Працяг візавага скандалу ў Польшчы: цяпер у полі зроку студэнты


У Польшчы гісторыя з візавым скандалам атрымала працяг. Гэтым разам пад пільную ўвагу трапілі студэнты, піша выданне «Most». Каб працаўладкавацца ў Еўразвязе, дзясяткі тысяч замежнікаў атрымлівалі студэнцкія білеты польскіх ВНУ, але так і не пачыналі вучыцца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: univerpl.com.ua

Рэч у тым, што так званыя «студэнцкія» візы, якія выдаюць польскім студэнтам, даюць права не толькі заставацца на тэрыторыі Еўразвязу для навучання, але з імі можна ўладкавацца на працу без спецыяльнага дазволу.

Такім чынам, атрымлівалася, што плата за год навучання ў ВНУ была «ўваходным білетам» на рынак працы ў Еўразвязе.

Паводле выдання «Dziennik Gazeta Prawna», большасць атрымальнікаў студэнцкіх візаў так і не з’яўлялася на заняткі, хаця плата за навучанне ад іх прыходзіла. Так, напрыклад, у Вышэйшай школе кіравання і адміністрацыі ў Аполе замежнікі складаюць 61 % ад усіх студэнтаў. Падобнай схемай у першую чаргу карысталіся студэнты з Азіі і Афрыкі.

У некаторых польскіх універсітэтах на гэта папросту заплюшчвалі вочы. Відавочна, гэта было выгадна і самім навучальным установам, бо адзін год навучання на англійскай мове там можа каштаваць у раёне 3000 еўраў.

Падчас допыту на камісіі, шт расследавала скандал, віцэ-консул Польшчы ў Індыі Матэўш Рэшчык прызнаў, што прыватныя польскія ВНУ разглядаюць замежнікаў як спосаб зарабіць і не могуць праверыць, ці сапраўды абітурыент скончыў сярэднюю школу ў сваёй краіне.

Так, паводле прадстаўніка школы ў Аполе, установа не мае магчымасці праверыць, ці атрымаў іх патэнцыйны студэнт візу. І, такім чынам, калі ён не звяртаецца па атрыманне студэнцкага білета, то ў ВНУ мяркуюць, што ён папросту не заехаў на тэрыторыю Польшчы.

Каб змагацца з злоўжываннямі, у Польшчы маюць намер увесці змены для ВНУ, якім цяпер трэба будзе правяраць, ці маюць абітурыенты атэстат аб сярэдняй адукацыі. А будучым студэнтам трэба будзе даказваць валоданне польскай або англійскай мовамі на спецыяльных сумоўях, якія будуць ладзіцца ў ВНУ.

Наступствы зменаў могуць закрануць і беларусаў, і апошнім часам паведамляецца пра ўзмацненне праверак. У прыватнасці, ужо былі адзначаныя некалькі выпадкаў, калі беларускім студэнтам адмаўлялі ў атрыманні новых візаў, бо ўніверсітэты не пацвярджалі, што яны сапраўды там вучацца. Таксама сустракаліся выпадкі выдачы візаў на больш кароткі тэрмін – не на год, а на шэсць месяцаў.

Нагадаем, у верасні 2023 года ў Польшчы разгарэўся візавы скандал: Генеральная пракуратура правяла расследаванне і знайшла мноства фактаў незаконнай выдачы візаў, былі арыштаваныя не менш за сем асобаў, адзін з намеснікаў міністра замежных справаў пайшоў у адстаўку, калі яго западозрылі ў датычнасці да махінацыяў. Гаворка ішла пра выдачу больш як 250 тысяч візаў мігрантам з Азіі і Афрыкі.

Наступствы скандалу адчулі і беларусы, якія атрымлівалі візы паводле праграмы «Poland Business Harbor». Так, выявілася, што МЗС Польшчы выдала 93 512 такіх візаў, больш за ўсё – 88 529 – грамадзянам Беларусі. Але паводле візаў PBH пераехалі ў Польшчу толькі каля 13,5 тысячы асобаў, кожны сёмы з тых, хто яе атрымаў.

У выніку ў студзені 2024 года міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі прыняў рашэнне прыпыніць удзел МЗС Польшчы ў праграме «Poland Business Harbour», пакуль не будуць прынятыя рашэнні для забеспячэння належнага правярання кампаніяў і замежнікаў, якія ёсць бенефіцыярамі праграмы. Міністэрства замежных справаў заявіла, што PBH «не апраўдала ўскладзеных на яе спадзяванняў».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў