«Калі мы не пойдзем галасаваць, мы аддадзім Лукашэнку свае галасы». Кандыдаты ў КР паехалі ў перадвыбарчы тур


«Мы фактычна алімпійская зборная, мы тыя, хто працуе кожнага дня». Такую заяву пад час візіту ў Беласток 13 траўня зрабіў кіраўнік НАУ Павел Латушка. Фактычна кааліцыя каманды Латушкі і Руху «За Свабоду» стала першай, хто паехаў у перадвыбарчы тур. Не дзіва, што першым горадам куды прыехалі кандыдаты ў Каардынацыйную Раду стаў Беласток, дзе адна з самых вялікіх беларускіх дыяспараў і дзе беларусы карыстаюцца падтрымкай мясцовых уладаў. 

Павел Латушка, кіраўнік НАУ, выступае ў хабе «Новая зямля» і заклікае прыняць удзел у выбарах Каардынацыйную Раду. Беласток, Польшча. 13 траўня 2024 года.
Фота: Мілана Харытонава / Белсат

Кааліцыя Паўла Латушкі і Руху «За Свабоду» – гэта самы вялікі блок на гэтых выбарах, ён налічвае 45 асобаў. Разам з Паўлам Латушкам у Беласток прыехалі кіраўнік Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч, былы палітвязень Алег Кулеша, актор Ігар Сігаў.

Сустрэча з беларускай дыяспарай адбылася ў хабе вольных беларусаў «Новая зямля». Падчас сустрэчы Павел Латушка прадставіў каманду, з якой ён ідзе на выбары ў Каардынацыйную раду, расказаў, чаму трэба прагаласаваць, і што можа быць, калі гэтага не рабіць. Дарэчы кааліцыя каманды Латушкі і Руху За Свабоду» у выбарчым спісе стаіць пад нумарам 9.

«Мы ідзем на выбары ў Каардынацыйную раду, каб працягваць працаваць. Нам важна, каб наш голас быў больш моцным, каб ён быў гучней, каб нас улічвалі, нашы падыходы, думкі. Гэта важна зрабіць у інтарэсах Беларусі і беларускага народу», – заявіў Павел Латушка.

Таксама палітык патлумачыў чаму патрэбная Каардынацыйная рада.

«Уявіце сабе, няма інстытутаў, няма прэзідэнта, Аб’яднанага пераходнага Кабінета, няма Каардынацыйнай рады. Ёсць нейкія грамадскія арганізацыі, палітычныя партыі з павагай да іх, але нас шмат і партнёры не ведаюць з кім размаўляць. Хто тады прадстаўляе пазіцыю беларускага грамадства? Запэўніваю вас, гэта было бы выгадна Лукашэнку. Калі мы не пойдзем галасаваць мы аддадзім яму свае галасы. Ён зноў будзе карыстацца нашымі галасамі, і будзе наладжваць камунікацыю з Захадам, і будзе старацца перагарнуць старонку, каб забыліся, што ён зрабіў, што ён даваў загады забіваць», – адзначыў Павел Латушка.

Партнёр па кааліцыі Юрый Губарэвіч патлумачыў, чаму на гэтыя выбары рух «За Свабоду» ідзе разам з камандай Паўла Латушкі: «Нашыя каманды актыўна супрацоўнічаюць цягам апошніх гадоў, і разам шмат чаго зрабілі».

Алег Кулеша, былы палітвязень, у хабе «Новая зямля». Беласток, Польшча. 13 траўня 2024 года.
Фота: Мілана Харытонава / Белсат

Ён таксама выказаўся на конт таго, чаму важна ўдзельнічаць у выбарах у Каардынацыйную раду:

«Мы як народ шмат гадоў пазбаўленыя права выбіраць на дэмакратычных выбарах. Мы не маем такога досведу, такой практыкі, і недаацэньваем важнасць усяго гэтага. Мець сваіх прадстаўнікоў – гэта натуральная зʼява ў любым дэмакратычным грамадстве. Ёсць праблемы якія сам-насам вырашыць не магчыма. Ці будуць беларусы пачуты, калі яны застануцца сам-насам са сваімі праблемамі? Таму мы самі павіны самаарганізавацца і абіраць сваіх прадстаўнікоў. Як раз зараз такая магчымасць ёсць, і калі мы яе прапусцім, то ўвесь свет пабачыць, што беларусы не актыўныя, не арганізаваныя, і ім нічога не патрэбна. Таму мы мусім падумаць, каб мы не сталі людзьмі другога гатунку нават у дэмакратычных краінах», – сказаў Юрый Губарэвіч.

Старшыня руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч выступае ў хабе «Новая зямля». Беласток, Польшча. 13 траўня 2024 года.
Фота: Мілана Харытонава / Белсат

У пачатку сустрэчы людзі паводзілі сябе не вельмі актыўна, але пазней пачалі задаваць пытанні. Перш за ўсё іх цікавіла, якім чынам пройдзе працэс галасавання, як будзе ісці падлік галасоў, як зрабіць гэты працэс бяспечным.

«Зʼявілася першая інфармацыя, як галасаванне будзе выглядаць. Гэта будзе спецыяльны камунікатар, які дасць магчымасць прагаласаваць, гэта будзе рабіцца праз верыфікацыю вашых дадзеных як грамадзянаў Беларусі. Пазней з гэтага рэсурсу будуць выдалены ўсё вашыя дадзеныя. Ніхто не будзе фармаваць адзінага спісу. Калі будзе КДБ альбо спецслужбы, што мы атрымалі нейкі спіс – гэта не рэальна. Канешне, трэба памятаць пра ўласную гігіену, калі прагаласуеце, трэба будзе ўсё выдаліць. Для беларусаў унутры краіны ў мэтах бяспекі будзе асаблівы падыход, – заявіў Павел Латушка.

Палітык сказаў, падчас выбараў нельга выключаць правакацыяў з боку прадстаўнікоў рэжыму.

«Мы не выключаем, што пад час выбараў у першыя гадзіны, калі людзі пачнуць скачваць гэты прадукт для галасавання, пачнуцца затрыманні, і яны скажуць, вось мы затрымалі таму што людзі нешта скачваюць, людзі галасуюць, то ведайце – гэта будуць фейкі. Яны не аднаразова так рабілі, але ніколі ім не ўдалося атрымаць ніякага спісу. Тое, што яны паказвалі было ў адкрытых крыніцах. Тое што яны кажуць, што сочаць за нашымі ўнутранымі працэсамі – гэта хлусня», – папярэдзіў кіраўнік НАУ.

Блогерка Аляксандра Ханевіч і журналістка Кацярына Ваданосава ў хабе «Новая зямля». Беласток, Польшча. 13 траўня 2024 года.
Фота: Мілана Харытонава / Белсат

Таксама Павел Латушка заявіў, што чакае, калі з заклікам прыйсці прагаласаваць на выбару ў Каардынацыйную Раду выступіць Святлана Ціханоўская.

Акрамя размовы з дыяспарай Павел Латушка ў Беластоку сустрэўся з выбітным пісьменнікам, гісторыкам Уладзімірам Арловым. Пасля сустрэчы стала вядома, што з гарадскога бюджэту Беластоку будзе прафінансавана выданне кнігі Арлова «Імёны Свабоды».

Актор Ігар Сігаў у хабе «Новая зямля». Беласток, Польшча. 13 траўня 2024 года.
Фота: Мілана Харытонава / Белсат

Таксама Павел Латушка сустрэўся з новым кіраўніком Падляшскага ваяводства Лукашам Пракорым, які заняў пасаду маршалка толькі на мінулым тыдні, і прэзідэнтам Беластоку, ён таксама нядаўна ўжо ў пяты раз быў пераабраны на гэтую пасаду, Тадэўшам Трускаляскім.

Якіх вынікаў удалося дасягнуць на гэтых сустрэчах Павел Латушка расказаў журналісту «Белсату».

«Акрамя выдання кнігі Уладзімір Арлова, пытанне па якой паспяхова вырашана, мы абмеркавалі праблемы беларуская дыяспары і беларуская этнічнай меншасці. Канешне, гучала пытанне палітвязняў, шмат з іх пасля вязення прыязджае ў Польшчу, і нам важна, каб для іх была падтрымка, і мы атрымалі папярэднюю згоду, што тут у Беластоку, яны атрымаюць магчымасць для прыжывання і да моманту іх легалізацыі», – сказаў Павел Латушка.

Таксама палітык заявіў, што ўлады Беластоку працягнуць падтрымліваць беларускую культуру.

«Мы казалі пра юбілей Васіля Быкава, які будзе адзначацца ў гэтым годзе, а таксама магчымага фінансавання і падтрымкі гэтай падзеі. Гэта і цэнтр беларуская культуры, які быў створаны ў мінулым годзе, ён таксама атрымае дадатковае фінансаванне для таго, каб рабіць сумесныя праекты беларуская этнічнай меншасці і беларускай дыяспары. Я лічу, гэта вельмі важна», – сказаў Павел Латушка.

Нагадаем, што выбары ў каардынацыйную Раду пачнуцца 25-га траўня і працягнуцца тры дні. Абяруць 80 дэлегатаў з двухгадовым тэрмінам паўнамоцтваў.

Выбары ў КР
Знаёмімся з кандыдатамі ў Каардынацыйную раду: выбарчы спіс № 9 «Каманда Латушкі»
2024.05.14 07:00

Алесь Ляўчук, фота Мілана Харытонава  belsat.eu

Стужка навінаў