Знаёмімся з кандыдатамі ў Каардынацыйную раду: выбарчы спіс № 9 «Каманда Латушкі»


«Белсат» працягвае адмысловы праект з нагоды выбараў у Каардынацыйную раду трэцяга склікання. У яго межах мы знаёмім выбарнікаў са спісамі, якія прэтэндуюць на месцы ў КР. Кожны з лідараў атрымаў аднолькавыя пытанні. Адказы публікуюцца згодна з чаргой, у якой яны былі атрыманыя нашымі карэспандэнтамі.

Лідар НАУ Павел Латушка на адкрыцці выставы «Я не баюся, хай яны баяцца», прысвечанай жыццю і дзейнасці Алеся Бяляцкага, якая адкрылася ў польскім Сенаце. Варшава, Польшча. 8 траўня 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Гэтым разам прэзентуем спіс «Каманда Латушкі і Рух “За свабоду”». Лідар спісу – Павел Латушка, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету (АПК) і лідар Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, які стварыў кааліцыю з Рухам «За свабоду». Гэты спіс самы вялікі – 46 асобаў. Сярод іх – кіраўнік Руху «За свабоду», адказны за кадравы рэзерв у АПК, Юрый Губарэвіч; кіраўнік Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі Уладзімір Астапенка; кіраўніца Музею вольнай Беларусі ў Варшаве Наталля Задзяркоўская; экс-кандыдат на прэзідэнта Алесь Міхалевіч ды іншыя. З поўным пералікам чальцоў спісу можна пазнаёміцца тут.

Нумар спісу «Каманда Латушкі і Рух “За свабоду”» ў выбарчым бюлетэні – 9.

Што нам адказалі ў «Камандзе Латушкі»

1. Назавіце тры галоўныя выклікі, якія стаяць перад Беларуссю сёння.

Сёння перад Беларуссю стаяць два галоўныя выклікі: уцягванне ў вайну і страта незалежнасці. Трэці ж выклік – расейскі імперыялізм – будзе існаваць столькі часу, колькі будзе існаваць Расея, якая грунтуецца на ідэалогіі рашызму і «русского мира».

2. Назавіце тры галоўныя праблемы, якія перашкаджаюць беларускім дэмакратычным сілам іх вырашаць.

– Дыспрапорцыя прапагандысцкіх і грашовых рэсурсаў беларусаў і рэжыму Лукашэнкі.

– Моцны ўплыў на ўнутраную сітуацыю ў Беларусі Расейскай Федэрацыі, якая ёсць асноўным саюзнікам і спонсарам рэжыму Лукашэнкі.

– Адсутнасць стратэгіі з боку заходніх партнёраў.

3. Кім для вашай палітычнай сілы ёсць Аляксандр Лукашэнка?

Узурпатар, злачынца, які здзейсніў гвалтоўны захоп улады ў Беларусі і як мінімум тры з чатырох найбольш цяжкіх злачынстваў у разуменні міжнароднага права: злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні беларусаў, злачынства агрэсіі ў дачыненні Украіны, ваенныя злачынствы ў дачыненні Украіны (незаконнае перамяшчэнне або дэпартацыя дзяцей з часова акупаваных тэрыторый).

4. Кім для вашай палітычнай сілы ёсць Святлана Ціханоўская?

Прэзідэнт-элект, кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі, палітык, паплечніца.

5. Ці падтрымліваеце вы ўзмацненне санкцыяў у дачыненні рэжыму ў Беларусі за яго дзеянні ўнутры і за межамі Беларусі? Ці, наадварот, варта іх зменшыць у абмен на вызваленне палітвязняў?

Вельмі важна разумець, што ёсць санкцыі за парушэнні правоў чалавека, а ёсць санкцыі за саўдзел у вайне і міграцыйны крызіс. Магчыма весці кансультацыі пра адмену санкцый за парушэнні правоў чалавека ў Беларусі ў абмен на вызваленне палітзняволеных. Асобна праводзіць перамовы праз трэція краіны ў пытаннях вызвалення палітзняволеных. Аднак пакуль рэжым не выказвае такой зацікаўленасці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Марш міру і незалежнасці ў Менску, Беларусь. 30 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Мы выступаем за ўзмацненне гандлёвых санкцый у дачыненні рэжыму Лукашэнкі праз іх гарманізацыю з расейскімі, бо гэта дапамагае Украіне ў абароне ад агрэсіі. Увогуле ўзмацненне санкцый прыводзіць да скарачэння падтрымкі рэжымам Расеі ў працягненні вайны.

Але больш важным, чым нават узмацненне санкцый, ёсць узмацненне кантролю за іх выкананнем, барацьба з іх абыходам. На жаль, пакуль санкцыі не дасягнулі дастатковага ўзроўню, каб дабіцца змены палітыкі нелегітымнай улады.

Мы не падтрымліваем абмежаванняў, накіраваных на ўскладненне атрымання візаў, перамяшчэння і легалізацыі беларусаў за мяжой. Трэба адзначыць, што гэтыя захады не ёсць санкцыямі. Трэба падзяляць санкцыі і захады для забеспячэння інтарэсаў нацыянальнай бяспекі суседніх краінаў. Аднак мы будзем лабіяваць развязанне пытання несправядлівых абмежаванняў у дачыненні беларусаў.

6. Ці падтрымліваеце вы сілавы сцэнар змены ўлады ў Беларусі?

Трэба ўсведамляць, што на сённяшні дзень змене ўлады перашкаджае Расейская Федэрацыя – як галоўны саюзнік і спонсар рэжыму Лукашэнкі. Заклікаць беларусаў да сілавога паўстання зараз – гэта значыць падштурхоўваць наш народ да непасрэднага канфлікту з арміяй РФ, у які не імкнецца ўваходзіць цяпер нават NATO і які можа прывесці да сапраўднага генацыду беларусаў, як паказваюць прыклады Бучы і Марыупалю. Тым не менш, мы лічым істотным падтрымліваць полк Каліноўскага і любыя іншыя згуртаванні беларусаў у ЗСУ, якія змагаюцца супраць РФ са зброяй у руках.

7. Як вы ставіцеся да інтэграцыі Беларусі ў Еўрапейскі Звяз і ў NATO?

Падтрымліваем інтэграцыю ў ЕЗ. Мы былі суаўтарамі рэзалюцыі, якая была прынятая на канферэнцыі «Новая Беларусь» 9 жніўня 2023 года. У пытанні інтэграцыі з NATO неабходная вялікая інфармацыйна-тлумачальная праца з беларускім грамадствам пра тое, што NATO не ёсць варожай Беларусі міжнароднай арганізацыяй.

8. Ці павінна Беларусь выйсці з інтэграцыйных аб’яднанняў з Расеяй? Якіх?

Так, павінна. З СД, АДКБ, СНД і ЕАЭС.

9. Колькі дзяржаўных моваў павінна быць у Беларусі? Якія?

Дзяржаўная мова павінна быць беларускай. Безумоўна, гэта абсалютна не значыць забароны карыстацца іншымі мовамі, у тым ліку расейскай – бо гэта немагчыма, улічваючы шырату яе выкарыстання. Павінна быць прынятая сістэмная праграма адраджэння беларускай мовы, на падставе выпраўлення наступстваў яе шматгадовага знішчэння.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Святочная лінейка. Барысаў, Беларусь. 1 верасня 2021 года.
Фота: Белсат

10. Ці падтрымліваеце вы дэкамунізацыю ў Беларусі? Назваў, помнікаў і гэтак далей?

Безумоўна так.

11. Ці лічыце вы важным падтрыманне традыцыйных і хрысціянскіх каштоўнасцяў?

На палітычным узроўні мы не павінны разважаць у такіх катэгорыях, бо гэта асабістая, прыватная справа кожнага і кожнай. У нашай камандзе, напрыклад, многія людзі ёсць вернікамі, хрысціянамі. Але ж гэта не павінна быць інструментам палітыкі. На ўзроўні дзяржавы падтрымку і абарону павінныя мець агульначалавечыя каштоўнасці, правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, што ўключае ў сябе забарону дыскрымінацыі, у тым ліку паводле рэлігійнай прыкметы. Свабода сумлення і веравызнання павінна быць безумоўна гарантаваная кожнаму і кожнай, і іншага падыходу быць не можа. Пры гэтым у Беларусі пад уладай рэжыму Лукашэнкі рэпрэсіі ў дачыненні і святароў, і шараговых вернікаў паводле рэлігійнай прыкметы сталі звычайнай з’явай. Гэта абсалютна недапушчальна.

12. Ці падтрымліваеце вы пашырэнне гендарных квотаў, увядзенне квотаў для прадстаўнікоў нацыянальных ці сексуальных меншасцяў?

Мы падтрымліваем практыкі, накіраваныя на пераадоленне дыскрымінацыі ўразлівых групаў. Што тычыцца нацыянальных меншасцяў, то проста трэба выконваць рамкавую канвенцыю Рады Еўропы ў абароне нацыянальных меншасцяў.

13. Якое стаўленне вашай палітычнай сілы адносна прадстаўнікоў і ініцыятываў ЛГБТК+?

Мы выступаем за абарону правоў усіх грамадзянаў, у тым ліку і прадстаўнікоў ЛГБТК+.

14. Ці лічыце вы неабходнаю прыватызацыю дзяржаўных прадпрыемстваў?

Гэтае пытанне будзе вызначаць беларускі народ, непасрэдна ці праз сваіх прадстаўнікоў у парламенце незалежнай дэмакратычнай Беларусі. Але мы асабіста лічым прыватную форму ўласнасці больш эфектыўнай, чым дзяржаўную.

Першае, што трэба зрабіць, – гэта правесці санацыю (аздараўленне) дзяржаўных прадпрыемстваў, палепшыць узровень менеджменту (кіравання) на іх, а таксама правесці маштабную рэструктурызацыю дзяржаўнага сектару. Тады можна будзе гаварыць пра прыватызацыю тых ці іншых прадпрыемстваў або нават галін эканомікі.

15. Ці варта ў Беларусі павялічваць або скарачаць дапамогу з бюджэту сем’ям, маламаёмасным групам?

Палітыка дзяржавы ў гэтым напрамку павінна быць накіраваная ў першую чаргу на забеспячэнне ўмоваў і магчымасцяў для годнага жыцця і заробку. Пры гэтым, безумоўна, дзяржава павінна клапаціцца аб уразлівых групах насельніцтва. Дапамога павінна аказвацца на якасным узроўні, сацыяльная палітыка павінна быць больш дасканалай і накіраванай на тых, хто сапраўды ў гэтай дапамозе мае патрэбу і сапраўды знаходзіцца ва ўразлівым становішчы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь. 28 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

16. Ці падтрымліваеце вы амністыю паводле наркатычнага артыкулу 328 КК, легалізацыю ці дэкрыміналізацыю ўжывання канабісу ў Беларусі?

Па-першае, мы падтрымліваем амністыю для ўсіх ілжыва абвінавачаных людзей, у тым ліку паводле артыкулу 328. Па-другое, мы выступаем за тое, каб карныя захады за ўжыванне наркотыкаў былі знятыя. Замест суворай кары тым жа людзям з залежнасцю трэба прапаноўваць праграмы рэабілітацыі. Крымінальная ж адказнасць за распаўсюджванне, гандаль, захоўванне цяжкіх наркотыкаў, на нашу думку, павінна застацца.

Пры гэтым адказнасць заўсёды павінна адпавядаць, быць адэкватнай здзейсненаму злачынству. Пакаранне павінна быць суразмерным учыненаму правапарушэнню, адпавядаць яго характару і ступені грамадскай небяспекі.

Пытанне ж дэкрыміналізацыі або легалізацыі канабісу будзе вызначаць абраны парламент незалежнай дэмакратычнай Беларусі пасля шырокай грамадскай дыскусіі, якая, на наш погляд, неабходная як у гэтым, так і ў шэрагу іншых пытанняў.

17. Ці лічыце вы неабходнай люстрацыю ў Беларусі? У дачыненні якіх групаў?

Люстрацыя неабходная ў дачыненні ў першую чаргу асобаў, якія займалі істотныя кіроўныя пасады пры Лукашэнку і якія дзейсна ўдзельнічалі ў рэпрэсіях ці сваімі дзеяннямі падтрымлівалі ўтрыманне ім улады. Гэта павінны быць працэс індывідуальны і адкрыты.

18. Ці ёсць Беларусь саўдзельніцай у вайне Расеі супраць Украіны?

На жаль, паводле міжнароднага права, Беларусь як дзяржава, якая на дадзены момант застаецца пад эфектыўным кантролем рэжыму Лукашэнкі, 24 лютага 2022 года здзейсніла акт агрэсіі ў дачыненні Украіны.

19. Ці падтрымліваеце вы ўзмацненне кантактаў беларускіх і расейскіх дэмакратычных сілаў?

Гэтыя кантакты ў асноўным, у плане нейкай супольнай стратэгіі, наўпрост не маюць ніякага практычнага сэнсу. А ў перспектыве яны нават могуць нашкодзіць, бо мы ўжо бачым спробы скласці нас у адзін кошык. Што ў сваю чаргу мае адмоўны ўплыў на ўспрыманне нашага дэмакратычнага руху ў свеце як незалежнага і самастойнага.

20. Якой павінна быць дзяржаўная сімволіка Беларусі: сцяг, герб, гімн?

Бел-чырвона-белы сцяг, герб Пагоня. Але ж гэтыя пытанні, у тым ліку гімн, безумоўна, будзе вызначаць беларускі народ праз рэферэндум.

Выбары ў Каардынацыйную раду пройдуць з 25 да 28 траўня. Першыя вынікі будуць абвешчаныя не пазней за 29 траўня. Падаць скаргі можна будзе да 8 чэрвеня. Канчатковыя вынікі выбараў у КР абвесцяць 8 чэрвеня, а першае паседжанне Каардынацыйнай рады ІІІ склікання мае адбыцца 15 чэрвеня.

Абноўлена
Выбарчая камісія абвясціла спісы, якім дазволілі балатавацца ў Каардынацыйную раду
2024.04.25 13:12

Чытайце таксама адказы на пытанні іншых спісаў (спасылкі будуць дадавацца пасля публікацыі адказаў):

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў