Рамзан Кадыраў да свайго юбілею зладзіў дзіцячыя баі

video

У Грозным напярэдадні 40-годдзя кіраўніка Чачэніі Рамзана Кадырава прайшоў байцоўскі турнір «Grand Prix Akhmat 2016», у межах якога былі арганізаваныя дзіцячыя баі.

Адпаведныя відэа апублікаваў у сябе ў «Інстаграме» сам кіраўнік Чачэніі.

Ва ўсіх трох баях перамаглі сыны Кадырава – 10-гадовы Ахмад, 9-гадовы Элі і 8-гадовы Адам.

https://www.youtube.com/watch?v=QzUbMuQAR1A

https://www.youtube.com/watch?v=qnsUzI67pEA

Нягледзячы на тое, што баі былі заяўленыя як паказальныя, прэзідэнт Саюзу MMA Расеі Фёдар Емяльяненка жорстка раскрытыкаваў правядзенне баёў паміж дзецьмі і назваў іх парушэннем усіх правіл змешаных адзінаборстваў.

«Паводле афіцыйных правілаў віду спорту, спартоўцы ва ўзросце да 21 года павінны выходзіць на рынг у шаломе, накладках, а да 12 гадоў яшчэ і ў рашгардзе або ў футболцы. Паядынкі праводзіліся паводле правілаў, якія існуюць для дарослых спартоўцаў-прафесіяналаў, што не пасуе для дзяцей. Дзецям да 12 гадоў наагул не дазволена выступаць паводле правілаў ММА. Тое, што адбывалася ўчора на турніры ў Грозным, недапушчальна, а тым больш, гэта нельга апраўдваць», – сказаў Емяльяненка.

Сёлета 18 верасня ў Чачэніі на выбарах кіраўніка рэгіёну за Кадырава прагаласавалі 97,94 % выбарцаў.

МЯ, паводле korrespondent.net

Глядзі таксама
Каментары