«Гэтак Лукашэнку не хвалілі за 30 гадоў кіравання». Вынікі УНС сведчаць пра культ асобы?


Усебеларускі народны сход, які прайшоў у Менску 24-25 красавіка, прэзентаваўся як новы подых органа «вышэйшага народаўладдзя». Прадстаўнікі праўладных структур распавядалі, як простаму беларусу трапіць у УНС, Аляксандр Лукашэнка казаў, як ад дэлегатаў будзе залежаць будучыня краіны. На справе атрымалася, што больш за ўсіх казаў Лукашэнка, усхвалялі Лукашэнку і за безальтэрнатыўнага кандыдата на пасаду кіраўніка УНС у асобе Лукашэнкі таксама прагаласавала 99,91% дэлегатаў. Гэта ўжо культ асобы? Разбіраемся з палітычным аглядальнікам радыё «Свабода» Валерыем Карбалевічам.

Слухачы VII Усебеларускага народнага сходу галасуюць за Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі. Менск, Беларусь. 25 красавіка 2024 года.
Фота: sb.by

Па сутнасці УНС прайшло як свята ў гонар Лукашэнкі, куды склікалі 1200 чалавек. Можа, хутка яму і помнікі пачнуць ставіць? Валерый Карбалевіч мяркуе, што адказаць на гэтае пытанне адназначна пакуль нельга.

«Прадказаць будучае немагчыма. Фармат УНС прадугледжваў выбары старшыні. І ў такім фармаце прынята хваліць чалавека, кандыдатуру якога вылучаюць на гэтую пасаду. Паколькі вылучалі Лукашэнку, то і былі хвалебныя выступы ў ягоны адрас, якіх не гучала публічна ў ягонай прысутнасці за ўсе 30 гадоў ягонага кіравання. На гэтай падставе можна рабіць розныя высновы, што нейкая новая піяр-плынь з’яўляецца ў дзяржаўных медыя, у дзяржаўных установах.

Ці пачынаецца тут фармаванне культу асобы, складана сказаць. У любым выпадку гэта працэс і ці будзе гэта развівацца ніхто не ведае. Хачу толькі звярнуць увагу, што беларускі палітычны рэжым персаналісцкі. У рэжыму няма ніякай яснай ідэалогіі, няма ніякай партыі ўлады, вакол якой магла б кансалідавацца наменклатура. Уся прапагандысцкая кампанія зводзіцца да таго, што ёсць павадыр Аляксандр Лукашэнка і ён ведае, куды весці. Ніякага наратыву будучага ён не прапануе», – кажа Карбалевіч.

Агляд
Столькі хайпу, а прапагандыст заснуў. Крынж лукашэнкаўскага «Усебеларускага сходу»
2024.04.24 18:39

У такіх умовах непазбежна павінна ўзнікае, тое, што можна назваць культам, лічыць суразмоўца.

«Але ўзнікае пэўны кантраст паміж пахвальбамі на адрас Лукашэнкі і рэальным становішчам, у якім апынулася краіна і яе рэальны кіраўнік. Праблем, якія паўстаюць перад краінай, вельмі шмат. І большая частка з іх звязаная менавіта з асобай Аляксандра Лукашэнкі.

І ўсім відавочна, што сам Лукашэнка ўжо не малады. У яго ёсць праблемы са здароўем. На гэтым тле вельмі вялікі кантраст паміж рэальнасцю і спробамі стварыць ягоны вобраз выбітнага палітыка і дзяржаўнага дзеяча», – працягвае Валерый Карбалевіч.

Эксперт не выключае, што гэты кантраст будзе павялічвацца, улічваючы становішча Беларусі. А вырашыць праблемы з дапамогай стварэння культу асобы Лукашэнка наўрад ці зможа. Але, можа, такі культ патрэбны самому Лукашэнку як асобе, а не як палітыку?

«Гэты працэс залежыць ад ягонага ўяўлення, што яму дапаможа, а што не дапаможа. У яго дасюль хапала здаровага сэнсу, каб не ператвараць сябе ў новага Брэжнева ці новага Сталіна. Няма помнікаў, няма назваў вуліцаў імя Лукашэнкі і ўзнагарод таксама на грудзі ён сабе не вешаў. Пакуль гэты здаровы сэнс ён вытрымлівае, бо ён разумее, што гэта будзе мець негатыўны эфект, як гэта было са старым хворым Брэжневым. Прапаганда ляпіла з яго выбітнога міжнароднага палітыка, але ўсе бачылі, што гэта не адпавядае рэчаіснасці. Праз гэта страчвала і палітыка СССР, і ідэалогія», – падводзіць рысу Валерый Карбалевіч.

Каментар
Што чакае Беларусь пасля Усебеларускага народнага сходу?
2024.04.25 18:44

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў