«Жыццё – гэта несумнеўнае дабро, але не заўсёды задавальненне». Уладзіміру Мацкевічу за кратамі – 68 гадоў


Сёння дзень народзінаў беларускага філосафа, метадолага, грамадскага дзеяча і нашага калегі Уладзіміра Мацкевіча. Яму споўнілася 68 гадоў. І гэта трэці дзень нараджэння, які ён сустракае за кратамі.

Філосаф, метадолаг і грамадскі дзеяч Уладзімір Мацкевіч.
Фота: Белсат

Хто такі Уладзімір Мацкевіч

Уладзімір Мацкевіч нарадзіўся 14 траўня 1956 года ў Чарамхове Іркуцкай вобласці ў сям’і беларускіх ссыльных. У 1960-х гадах сямʼя вярнулася ў Горадню.

Мацкевіч скончыў факультэт псіхалогіі Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэту. У 1994 годзе арганізаваў у Менску Агенцтва гуманітарных тэхналогіяў. Абвясціў уласную праграму інтэлектуальнага пераўтварэння Беларусі, у межах якой стварыў Лятучы ўніверсітэт «як платформу сучаснага мыслення і адукацыі». Пазней быў вядоўцам праграмы «Размова» на «Белсаце».

Супрацоўнікі КДБ затрымалі Уладзіміра Мацкевіча 4 жніўня 2021 года. Праваабаронцы прызналі яго палітзняволеным. На знак пратэсту супраць хады следства 4 лютага 2022 года філосаф абвесціў галадаванне, што цягнулася 13 дзён і выклікала шырокую рэакцыю. Ён спыніў галадаванне пасля значнага пагаршэння здароўя і наступнай сустрэчы са следчай.

23 чэрвеня 2022 года суддзя Менскага абласнога суда Сяргей Епіхаў прысудзіў філосафу 5 гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Нашаму калегу інкрымінавалі адразу тры артыкулы: знявага Лукашэнкі, стварэнне і кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем і актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Судзілішча над спадаром Уладзімірам адбывалася ў закрытым рэжыме.

Адбываць пакаранне Уладзіміра Мацкевіча адправілі ў сумна вядомую шклоўскую ПК № 17. Менавіта там загінуў палітзняволены Вітольд Ашурак. 13 лютага 2023 года ў дачыненні Уладзіміра Мацкевіча ў шклоўскай калоніі адбыўся суд аб пераводзе ў папраўчую ўстанову іншага тыпу і змяненні ўмоваў рэжыму ўтрымання. Пры гэтым на паседжанне не пусцілі родных і нават адваката. У выніку спадара Уладзіміра перавялі ў Магілёўскую турму № 4: рэжым зрабілі больш жорсткім пасля некалькіх тэрмінаў у ШІЗА і трох месяцаў у памяшканні камернага тыпу ў калоніі. З той пары сувязі з Уладзімірам Мацкевічам няма. Вядома, што за кратамі вязень напісаў дзве кнігі.

Артыкулы
«Падабалася клапаціцца пра яго». Святлана Мацкевіч – пра былога мужа, філосафа, журналіста і палітвязня
2022.06.09 07:00

Правілы жыцця Уладзіміра Мацкевіча

Прыводзім некаторыя вытрымкі з інтэрв’ю Уладзіміра Мацкевіча.

«Правілаў жыцця ў мяне вельмі шмат. Пачынаючы з дзесяці запаведзяў Божых і заканчваючы тымі, што я прыдумаў сам. Магчыма, калі-небудзь я іх сістэматызую, але цяпер пакуль на гэта няма часу і жадання. Правілы ўсплываюць у маёй свядомасці непасрэдна перад тым, як трэба прыняць рашэнне, здзейсніць дзеянне ці ўчынак. Часам я прыдумляю новае правіла ў той момант, калі яно неабходнае. Гэтак жа часта адмяняю правілы як састарэлыя, якія страцілі актуальнасць».

«Я чуў і чытаў пра тое, што жыццё для кагосьці становіцца цяжкім. Я нават мог бы зразумець гэта. Але ў асабістым досведзе ў мяне гэтага няма. Жыццё – гэта несумнеўнае дабро, але не заўсёды задавальненне, у жыцці бывае ўсякае. Пастаянным задавальненне быць не можа, інакш бы мы пра яго нічога не ведалі. Мы адчуваем і ведаем толькі пра тое, што мяняецца. Як надворʼе, як здароўе. Так і задавальненне. Мы ведаем пра яго і адчуваем яго толькі таму, што яно змяняе сабой тое, што не ёсць задавальненнем».

«З чаго вы ўзялі, што я люблю людзей? Ёсць толькі некалькі чалавек сярод сямімільярднага чалавецтва, якіх я люблю. Праўда, я стараюся. Проста стараюся лічыць найважнейшым сярод людзей таго чалавека, з якім я цяпер. Імкнуся яго ў гэты момант любіць, кім бы ён ні быў, нават маім ворагам. Але не магу сказаць, што гэта ў мяне заўжды выходзіць».

Артыкулы
Думаем Беларусь: топ артыкулаў і кніг філосафа Уладзіміра Мацкевіча
2022.03.15 11:30

Філосафы за кратамі

У гісторыі філосафы часта аказваліся ў турме за свае філасофскія погляды, палітычную актыўнасць і ўдзел у барацьбе за правы і свабоды. Зняволенне было спробаю рэжымаў задушыць іхныя галасы і ідэі, але філосафы працягвалі сваю барацьбу ў межах турэмных муроў і станавіліся сімваламі супраціву. Прывядзем некалькі прыкладаў.

Уладзімір Букоўскі

У 1963 годзе савецкі дысідэнт і пісьменнік Уладзімір Букоўскі быў арыштаваны за распаўсюджванне «хуліганскіх» матэрыялаў, у тым ліку копіяў забароненых кніг. Ён правёў 12 гадоў у савецкіх турмах, лагерах і псіхіятрычных шпіталях. Гэта ён расказаў свету пра практыку ўтрымання праціўнікаў камуністычнага рэжыму ў псіхіятрычных больніцах і да канца жыцця быў крытыкам Савецкага Саюзу і пасля – Уладзіміра Пуціна.

Лю Сяў Бо

Кітайскі філосаф, актывіст і лідар групы інтэлектуалаў, якія патрабавалі свабоды, быў арыштаваны ў 2008 годзе за ўдзел у руху за дэмакратыю і правы чалавека. Ён быў асуджаны на 11 гадоў турэмнага зняволення за «падбухторванне да падрыву дзяржаўнага ладу». Лаўрэат Нобэлеўскай прэміі міру 2010 года.

Нэлсан Мандэла

Паўднёваафрыканскі палітычны дзеяч і барацьбіт за грамадзянскія правы Нэлсан Мандэла правёў 27 гадоў у турме за барацьбу супраць апартэіду ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. У турме ён працягваў змаганне за свае ідэалы і стаўся сімвалам сусветнай барацьбы за свабоду і справядлівасць.

Антоньё Грамшы

Італьянскі філосаф і палітычны тэарэтык Антоньё Грамшы напісаў свае знакамітыя «Турэмныя сшыткі» ў перыяд зняволення ў турме Мусаліні. Гэтыя працы ўяўляюць сабою глыбокі аналіз культурнай і палітычнай сітуацыі і зрабілі значны ўплыў на сучасную палітычную філасофію і тэорыю культуры.

Магатма Гандзі

Падчас сваёй барацьбы за незалежнасць Індыі Магатма Гандзі неаднаразова арыштоўваўся і праводзіў час у турме. Падчас зняволення ён пісаў лісты, эсэ і нататкі, працягваючы прапагандаваць свае ідэі негвалтоўнасці і грамадзянскага непадпарадкавання.

Акрамя таго, варта згадаць «філасофскі параход» – у савецкі час так называлася арыштаваная група дысідэнтаў, якія былі высланыя з Савецкага Саюзу на Захад. Гэта былі інтэлектуалы, філосафы, пісьменнікі і актывісты, якія аказаліся ў апазіцыі да савецкага рэжыму і былі пазбаўленыя магчымасці працягваць сваю дзейнасць у краіне. Іхная высылка была спробаю рэжыму пазбавіцца апазіцыйных сілаў і ідэяў. Гісторыя, як бачым, паўтараецца і цяпер, у Беларусі, але ў яшчэ больш жорсткіх праявах.

Рэпартаж
«Пра тое, як вярнуцца ў сваю краіну». У Варшаве прэзентавалі кнігу палітвязня Уладзіміра Мацкевіча
2024.02.14 18:08

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў