«Ад каго вы незалежныя? Ад Беларусі?» Лукашэнка даў прэс-канферэнцыю медыям з Расеі


Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 лістапада 2016 года амаль 6 гадзінаў адказваў на пытанні прадстаўнікоў расейскіх рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі.

Belsat.eu падае самыя яскравыя цытаты з прэс-канферэнцыі. У сацыяльных сетках можна адсочваць інфармацыю пад хэштагам #pressLukashenka

«Ніякіх прэс-канферэнцый, толькі давяральны дыялог», – заўважыў на самы пачатку сваёй прамовы Аляксандр Лукашэнка.

У гэты няпросты час беларусам і расейцам варта трымацца разам, каб за спакойнае жыццё не трэба было плаціць кроўю, як гэта адбываецца ва Украіне, сказаў Лукашэнка.

Разыходжання па міжнародным парадку дня ў дзвюх дзяржаваў няма, сказаў Лукашэнка.

«Беларусь – адзін з самых стабільных куткоў свету»

Лукашэнка заўважыў, што эканамічная супраца паміж Беларуссю і Расеяй магла б быць і лепшай. На думку кіраўніка краіны, у Беларусі і Расеі ўзаемадапаўняльныя эканомікі, якія ў шмат якіх галінах не канкуруюць. «Нам не трэба адгароджвацца платамі».

«Час ад часу ў нас узнікаюць канфлікты на нашых межах па пастаўках тых ці іншых беларускіх прадуктаў. Мы разумеем, хто за гэтым стаіць. І пачынаецца – дыскрэдытацыя, маўляў, мы ўводзім эмбарга, а яны нам крэветкі вязуць. Ды мы з часоў СССР пастаўляем вам селядзец і крэветкі!»

Лідар Беларусі адзначыў пра эканамічную супрацу: «Новага мы не стварылі. Больш у нас негатыву». Лукашэнка заўважыў, што мае спаткацца 22 лістапада з кіраўніком Расеі Уладзімірам Пуціным і абмеркаваць з ім існыя праблемы.

Лукашэнка распавёў, што 20 гадоў таму існавала мэта, каб у Саюзную дзяржаву Расеі і Беларусі прывабіць і Украіну. «Але атрымалася, як атрымалася».

«У адукацыі дзе-нідзе мы апярэджваем вас у патрыятычнай падачы матэрыялу. Мы ніколі пад ногі не кідалі гісторыю, не нішчылі помнікаў і не пераназывалі вуліцы».

«Я, можна сказаць, чалавек савецкі, ніколі не лічыў Маскву чужой».

Лукашэнка пра Саюзную дзяржаву: «Занадта рамантычныя мы, мабыць, былі 20 гадоў назад».

Расейскі журналіст запытаў, ці ведаў Лукашэнка заранёў пра сцяг Расеі, які вынес Андрэй Фомачкін на Паралімпіядзе. Лукашэнка адказаў, што адчуваў расчараванне, бо сцяг вынеслі не так, як трэба было. Была таксама радасць, бо запасны сцяг схавалі пад кашуляй, як у гады Вялікай Айчыннай вайны, адзначыў кіраўнік Беларусі.

«Гэта была дэманстрацыя нашага адзінства. Мы ўзніклі ад аднаго кораня, мы славяне», – заўважыў Лукашэнка.

«У ЗША прыйшоў да ўлады нармальны чалавек. Гэта яшчэ той жорсткі праамерыканскі грамадзянін, які бачыць перадусім Амерыку. Нам трэба яшчэ падумаць, дзе будзе нашае месца ў гэтай палітыцы».

«Нам трэба звярнуцца да вырашэння ўнутраных праблемаў – у Расеі, Беларусі, Казахстане», – мяркуе Лукашэнка. На ягоную думку, трэба ўмацоўваць свой фундамент, а пазней будзе лягчэй размаўляць з Амерыкай і з іншымі краінамі.

«У Савецкім Саюзе, лічыце, Калінінград быў часткай беларускай тэрыторыі»

Кіраўнік краіны заўважыў, што Беларусь аднак не хоча прыяднаць Калінінграду. Лукашэнка падкрэсліў, што цяпер – свет цывілізаваны, і не трэба нікога літаральна да сябе забіраць, а можна будаваць сувязі эканамічным шляхам.

Лукашэнка пра меншыя заробкі ў Беларусі чымся ў Расеі: Галоўнае не сам заробак, а што за яго можна купіць. Лідар Беларусі падкрэсліў, што ў Беларусі нашмат таннейшыя паслугі ЖКГ, чымся ў суседзяў.

«У вас у Расеі які працэнт платнай вышэйшай адукацыі? У нас аграмадны працэнт. У нас 90% навучаецца за кошт бюджэту. У Віцебск са Смаленску, Падмаскоўя прыязджаюць да нас нараджаць».

«Мы амаль знішчылі лёгкую прамысловасць, а вы яе даўно ўжо паклалі».

«Прычына распаду СССР? Бо пральнага парашку не хапала»

«Калі мы не будзем гэтым займацца, то нас народ і без каляровых рэвалюцыяў скіне», – мяркуе лідар Беларусі.

«Ніякіх беларускіх гастарбайтараў у Расеі няма. Гэта арганізаваныя брыгады», – сказаў Лукашэнка.

«Мы распесцілі крыху народ», – лічыць Лукашэнка, падкрэсліўшы, што сёлета сярэдні заробак у Беларусі каля $ 400 пры нізкай інфляцыі. Людзі мусяць шавяліцца, каб зарабляць, выкарыстоўваючы добрае геаграфічнае размяшчэнне.

Лукашэнка заявіў пра павелічэнні патоку зброі і выбухоўкі з Украіны: «Мы іх ужо затрымліваем не толькі на мяжы, але і на чыгуначным вакзале. Нам вельмі не проста».

«Нашыя інтарэсы ніяк не супярэчаць інтарэсам Польшчы, Прыбалтыкі, Украіны, Расеі. Павінен быць парадак і дысцыпліна. Не тая бязглуздзіца, што кагосьці затрымаюць на вуліцы. Затрымаюць толькі таго, што падаткі не плаціць і крыўдзіць суседзяў».

«Калі чалавек будзе пакрыўджаны на ўлады, пакрыўджаны на парадкі ў краіне, то ён ніколі не будзе патрыётам. Што яму абараняць?»

Журналіст з Краснаярскага краю заўважыў, што раней пʼяныя трактарысты маглі ездзіць па 15-20 гадоў на беларускай тэхніцы, і яна не ламалася, а цяпер якасць беларускіх сельскагаспадарчых машын упала.

Новая беларуская тэхніка – складаная, пад яе трэба вучыць людзей. Праблема і ў тым, што не ўсюды ёсць якасны сэрвіс, сказаў лідар Беларусі.

Лукашэнка засмучаны гульнёй зборных Расеі і Беларусі па футболе ў адборачных матчах да чэмпіянату свету. «Кажу, як стары футбаліст, – гэта мая першая прафесія. У хакей мне давялося граць з няшчасця – траўма калена».

У наступным годзе ўсе жыллёва-камунальныя паслугі падаражэюць у сярэднім на $ 5, сказаў Лукашэнка.

Лукашэнка пра бізнесоўцаў: «Хапаюць і саджаюць толькі тых, хто гуляе недастойна з дзяржавай, – не плаціць падаткаў».

Кіраўнік краіны распавёў, што амністуе карупцыянераў, накіроўваючы іх працаваць у стратныя гаспадаркі на сяле: «Пакуль не дакладвалі, што кепска працуюць».

«На крадзі, не бяры, ці як там у Бібліі напісана…»

«Наўрад ці можна наагул выкараніць карупцыю, але трэба яе трымаць на такім узроўні, каб насельніцтва на дыбы не ўстала», – заўважыў кіраўнік краіны.

Журналіст з Кабардзіны-Балкарыі запытаў, ці не хоча Беларусь запусціць свой касмічны карабель са сваім экіпажам. «Мы не думалі. Але трэба падумаць. Гэта ж не толькі прэстыж. Праект мае акупіцца», – сказаў Лукашэнка.

«Нягледзячы на нашыя розначытанні, рознагалоссі, мы з Уладзімірам Уладзіміравічам – сябры». Лідар Беларусі падкрэсліў, што ініцыятыва сустрэчы, якая мае адбыцца 22 лістапада, выйшла ад Уладзіміра Пуціна.

У Беларусі працуюць усе расейскія каналы, а беларускіх не хочуць пускаць у Расею. «Вось і ўсё сяброўства», – заявіў Лукашэнка. Паводле яго, у некаторых справах падачы інфармацыі расейцы мусяць вучыцца ад беларусаў. «У Расеі, мабыць, не вельмі хочуць, каб у інфармацыйнай прасторы прысутнічалі некаторыя тэмы».

«У нас ёсць нацыяналістычна арыентаваныя пісьменнікі. Не тое, што яны не любяць Расеі. Калі ты ў расейскае кінеш камень, то хто цябе будзе тут паважаць? Але ёсць пісьменнікі, якія больш арыентуюцца на Захад».

Лукашэнка заўважыў, што некаторыя стогнуць, што ў Беларусі ідзе «мяккая беларусізацыя». «А што, у нас анямечванне мусіць быць?» – запытаў кіраўнік Беларусі.

«У нас палова ўраду – гэта расейцы», – падкрэсліў лідар нашай краіны.

Лукашэнка пра расейскую мову: «Я пытаюся: чаму мы ад гэтай спадчыны павінны адмаўляцца? Калі мы хочам у сувязі з гэтым спарадзіць і эканамічныя праблемы, то мы можам адмовіцца ад расейскай мовы».

«Я пабываў у Арабскіх Эміратах і зрабіў выснову: час нафты і газу сыходзіць. Будучыня за навейшымі тэхналогіямі».

Журналіст з Белгародскай вобласці задаў пытанне, як вярнуць мір ва Украіну?

«Не ўсё можна, мабыць, мне публічна гаварыць. Калі людзі ваююць, яны прыслухоўваюцца нават да шоргату, тым больш тут у Менску», – падкрэсліў Лукашэнка.

Ён заўважыў, што размаўляў з Пуціным, каб пачаць прымірэнчы працэс.

«Не будзе тут пераможцаў. Чым даўжэйшы канфлікт, тым горш і для Расеі, і для Украіны», – мяркуе Лукашэнка.

«Ва Украіне палохаюць, калі Лукашэнка падтрымае Пуціна і ўдарыць з поўначы, то Украіны не будзе. Не будзе такога: я не на танку, а на трактары паеду».

Людзі з Беларусі ваююць на двух баках ва Украіне. Пазней яны вяртаюцца ў Беларусь. «Мы за імі сочым, але гэта грошай каштуе», – сказаў Лукашэнка. Ён адзначыў, што бачыць па расейскім тэлебачанні вялікіх патрыётаў, але іхныя дзеці не ваююць на Данбасе. «Добра жар чужымі рукамі заграбаць», – сказаў пра іх Лукашэнка.

«Калі вы хочаце гэтыя 400 кіламетраў межаў паміж Данбасам і Расеяй, паміж Украінай і Расеяй на гэтым этапе закрыць і навесці парадак – калі ласка, мы гэта зробім. Калі вы гэтага хочаце. Самі мы туды не палезем – чаго мы палезем у чужую хату, калі мы там нежаданыя госці? Але лічыць нас людзьмі староннімі нельга».

Журналістка з «Общественного телевидения» задала пытанне: пра якія перыяды, апрача ХХ стагоддзя, трэба памятаць, гаворачы пра агульную гісторыю беларусаў і расейцаў? Лукашэнка адказаў, што не ведае пра перыяды, якія не былі супольнымі.

Дадаў аднак, што Расея па-свойму падыходзіць да гісторыі, пераглядаючы спадчыну СССР. «Я не бачу, каб нешта з нашай гісторыі трэба было выкідаць. Вось вы кастыялеце перыяд Сталіна. У нас гэтага няма. І не таму, што там не было памылак. Так, былі. Так у нас, перш чым кастыляць мінулае, трэба паглядзець на сучаснасць. У нас сёння з вамі столькі памылак, што Сталін, калі б убачыў, здрыгануўся», – сказаў Лукашэнка.

Кіраўнік Беларусі адзначыў таксама, што Расея ўводзіць новыя незразумелыя святы.

«У вас ёсць Дзень незалежнасці. А ад каго вы незалежныя? Ад Беларусі?» – заўважыў лідар нашай краіны.

Лукашэнка сказаў, што самым страшным для яго было ў савецкія часы, што могуць звольніць і выключыць з Камуністычнай партыі. «Я цаніў гэта. Я дагэтуль маю свой партбілет».

Паводле Лукашэнкі, нельга выдзіраць з гісторыі толькі тое, што карыснае для палітычнага ладу. «Мы не гвалцім гісторыю. Дрэнна будзе таму, хто так робіць».

«Нацмэны, калі былі ва ўладзе, павыкідалі ўсё расейскае са школьнай праграмы».

«У нас ёсць газета «Советская Белоруссия». Некаторыя кажуць, каб пераназваць яе, а мне шкода»

Лукашэнка журналісту з Чачэніі: «Вы нам не чужыя». Лідар краіны расказаў гісторыю пра старэйшага «чарнамазага сына». У яго міліцыянт папрасіў дакументы каля Дому ўраду ў Менску, бо прыняў яго за каўказца. Калі праваахоўнік паглядзеў у дакументы, то здзівіўся і папрасіў прабачэння.

Чачэнцы былі ў органах дзяржаўнай бяспекі, сказаў Лукашэнка. Аднаго з чачэнцаў Лукашэнка скіраваў наводзіць парадак на рынку, калі там былі ашуканствы.

Лукашэнка пра працу на зямельным участку на сваёй малой радзіме ў Александрыі: «Калі бачу пустазелле, то штаны зняў, у трусах пайшоў… Для мяне гэта прадушына».

«Не магу пахваліцца, што зачытваюся кнігамі. Самае страшнае ў маёй прафесіі – вялікі паток дакументаў», – адказаў Лукашэнка на пытанне пра кнігі, якія ён чытае.

Лукашэнка чытае перадусім кнігі, якія яму дораць, каб пазней падтрымаць размову з тым чалавекам, калі раптам яго зноў спаткае. «Калі вельмі складаная кніга, то я аддаю ў Акадэмію Навук, каб мне зрабілі заключэнне, ці варта чытаць гэту кнігу».

«Я некалі спрабаваў пісаць вершы», – прызнаўся Лукашэнка.

«Я люблю глядзець камедыі, асабліва на беларускай мове, – яны такія каларытныя», – падкрэсліў кіраўнік Беларусі.

Лідар краіны мяркуе, што жанчыны больш адораныя талентамі за мужчын: «Мужык не такі таленавіты, як жанчына».

«Я першы прэзідэнт у Беларусі. Нешта ад мяне ж мусіць застацца. Але не толькі ад мяне, але і ад нашага пакалення», – заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Журналістка з Башкартастану прамовіла некалькі слоў па-беларуску. Яна запытала, што ўлады робяць дзеля падтрымання беларускай мовы, бо заўважыла, што і дзеці, і моладзь у Беларусі добра ведаюць беларускую мову.

«Нічога асаблівага мы не робім, вучым у школе беларускую, расейскую, англійскую мову», – сказаў лідар краіны.

«Прыязджайце ў Беларусь, будзем вучыць беларускую мову», – прамовіў да башкірскай журналісткі кіраўнік краіны.

Лукашэнка сказаў, што не карыстаецца сацыяльнымі сеткамі. Адзін з ягоных клопатаў – адцягнуць ад кампʼютара малодшага сына Колю, які вельмі любіць гуляць «у танкі».

Лідар Беларусі адзначыў, што праз сацыяльныя сеткі ў Беларусі спрабавалі здзейсніць «каляровыя рэвалюцыі». Лукашэнку, паводле ягоных словаў, раілі абмежаваць доступ у інтэрнэт у Беларусі. Кіраўнік краіны падкрэсліў, што не згадзіўся, а даручыў змагацца з «рэвалюцыянерамі» іхнымі ж метадамі ў інтэрнэце.

Лукашэнка, выказваючыся пра найбольш актуальныя праблемы ў супрацы Беларусі і Расеі, падкрэсліў, што самае галоўнае – гэта жыццё людзей: «Космас, абарона – гэтыя праблемы мы вырашым паступова. Калі ж людзям не будзе чаго есці, то не дапамогуць ні НАТО, ні Сірыя».

Лукашэнка прыгадаў, што на федэральных расейскіх каналах паказвалі фільмы «Бацька», «Бацька-2» і гэтак далей, якія паказвалі лідара Беларусі ў негатыўным святле. Рэйтынг папулярнасці Лукашэнкі зніжалі таксама праз рэгіянальныя медыі. «Нехта даваў такі загад», – падкрэсліў Лукашэнка.

«Прапаноўваюць адзіную валюту, а якая гэта адзіная валюта – расейскі рубель. А чаму не беларускі рубель?» – запытаў Лукашэнка. Калі ж эмісійны цэнтр будзе ў Расеі, то Беларусь не будзе цалкам суверэннай. «Мы ж не дурачкі, мы ўсё разумеем».

Прыгадаў Лукашэнка і прапанову Жырыноўскага для Беларусі ўвайсці шасці вобласцямі ў Расею. «У Беларусі нават 1 % людзей не будзе, якія гэта падтрымаюць», – сказаў Лукашэнка.

«У мяне ўдома тры каты», – распавёў Аляксандр Лукашэнка.

Ён загадвае найменшаму сыну Колю не браць з вёскі, калі яны там бываюць, кацянятаў.

У гаспадарцы Аляксандра Лукашэнкі ёсць 10 кароў, козы, коні, 4 сабакі, індыкі, качкі, індакачкі ды страусы. «Я люблю звяроў, бо я вырас сярод звяроў», – сказаў кіраўнік Беларусі. Ён распавёў, што займаўся паляваннем з 9 гадоў, але за ўсё жыццё забіў толькі аднаго зайца.

Адпачынак для любога занятага чалавека, паводле Лукашэнкі, – гэта змена відаў дзейнасці: «Калі б кожны дзень адно і тое, то зварʼяцеў бы».


Журналісты, якія завіталі на прэс-канферэнцыю ў Палацы Незалежнасці, – удзельнікі традыцыйнага прэс-туру ў Беларусь, які праводзіўся для прадстаўнікоў расейскіх медыяў ужо ў трынаццаты раз.

Напярэдадні прэс-канферэнцыі журналістаў правезлі па прадпрыемствах Магілёўскай вобласці. 15 лістапада яны наведалі Шклоўскі раён, ацанілі работу адкрытага акцыянернага таварыства «Александрыйскае», пабывалі ў мясцовай сярэдняй школе, дзе знаходзіцца музей-клас, у якім вучыўся Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, журналісты наведалі фермерскую гаспадарку «Дыяна», якая з 1996 года ўключана ў Дзяржаўны рэестр вытворцаў, нарыхтоўшчыкаў насення збожжавых, зернебабовых, алейных культур і бульбы, паведамляе сайт Саюзнай дзяржавы.

У цяперашняй прэс-канферэнцыі бяруць удзел каля 100 прадстаўнікоў медыяў і блогасферы з 46 рэгіёнаў Расеі.

Летась прэс-тур для журналістаў расейскіх рэгіянальных медыяў не адбыўся. Папярэдняя сустрэча Лукашэнкі з расейскімі журналістамі прайшла ў кастрычніку 2014 года і доўжылася 5,5 гадзін.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў