Кадыраў яшчэ раз пацвердзіў свой намер прыехаць у Беларусь, калі гэта будзе зручна Менску


«Чачэнскі народ сустрэне Вас годна!» – звярнуўся да кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі лідар Чачэніі Рамзан Кадыраў.

«Два разы збіраліся, нас запрашалі, адмыслоўцы ў розных напрамках працавалі. На вялікі жаль, не атрымалася прыехаць з розных прычынаў. Але я абавязкова збіраюся паехаць у Беларусь, калі гэта будзе зручна кіраўніцтву Беларусі. Нам сапраўды трэба наладзіць адносіны», – сказаў Кадыраў у праграме «Галоўны эфір» на тэлеканале «Беларусь 1».

Ён таксама запрасіў кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку наведаць Чачэнію. «Гэта будзе для нас вельмі важна і палітычна, і эканамічна», – заўважыў Кадыраў.

17 лістапада Рамзан Кадыраў у звароце да Аляксандра Лукашэнкі ў «Інстаграме» заявіў пра гатоўнасць наведаць Беларусь і сустрэцца з кіраўніком дзяржавы. Пры гэтым лідар Чачэніі запрасіў кіраўніка Беларусі наведаць рэспубліку ў рамках візіту ў Расею. «Мы Вам будзем вельмі рады. Чачэнскі народ сустрэне Вас годна!» – напісаў лідар Чачэніі.

Раней у той жа дзень Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі рэгіянальных расейскіх медыяў заўважыў, што Рамзан Кадыраў так і не сабраўся наведаць Беларусь, і прапанаваў наладзіць адносіны з Чачэніяй.

У гэты час некалькі тысяч чачэнцаў – грамадзянаў Расеі – качуюць у Берасці. Яны хочуць трапіць у Еўразвяз, але Польшча не спяшаецца іх пускаць. Кадыраў запэўнівае, што пагрозы для чачэнцаў, якія спрабавалі трапіць у Польшчу, няма.

У Расеі замоўцам і арганізатарам забойства вядомага расейскага апазіцыянера Барыса Нямцова прызналі Руслана Мухудзінава, які знаходзіцца ў міжнародным вышуку. Мухудзінаў служыў у чачэнскім батальёне ўнутраных войскаў МУС «Север», які ў 2010 годзе пераўтварылі ў спецыяльны матарызаваны полк імя Ахмат-Хаджы Кадырава. Байцы гэтага палка зʼяўляюцца ахоўнікамі лідара Чачэніі Рамзана Кадырава.

МЯ, паводле interfax.by

Стужка навінаў