Паведамілі імя затрыманага «ўкраінскага тэрарыста», яго шукалі адразу пасля дыверсіі


Пасля словаў Лукашэнкі пра затрыманне нібыта датычных да дыверсіі ў Мачулішчах, дзяржтэлеканалы апублікавалі відэа, як сцвярджаецца, з затрыманнем «тэрарыста СБУ», які нібыта датычны да выбуху расейскага вайсковага самалёта.

Мікалай Швец, які па словах беларускіх дзяржаўных медыяў, датычны да дыверсіі ў Мачулішчах. Крыніца: БелТА

На відэа мужчына кажа, што яго клічуць Швец Мікалай Уладзіміравіч, ён нарадзіўся 5 красавіка 1993 года, з’яўляецца грамадзянінам Украіны. Таксама на відэа мужчына кажа, што ён той самы Мікалай Швец, якога беларускія сілавікі шукалі тыдзень таму. Нібыта ён прыехаў спачатку ў Расею па расейскім пашпарце, а потым у Беларусь, дзе і здзейсніў «тэракт». Арганізатарам назваў СБУ.

Праваабаронцы высветлілі, што відэа з затрыманнем «украінскага тэрарыста» было знята на тэрыторыі садовага таварыства «Бярозавы Гай» у вёсцы Чарцяж (Бараўлянскі сельсавет, Менскі раён). Гэта адбылося яшчэ 4 сакавіка.

Па словах праваабаронцаў, ягоныя фота паказвалі мясцовым жыхарам на мінулым тыдні, але ніхто з мясцовых гэтага чалавека ў вёсцы ніколі не бачыў.

Мясцовыя жыхары кажуць, што на відэа з затрыманнем «украінскага тэрарыста», дом друкара Алега Сычова – яго разам з жонкай сілавікі затрымалі на мінулым тыдні ў гэтым самым доме. Цяпер Сычовых трымаюць у СІЗА КДБ.

Нагадаем, што 7 сакавіка Лукашэнка пацвердзіў атаку 26 лютага на расейскі самалёт А-50, у выніку чаго той быў пашкоджаны і вымушаны вылецець на рамонт у Расею. Пры гэтым ён таксама распавёў пра затрыманні больш як 20 асобаў, нібыта датычных да атакі. Аднак кіраўнік BYPOL Аляксандр Азараў у каментары «Белсату» зноў заявіў, што ў Беларусі няма нікога, хто ўдзельнічаў у дыверсіі.

Каментар
Кіраўнік «ByPol» растлумачыў гнеўны спіч Лукашэнкі пра А-50 незадаволенасцю Крамля
2023.03.07 17:46

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў