Польшча адмаўляецца ад візавых пасярэднікаў. МЗС кажа, што ўлічвае патрэбы беларусаў


Паўмесяца ў Польшчы не сціхае скандал у сувязі з расследаваннем аб незаконнай выдачы візаў. На фоне яго Міністэрства замежных справаў пачало разрываць дамовы з візавымі пасярэднікамі, але паабяцала, што возьме пад увагу патрэбы беларусаў.

Лагатып кампаніі VFS Global. Выява: vfsglobal.com

У верасні стала вядома, што польская Генеральная пракуратура яшчэ ў сакавіку пачала расследаванне незаконнай выдачы візаў і арыштавала не менш за сем асобаў, адзін з намеснікаў міністра замежных справаў пайшоў у адстаўку, калі яго западозрылі ў датычнасці да махінацыяў. Апазіцыя заяўляе, што за апошнія два з паловай гады Польшча незаконна выдала 250 тысяч візаў мігрантам з Азіі і Афрыкі. Улады называюць гэтыя лічбы хлуснёй, але пэўныя праблемы прызнаюць – і нават абяцаюць узмацніць кантроль на межах з Чэхіяй і Славаччынай.

На тле скандалу Міністэрства замежных справаў Польшчы вырашыла разарваць дамовы з аўтсорсінгавымі кампаніямі, якія прымаюць заявы на выдачу візаў. Адна з такіх кампаніяў, «VFS Global», працуе ў Беларусі. Яна адмаўляе датычнасць да скандалу.

Ці будзе датычыць агульнае разрыванне дамоваў і «VFS Global» у Беларусі, а калі будзе, ці не пазбавяцца беларусы магчымасці падаваць заяўкі на польскія візы?

У Міністэрстве замежных справаў Польшчы «Белсату» адказалі: нават у самы складаны час польскія консульскія ўстановы ў Беларусі не спынялі прыёму заяваў на выдачу візаў. Грамадзяне Беларусі могуць прэтэндаваць на шэнгенскія візы на агульных умовах, а магчымасці прыёму візавых заяваў апошнім часам павялічыліся, падкрэслілі ў міністэрстве.

Рашэнне разарваць дамовы ў межах візавага аўтсорсінгу сапраўды было прынятае, працягвае МЗС, але выкананне яго вымагае часу: дамовы падпісвалі кіраўнікі на месцах з улікам мясцовых умоваў і патрабаванняў, для разрыву кантрактаў патрэбны паглыблены аналіз пунктаў кантракту і ранейшай рэалізацыі кантракту.

«Акрамя павагі да прынцыпу рацыянальнага выкарыстання дзяржаўных сродкаў, неабходна таксама падтрымліваць эфектыўнасць установаў у візавым працэсе, улічваючы, напрыклад, падтрымку апазіцыі і грамадзянскай супольнасці Беларусі, грамадзянаў Украіны, а таксама студэнтаў з Турэччыны, для якіх Польшча лічыцца прывабным месцам навучання, – дадае МЗС. – Такім чынам, працэс адмовы ад вышэйзгаданага кантракту адбываецца паступова і расцягнуты ў часе».

МЗС адсылае і да сваіх разгорнутых тлумачэнняў аб візавым скандале. З іх вынікае, што скандал не датычыць выдачы візаў беларусам. МЗС таксама зняпраўджвае асобныя заявы, агучаныя ў час скандалу, як пра 250 тысяч незаконна выдадзеных візаў, а таксама абвяргае заяву пра тое, што перад амбасадай Польшчы ў адной з краінаў Афрыкі стаяў шапік для продажу афіцыйных праштампаваных дакументаў.

Таксама ў гэтых тлумачэннях МЗС прызнае, што атрымлівала ад бізнесоўцаў, арганізацыяў, адукацыйных установаў і простых грамадзянаў просьбы палепшыць працэс падачы заяваў на візы, бо злавіць дату для падачы заявы цяжка або немагчыма. Ды, нягледзячы на гэтыя цяжкасці, за апошнія два з паловай гады Польшча выдала ў Беларусі 586 тысяч візаў, з іх 534,5 тысячы – нацыянальныя польскія.

Польскае выданне «RMF FM» тым часам заяўляе са спасылкай на ўласныя крыніцы, што МЗС наогул не будзе скасоўваць дамоваў з візавымі цэнтрамі ў Беларусі, Турэччыне і Украіне, каб не ствараць перашкодаў беларусам, украінцам і турэцкім студэнтам.

Hавiны
Польшча не будзе скасоўваць супрацы з візавым цэнтрам у Беларусі
2023.09.26 10:39

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў