Ва ўсіх раёнах Гомля паставілі КПП. Гарвыканкам: гэта вучэнні


У Гомлі 19 траўня заўважылі адразу некалькі блокпастоў: паводле выдання «Флагшток», іх паставілі блізу хімзаводу і на выездах з гораду. Старшыня гарвыканкаму растлумачыў гэта штабнымі вучэннямі.

Блокпост на выездзе з Савецкага раёну Гомля
Блокпост на выездзе з Савецкага раёну Гомля, Беларусь. 19 траўня 2023 года.
Фота: VAPrivalov / Telegram

Як напісаў старшыня гарвыканкаму Уладзімір Правалаў, у Гомлі з 11 траўня ідуць планавыя вучэбныя зборы «тэрытарыяльнай абароны», на апошнім этапе збораў – камандна-штабныя вучэнні, на якіх тэрытарыяльныя войскі маюць ахоўваць аб’екты жыццезабеспячэння. Менавіта таму ў кожным з раёнаў гораду паставілі камандна-прапускныя пункты – «на вызначаных задумай вучэнняў вуліцах». Зборы маюць завяршыцца 2 чэрвеня.

Як прапускныя пункты з бетоннымі блокамі і мяшкамі з пяском выкарыстоўваюцца ў камандна-штабных вучэннях, а таксама чаму блокпасты стаяць на нагружаных дарогах, а не на палігонах, Правалаў не ўдакладніў. Але мясцовыя журналісты папярэджваюць, што бетонныя блокі могуць стаць прычынай дарожных здарэнняў.

Таксама Правалаў не згадаў, што ў 10 км ад Гомля сталі з’яўляцца «зубы цмока» – супрацьтанкавыя ўмацаванні сумнеўнай эфектыўнасці. Гэтыя ўмацаванні звычайна звязваюць з вайной ва Украіне.

Hавiны
У Беларусь з Расеі прыехалі прынамсі тры эшалоны з салдатамі і тэхнікай
2023.05.19 21:23

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў