Хто ці што замінае беларускамоўным аўтарам

Паўдзельнічаў у абмеркаванні, ці варта спажываць расейскі кантэнт. Прагучала думка, што беларускі кантэнт будзе якасны, калі будзе стварацца «не благодаря или вопреки, а при внутренней свободе».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кніга Міхала Анемпадыстава «Колеры Беларусі». Варшава, Польшча. 25 траўня 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Беларускі якасны кантэнт ствараецца, на жаль, менавіта насуперак. Асноўная перашкода – не недахоп унутранай свабоды, а банальная адсутнасць звычайнай свабоды, калі можна так сказаць.

Адзінае месца, дзе могуць выдавацца аўтары, – гэта эміграцыя. Рэпрэсіі працягваюцца не тры ці нават трыццаць гадоў. У ХІХ стагоддзі арыштавалі стваральніка першага беларускага тэатру Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча, забаранілі ягоныя пʼесы. Арыштавалі ды змусілі да эміграцыі Адама Міцкевіча. Эміграцыю і забарону на выданне твораў зведаў Францішак Багушэвіч. У ХХ стагоддзі НКВД расстраляла больш за сотню беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. У ХХІ стагоддзі ў выгнанні апынуліся пісьменнікі Васіль Быкаў і Святлана Алексіевіч, у турме забілі мастака Алеся Пушкіна, ад 7 да 9 гадоў турмы атрымалі музыкі «Tor Band». І можна назваць яшчэ дзясяткі, сотні імёнаў.

Як бачым, знішчэнне не выпадковае, гэта частка сістэмнай палітыкі каланізацыі, якую праводзіць Расейская імперыя апошнія дзвесце гадоў. Багушэвіч яшчэ ў 1860-я гады казаў пра русіфікацыю беларусаў і быў забаронены да выдання ў Расейскай імперыі.

Скажу палітычна не карэктнае. Некаторыя рэчы, як кажуць, эмігранты перастаюць разумець, аддаліўшыся ад радзімы. Магчыма, гэта так. Але сапраўды гэтак жа некаторыя рэчы немагчыма зразумець, не пажыўшы хаця б пару гадоў звонку краіны, якая паводле ступені свабоды цяпер нагадвае савецкі лагер. Ты выбіраешся з-пад уплыву кантэксту, які прысутнічае фонам, але не можа быць адрэфлексаваны, як паветра, якім дыхаеш. Напрыклад, навошта сурʼёзна думаць аб тым, якія погляды на свет у аўтараў твайго каланізатара? Прычым каланізатара не ў далёкім мінулым, а які проста цяпер працягвае актыўна асіміляваць твой народ усімі спосабамі: ад Лепса да аўтамата. Аўтары ў Расеі зарабляюць на жыццё тым, што ўхваляюць людзей, якія забіваюць. Улады саджаюць у турмы, а творцы складаюць гэтаму паэтычнае апраўданне.

Самы нязручны для абмеркавання момант у наш паліткарэктны час палягае ў тым, што каланізатарскія погляды і пазіцыя характэрныя для аўтараў з канкрэтнай нацыянальнай прыкметай. І такім чынам атрымліваецца, што большасць расейскіх аўтараў «адмяняюць» за каланізатарскую пазіцыю. А паколькі сярод расейскіх аўтараў людзей з каланізатарскай пазіцыяй надзіва шмат, складаецца ўражанне, нібыта іх «адмяняюць» паводле паходжання. «Не, Джоні, ты сядзіш не за тое, што ты чорны, а за тое, што ты сумачку скраў».

Гісторыі
Як склаўся лёс берасцейскага тэатру «Крылы халопа» і людзей, якія яго стваралі
2022.10.16 09:40

І зараз давайце задамо сабе простае пытанне: ці ўплывае мэсідж на атрымальніка? Сто адсоткаў уплывае. Яшчэ адно пытанне: ці ўплывае на мэсідж аўтар мэсіджу? Сто адсоткаў так.

Ці жадаю я свядома падпадаць пад уплыў каланізатараў? Так, можа быць у тым выпадку, калі я лічу, што гэтая каланізацыя прынясе мне карысць – як часам у гісторыі і было. Каланізацыя, бывала, прыносіла на іншыя землі права, адукацыю і медыцыну. Часам даводзілася ад расейцаў чуць, што мы, беларусы, павінны быць удзячнымі, бо «Расея дала вам усе». Мы не падзяляем гэтай думкі, але не будзем дыскутаваць аб тым, ці яно сапраўды так калісьці было. Гэта не мае сэнсу, бо цяпер бачна: усё, што дае Расея каланізаваным народам, – гэта ізаляцыя, вайна і галеча.

Я прапаноўваю датычна расейскіх аўтараў вельмі простую стратэгію. Запытайцеся аўтара: ці падтрымоўвае ён права беларусаў мець сваю дзяржаву? Ці маюць права беларусы нарэшце самі вызначаць, ці ўступаць ім у NATO, ці быць нейтральным? Ці маюць беларусы права вырашаць, на якой мове ім у сваёй дзяржаве размаўляць і які статус якой мове надаваць? Калі мы бачым адказ «так» на ўсе пытанні – тады шчыра запрашаем.

Міхаіл Кірылюк belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў