага жыцця, да канца выканаў заданне ўкраінскай дзяржавы – пашкодзіў расейскі самалёт ДРЛО-А50У на базе Мачулішчы ў Менску. Цяпер мне пагражае смяротнае пакаранне. Для беларусаў я тэрарыст. З 4 сакавіка я застаюся ў СІЗА КДБ Рэспублікі Беларусь. За гэты час ніхто мной не цікавіўся, ніхто са мною не выходзіў на сувязь. З гэтага я раблю выснову, што ўлады ад мяне адмовіліся», – кажа Швец і заклікае Зяленскага зрабіць усё, каб яго вызваліць.
«Будзьце мужнымі. Я ўсё, што ад мяне патрабавалася, зрабіў. Цяпер вашая чарга. Я прашу не шмат – гэта выкананне абавязкаў прэзідэнта і вызваленне мяне адсюль», – гаворыць Швец напрыканцы звароту.
Расейскі вайсковы самалёт быў пашкоджаны на аэрадроме ў Мачулішчах пад Менскам 26 лютага ў выніку атакі дрона. Адказнасць за атаку ўзяў на сябе ByPol. Самалёт пазней зляцеў на рамонт у Расею. У гэтай справе былі затрыманыя некалькі чалавек.
Марыя Міхалевіч belsat.eu